Беларуска арганізавала адпачынак для дзяцей палітвязняў на Лазурным беразе. Яна расказала, як уцякала з краіны і як яе затрымліваў Інтэрпал
Кацярына Баўрэ (гэта працоўны псеўданім) — юрыстка па міграцыйных пытаннях у Францыі. Туды яна пераехала з Беларусі разам з сям’ёй яшчэ летам 2016 года. На радзіме ў іх з мужам была свая лесапілка ў Чэрвеньскім раёне, якую давялося закрыць праз ціск сілавых органаў. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Кацярына расказала, як яе затрымліваў Інтэрпал і як недалёка ад Ніцы яна арганізавала адпачынак для дзяцей палітзняволеных.

Планавалі аднавіць вытворчасць у родным мястэчку пад Лепелем
У Беларусі сям’я пачынала бізнэс у 2011-м з куплі-продажу: шукалі добрае дрэва і пастаўлялі тым, хто займаўся вытворчасцю. Пазней заняліся вытворчасцю самі, рабілі дошкі пад замову. Планавалі аднавіць вялізную, нікому не патрэбную вытворчасць у родным для мужа мястэчку пад Лепелем.
«Мы думалі, як было б класна даць людзям працу, каб яны маглі добра зарабляць і жыць», — дзеліцца Кацярына.
Ідэя была ў тым, каб наладзіць выпуск зрубаў, лазняў, пастаўляць піламатэрыялы, у тым ліку за мяжу — быў вялікі запыт з Латвіі, Літвы і Польшчы. Але да рэалізацыі гэтага вялікага плана справа так і не дайшла.

Расказваючы пра складанасці ў бізнэсе, Кацярына згадвае, апроч разнастайных судоў, гісторыю са Свята-Елісавецінскім манастыром, які заказаў некалькі машын бярвення, аплаціў першыя партыі, а затым адмовіўся прымаць наступную, сцвярджаючы, што нічога не атрымліваў.
«Праблемы ўзнікалі на кожным кроку. Напрыклад, мы замовілі ў лясгаса бярвёны адной якасці, аплацілі машыну для перавозкі. А па факце прывозяць нейкія галінкі, дровы. І трэба было імгненна прымаць рашэнне, куды перанакіраваць гэты непрыдатны тавар, каб не панесці каласальных страт. Яшчэ горш было, калі не дагружалі аб'ём, тады палова машыны ехала пустой, што азначала велізарныя фінансавыя страты», — расказвае яна.

«А ў вас нават прыбытковасць закладзена? Гэта значыць вы нажываецеся на іншых?»
Калі павялічыліся абароты, Кацярыну сталі выклікаць у аддзел па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Асабліва гэта ўзмацнілася пасля першай экспартнай здзелкі. Па словах Кацярыны, да пэўнага моманту ўсё праходзіла ў рамках звычайнай гаспадарчай руціны, але ў 2014 годзе сітуацыя рэзка змянілася. «Такое адчуванне, як быццам нехта даў каманду: тапіць», — кажа яна. Допыты сталі агрэсіўнымі. На адным з іх, як згадвае Кацярына, следчы некалькі разоў перапісваў пратакол, бо яна адмаўлялася падпісваць скажоныя словы.
«У адзін з чарговых допытаў следчы пытае: «А якая ў вас там прыбытковасць закладзена?» Я кажу: 5%. Ён: «А ў вас нават прыбытковасць закладзена? Гэта значыць, вы нажываецеся на іншых?», — пераказвае яна дыялог.
У пачатку 2015 года муж і жонка вырашылі закрыць фірму і падалі на ліквідацыю — праз ціск сілавікоў. «Але высветлілася праз пару дзён, што падатковая прызначыла свайго ліквідатара ў справе аб банкруцтве на дзве гадзіны раней за нашага», — расказвае Кацярына.
На Кацярыну таксама завялі крымінальную справу па частцы 4 артыкула 209 — махлярства ў групе асоб па папярэдняй змове ў асабліва буйным памеры.
У дакуменце ад Генпракуратуры было напісана, што прадпрыемства, не маючы прыбытковай дзейнасці, набрала на сябе абавязкаў, якія не збіралася выконваць. Сярод пацярпелых фірмаў і арганізацый прыводзіўся і той самы Свята-Елісавецінскі манастыр.

«Мы настолькі ехалі ў невядомасць, што я з сабой забрала нават імбрык і некалькі лыжак»
Чаму сям'я абрала з'ехаць у Францыю? Кацярына некалі вучыла французскую і падумала, што чым далей, тым складаней будзе іх дастаць. Яны з мужам абралі Ніцу, бо менавіта туды быў самы даступны рэйс, на які можна было ўзяць сабаку.
«Мы настолькі ехалі ў невядомасць, што я з сабой забрала нават чайнік, некалькі лыжак, відэльцаў. З грошай у нас была мінімальная сума, у Беларусі нашага заробку хапала толькі на падтрыманне жыцця, ніякіх адкладзеных сум у нас не было», — кажа яна.
Прыляцеўшы ў Францыю па турыстычных візах, сям'я на некалькі начэй засялілася жыць у гатэль.
«Гэта каштавала для нас нейкіх шалёных грошай — 85 еўра. Тады мне здавалася, што нас рабуюць», — успамінае яна.
Сям'я звязалася з мясцовымі ўладамі, патлумачыла сітуацыю. Тыя далі ім часовае жытло ў другім гатэлі, з якім улады мелі дамову.
«Гэта быў жах. Па начах прусакі бегалі па ложках. Пліта з дзвюма канфоркамі: адна не працуе, іншая ваду грэе сорак хвілін. Гатавала ежу ў ваннай, бо не было дзе на кухні. Толькі яна і радавала — прасторная, чыстая. Па пэўных прычынах праз нейкі час гаспадары гатэля загадалі прыбраць нашага сабаку. Я не магла выкінуць жывёліну на вуліцу, таму знайшла мясцовых, якія маглі яго ўзяць на нейкі час пажыць», — успамінае яна.

Муж Кацярыны вырашыў вярнуцца ў Беларусь, ён спадзяваўся, што зможа вырашыць іх праблемы там.
«На той момант у адносінах да нас не была прапісана мера стрымання. Была справа ў працэсе актыўнага разбору, у якой ён — асноўны фігурант, а я другасны. Таму і асцярогі на той момант былі на ўзроўні лагічных здагадак, без актыўных дзеянняў з боку следчага. Вось муж і палічыў, што яшчэ ўсё можна вырашыць. Ён прыляцеў назад 16 ліпеня 2016. І ўжо праз тры дні прыйшлі па мяне і яго па месцы прапісак», — расказвае яна.
Па вяртанні ў Францыю мужу Кацярыны забаранілі прыходзіць у гатэль, дзе жыла сям'я. Аказалася, што гэты гатэль быў таксама прытулкам для ахвяр хатняга гвалту, куды не пускалі нікога старонняга. З мужам сустракаліся на вуліцы. Ён начаваў дзе давядзецца, часам знаходзіў ложка-месца ў хостэле. Дапамога прыходзіла ад незнаёмых людзей: нехта пераводзіў па 20-50 еўра, адна жанчына запрасіла іх да сябе, дала 200 еўра і прапанавала мужу фізічную працу на будоўлі.
У жніўні 2016-га прэфектура Ніцы выдала сям’і асобную кватэру. Тады ж Кацярына знайшла першую працу — уладкавалася на няпоўны працоўны дзень памочніцай па гаспадарцы ў сям’ю, якая прыехала адпачываць на вілу побач з Ніцай. За месяц заплацілі 750 еўра. Паралельна беларуска вучыла французскую мову.
«З дакументаў на маю экстрадыцыю вельмі смяяўся італьянскі пракурор»
Першы раз ва ўцякацтве сям'і адмовілі з фармулёўкай «бракуе пацвярджэння таго, што вам сапраўды нешта пагражае ў выпадку вяртання на радзіму». Яны падалі абскарджанне.
А пасля здарылася нечаканае. Кацярына паступіла вучыцца на праграму паглыбленага навучання па міжнародным гуманітарным праве, частка якой праходзіла ў італьянскім горадзе Сан-Рэма. У ліпені 2018 года яна паехала туды на чарговую навучальную сесію. У гатэлі пры засяленні па звычцы дала свой стары беларускі пашпарт. На наступны дзень яе падчас заняткаў затрымаў Інтэрпал.
Як ні парадаксальна, гэты арышт стаў іх выратаваннем. «Я разумела, што гэта найлепшае рашэнне ўвогуле ўсіх маіх праблем, якія ўзніклі. Таму што гэта пацвярджэнне пагрозы», — тлумачыць Кацярына.
Лічбы ў запыце на экстрадыцыю не сыходзіліся. У запыце ў Інтэрпал беларускі бок заявіў шкоду памерам $90 тысяч. У пастанове на вышук фігуравала сума, эквівалентная $27 тысячам, а ў выніковым дакуменце аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага, датаваным шасцю днямі пазней за дату затрымання Кацярыны, сума знізілася да 7-9 тысяч еўра.
«З гэтых дакументаў вельмі смяяўся італьянскі пракурор», — кажа Кацярына. У выніку пракурор палічыў крымінальную справу сфабрыкаванай і выступіў супраць экстрадыцыі.
23 дні ў італьянскай турме, паводле іранічнага прызнання беларускі, сталі «найлепшым рэтрытам». Яна схуднела на 10 кілаграмаў і змагла нарэшце выдыхнуць. Арышт па запыце Інтэрпала стаў пацвярджэннем пагрозы, якога не хапала для атрымання ўцякацтва. Неўзабаве іх сям'я атрымала прытулак у Францыі, а Кацярына з часам — поўную вышэйшую адукацыю: кваліфікацыю па праве прытулку, міжнародным гуманітарным праве і дыпламатыі, а таксама магістарскі ўзровень па французскім публічным праве і ўнутранай бяспецы.
З 2020 года яна ўдзельнічае ў праекце Народныя Амбасады, дзе дагэтуль валанцёрыць юрыстам. Муж Кацярыны мае сваю фірму ў Ніцы, якая ўсталёўвае кандыцыянеры.

«У нас адпачылі 42 беларусы»
У Ніцы Кацярына заснавала мясцовую Асацыяцыю беларусаў.
Летам 2025 года жанчына з дапамогай іншых беларусаў арганізавала адпачынак для дзяцей палітзняволеных і сем’яў уцекачоў — двухтыднёвы рэтрыт у кемпінгу недалёка ад Ніцы. Кемпінг прыняў 42 беларусаў. Асноўным галаўным болем у гэтай справе была лагістыка, бо збіраліся людзі з розных куткоў свету, а таксама з Беларусі. «Думала, на гэтым мая нервовая сістэма скончыцца», — смяецца Кацярына.
Спонсараў было няшмат — асноўную частку выдаткаў Кацярына пакрыла з мужам сама. Патрэбная сума склала 17 тысяч еўра. Только каля 20% ад яе — данаты.

«Нам шмат дапамагалі, калі мы толькі прыехалі, і мы стараемся дапамагаць іншым, — тлумачыць Кацярына, чаму рашыла арганізаваць такі рэтрыт. — Праца юрыста — абарона кліентаў, але калі можаш дапамагчы, трэба дапамагаць. Гэта быў класны досвед. Дзеці змаглі пераключыцца, адпачыць, а мамы з дзецьмі выйшлі са стану выжывання — гэта ім было вельмі патрэбна».

«На канцэртах няма месца радыкальнаму нацыяналізму, агрэсіі і гвалту». Макс Корж выказаўся наконт скандалу, які разгарэўся пасля яго выступу ў Варшаве

Каментары
Лепш паглядзіце еолькі каштуе адпачынак у беларускіх санаторыях
Як кажуць, гэта вас здзівіць)))