У некаторых школах Навабеліцкага раёна Гомеля, каб сэканоміць на працы рабочых, плітку замест асфальту клалі настаўнікі. Пра гэта піша «Флагшток» са спасылкай на суразмоўцу са сферы адукацыі.

Як стала вядома журналістам, кіраўнік раённай адміністрацыі Сяргей Янковіч загадаў кіраўніцтву некаторых школ самастойна пакласці плітку на сваёй тэрыторыі — без дапамогі прафесійных рабочых.
У якасці матэрыялу школам выдалі старую плітку, якую знялі ў цэнтры горада. Некаторых настаўнікаў, піша «Флагшток», для таго нават выклікалі з адпачынку — яны чысцілі плітку ад цэменту і вазілі яе да месца кладкі. Займаліся гэтым у тым ліку завучы.
Таксама да працы прыцягнулі старшакурснікаў на канікулах і выпускнікоў. Асфальт з месца кладкі здымалі за свае грошы.
У адной школе настаўнікі не змаглі добра пакласці плітку — мясцовая ідэолаг, Аксана Рудзянок, загадала яе перакласці наноў.
«Флагшток» адзначае, што сродкаў на аплату прафесійных рабочых у школах няма — гэта каштуе ад 25 да 60 рублёў за кладку аднаго кв. метра. З бюджэту браць грошы адміністрацыя ім забараніла.
«Калі настаўнікі ў адпачынках і завучы цягаюць плітку — гэта нейкі сюр. Што ж, самі падпісаліся на рабства, а пачалося ўсё пры фальсіфікацыі выбараў», — сказаў суразмоўца «Флагштока».
Каментары