Жыхары Іванава стаяць у чарзе з 6-й раніцы, каб запісацца ў дзіцячую паліклініку
У дзіцячую паліклініку няма анлайн-запісу, як у дарослую. Вось людзі і вымушаныя стаяць у чарзе з самай раніцы, паведамляе «Брэсцкая газета».

«Іванава, Беларусь. Час 6 раніцы. Людзі стаяць у рэгістратуру ў дзіцячую кансультацыю, каб запісацца да стаматолага, на медкамісію ў садок і школу. Стаяць з 5 раніцы. Ну вось, краіна для жыцця, краіна для людзей», — кажа беларуска на відэа.
Яна суправадзіла відэа такім тэкстам:
«Каб прайсці медкамісію ў дзіцячы сад, я прыехала ў кансультацыю а 6 раніцы. Не факт, што нас запішуць — перад мной ужо 7 чалавек. Што гэта за трэш асабліва перад школай, калі патрабуюць ва ўсіх [даведкі]? Дактары працуюць 2 разы на тыдзень па 2 гадзіны, што гэта за краіна для жыцця такая?».
Паводле відэа, людзі выстраіліся ў чаргу на вуліцы Савецкай, 73, проста каля ўваходу ў педыятрычнае аддзяленне Іванаўскай паліклінікі.
У каментарыях пад гэтым відэа, якое пазней было выдалена, іншая жыхарка Іванава патлумачыла, што ў паліклініцы для дзяцей няма анлайн-запісу:
«Тут няма анлайн-запісу. Я таксама прыехала за 30 км а 6 раніцы. Перад мной 5 чалавек. У выніку аказалася, што талонаў выдзяляюць толькі 5 на дзень, мне не хапіла. Давялося з дзецьмі ехаць назад. А калі трэба запісацца па тэлефоне, трэба тэлефанаваць у апошнюю суботу месяца. І даюць толькі адзін талон на адно дзіця, гэта раз у месяц. Нават па вострым болю вельмі неахвотна прымаюць».
У аўтаркі відэа спыталі ў каментарыях, чым ёй не падабаецца Беларусь. Вось яе адказ:
«Краіна мне вельмі падабаецца, але вось стаяць у чарзе за талонамі з 6 раніцы я лічу не вельмі нармальна, а першыя пачалі прыходзіць а 4 раніцы».
Яе падтрымала іншая жыхарка Іванава:
«Згодная. Трэба, каб была магчымасць узяць анлайн-талон, як у дарослую паліклініку».

У каментарах жыхарцы Іванава параілі праходзіць камісію ў пачатку лета.
За суткі відэа жыхаркі Іванава набрала 80 тысяч праглядаў, больш за 1000 лайкаў і 700 каментароў. Некаторыя раскрытыкавалі беларуску за тое, што яна пачала праходзіць медагляд з дзіцём у жніўні. Паводле іх слоў, гэта трэба рабіць раней, калі няма такіх чэргаў:
- «Заўсёды медкамісію з дачкой праходжу ў сярэдзіне лета. І праблем няма».
- «Мы ў Баранавічах усю камісію прайшлі за пару гадзін яшчэ да 16 чэрвеня! Усё па талонах».
- «Прайшла камісію з дзіцём у чэрвені без чэргаў і праблем. І на камісію талон не патрэбны».
- «Рабіце даведкі для садка і школы вясной. Вясной паліклінікі пустыя, а дактары яшчэ не ў адпачынку. Улетку з-за адпачынкаў дактароў аб’ядноўваюць участкі. Таму дактары не спраўляюцца і, натуральна, талонаў няма. Але ўсім трэба менавіта перад школай пачаць рабіць даведкі. Я даведку раблю за 2—3 дні максімум».
- «Уся краіна вырашыла праходзіць медагляд менавіта ў жніўні, бо іншых месяцаў для праходжання не было. А вінаватыя краіна і медыкі! Людзі, вы самі ствараеце гэты ажыятаж. Да нас ідуць праходзіць камісію ў школу 1 верасня з банцікамі і ў белых кашулях перад лінейкай».
- «Паліклінікі працуюць з пачатку года і да канца, а [яна] прэцца амаль у сярэдзіне жніўня ў самы пік».
- «Калі вы не ведаеце, што даведку можна прайсці загадзя, дык уся Беларусь у гэтым не вінаватая. Дактары не гумовыя».
Таксама беларусцы нагадалі, хоць і не ведаюць канкрэтна яе сітуацыі, што даведкі ў школе патрабуюць у месяц нараджэння дзіцяці:
- «Гадавы медагляд трэба праходзіць у месяц нараджэння дзіцяці, а не перціся ўсім улетку. А то самі сабе ствараеце праблемы».
- «Што перад школай патрабуюць ва ўсіх? Даведку ці што? Дык яе праходзяць у месяц нараджэння дзіцяці, а не ў жніўні ўсе падрад ідуць».
- «Не ведаю як у Іванаве, але ў Пінску медкамісія праходзіцца раз у год перад днём нараджэння. Выключэнні для тых, хто ідзе першы раз у дзіцячы сад ці ў першы клас. І нават калі медкамісія, то прымаюць па жывой чарзе. А вось на лячэнне зубоў трэба запісвацца».
Некаторыя беларусы падтрымалі жыхарку Іванава. Яны пералічылі гарады, у якіх такія ж праблемы з запісам да дактароў:
- «6 раніцы — гэта вельмі позна! У Лідзе, каб трапіць да стаматолага, першы чалавек прыязджае ў 4 раніцы. У 5 раніцы я быў дзявяты».
- «Я ў Брэсце не магу трапіць да тэрапеўта. Уяўляю, што ў Іванаве адбываецца, бязмежжа нейкае».
- «У Гродне з 4 раніцы трэба займаць чаргу ў дзіцячую паліклініку».
- «І ў Мінску так, і ў Маладзечне. Так паўсюль, а чаго здзіўляцца».
- «Такая карціна і ў Пінску. Трапіць да стаматолага і дзецям, і дарослым нерэальна. Запісу няма і людзей няма. Калідоры пустыя, ніводнага дзіцяці няма, але запісацца немагчыма».
Каментары