Мінчук чатыры гады трымаў у рабстве пенсіянераў і прымушаў іх прасіць міласціну. Яны ўжо памерлі
У 2020 годзе беларус забраў у пенсіянераў пашпарты і загадаў прасіць грошы ў мінакоў каля крам і цэркваў. Усе здабыткі ён забіраў сабе, а пацярпелых запужваў смерцю. Мужчыны памерлі ад захворванняў.

Цяпер мужчына арыштаваны — яго абвінавачваюць у эксплуатацыі людзей (пункт 2 часткі 2 арт. 181-1 КК). Па гэтым артыкуле яму пагражае ад 3 да 10 гадоў калоніі.
Згодна са следствам, з верасня 2020 па жнівень 2024 года 31-гадовы абвінавачаны знаходзіў бяздомных і прапаноўваў ім працу на будоўлі і жыллё ў Мінску. Калі тыя пагаджаліся, забіраў у іх пашпарты і прымушаў жабраваць каля цэркваў і крам.
Пацярпелымі ў справе выступілі мужчыны 63 і 69 гадоў — жыхары Мінскай і Магілёўскай абласцей. Замест будаўнічых інструментаў «начальнік» выдаў ім плакаты з надпісамі аб дапамозе і інвалідныя вазкі. Мужчына растлумачыў, дзе ім трэба стаяць і як больш эфектыўна выклікаць жаль у мінакоў.
Увесь даход пацярпелыя павінны былі аддаваць «гаспадару». У выніку ён зарабіў каля 60 тысяч рублёў.
«Мужчына выкарыстаў пагрозы, псіхалагічны ціск і фізічную сілу, каб прымусіць падпарадкоўвацца і выходзіць «на кропку» — да крам і цэркваў. Ад раніцы ён адвозіў іх на «працу» і забіраў позна ўвечары. Штодзённы заробак тых, хто просіць міласціну, складаў парадку 100 рублёў», — піша прэс-служба пракуратуры.
Паведамляецца, што ўвесь час абвінавачаны збіваў пенсіянераў і забараняў ім есці, піць, курыць і хадзіць у туалет без дазволу. Ён таксама ўсталяваў сістэму «адпрацоўкі» — калі мужчыны не збіралі дастаткова грошай, ён іх абліваў ледзяной вадой і выстаўляў на балкон у халоднае надвор'е.
Калі «начальнік» пабачыў, што пенсіянер курыць падчас жабравання, ён адвёз яго да ракі і прымусіў сядзець у вадаёме. Калі пацярпелыя адмаўляліся выконваць заданні, ён пагражаў кінуць мужчын у тую ж самую ваду.
Пенсіянеры баяліся звяртацца да міліцыі. Да суду над катам яны не дажылі — памерлі ад захворванняў.
Абвінавачаны віну не прызнаў. Выявілася, што нядаўна ён быў асуджаны за аварыю, якая прывяла да смерці чалавека.
Каментары