Свет3030

«Паражэнне польскай дыпламатыі». Адсутнасць палякаў у Вашынгтоне прывяла да палітычнага скандалу ў Варшаве

У нядзелю, перад сустрэчай Уладзіміра Зяленскага і еўрапейскіх лідараў з Дональдам Трампам, крыніцы ў адміністрацыі прэзідэнта Польшчы неафіцыйна перадавалі, што прэзідэнт Караль Наўроцкі таксама паляціць у ЗША. Але ў дзень саміту ён усё ж застаўся дома. Польскія палітычныя аглядальнікі лічаць, што Наўроцкага проста не запрасілі амерыканцы, але яго асяроддзе і ўрад пачалі абвінавачваць адно аднаго, піша ВВС.

Падчас перадвыбарнай кампаніі Караля Наўроцкага Трамп запрасіў яго ў Белы дом. Фота: Белы дом

У Польшчы ўжо некалькі дзён бушуе палітычны скандал вакол пытання: як так здарылася, што такая ўплывовая ў Еўропе краіна не ўдзельнічала ў важнай для бяспекі рэгіёна падзеі. Палітычны падзел паміж непрымірымымі апанентамі — урадам і прэзідэнцкім атачэннем — праявіўся і тут, выліўшыся ў мора ўзаемных абвінавачванняў.

Караль Наўроцкі — нядаўна абраны прэзідэнт Польшчы ад правакансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць», якая шмат гадоў змагаецца за ўладу з ліберальнай «Грамадзянскай платформай».

Лідар апошняй, Дональд Туск, узначальвае ўрад Польшчы і праводзіць праеўрапейскую палітыку, у той час як Наўроцкі робіць стаўку на нацыяналізм і кансерватыўны курс.

З моманту абрання Наўроцкага існавалі асцярогі, што ён паспрабуе разваліць урад. Гэта пакуль не здарылася, але іх канфлікт ужо паўплываў на знешнюю палітыку Польшчы. Наўроцкі нават выступіў супраць уступлення Украіны ў НАТА.

Саміт Трампа, Зяленскага і еўрапейскіх лідараў у Вашынгтоне быў ініцыяваны на нядзельнай анлайн-канферэнцыі «Кааліцыі рашучых» — групы лідараў 33 краін, у тым ліку Польшчы, якія падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе з расійскай агрэсіяй. Тады вырашылі, што сустрэча ў Белым доме пройдзе ў тым жа фармаце, што і суботняя відэагутарка Трампа з еўрапейцамі.

Польшчу на ёй прадстаўляў прэзідэнт Наўроцкі, таму было б лагічна, каб у Вашынгтон паехаў таксама ён. Акрамя таго, удзел Наўроцкага, а не прэм’ера Туска, разглядаўся яшчэ і таму, што Наўроцкі, у адрозненне ад Туска, мае добрыя адносіны з Трампам.

Сувязямі ў Вашынгтоне, як піша Gazeta Wyborcza, палітыкі з «Права і справядлівасці», звязанай з Наўроцкім, хваліліся шмат гадоў. Паводле выдання, некалькі ўплывовых асоб з атачэння Трампа дапамаглі Наўроцкаму падчас яго прэзідэнцкай кампаніі патрапіць у Авальны кабінет і заручыцца падтрымкай прэзідэнта ЗША.

Але нягледзячы на гэтыя сувязі, у найважнейшай сустрэчы, якая датычыцца міру ва Украіне, Наўроцкі ўдзелу не прыняў.

Двухбаковая сустрэча важней за саміт 18 жніўня?

Прэс-сакратар прэзідэнта Наўроцкага ў панядзелак паведаміў агенцтву PAP, што прэзідэнт «надае прыярытэт падрыхтоўцы візіту ў ЗША 3 верасня».

Гэта заява выклікала хвалю крытыкі з боку паліткаментатараў.

«Вы сур’ёзна? Вы адмовіліся ад гістарычнай сустрэчы, на якой можа быць выпрацавана база (а можа, і цэлае пагадненне) па спыненні агню ва Украіне, што паўплывае і на бяспеку Польшчы, дзеля некалькіх фота з Трампам? Двухбаковыя сустрэчы ў Белым доме — гэта пераважна піяр. А канферэнцыі лідараў ЗША і Еўропы — гэта жорсткая палітыка, ад якой Наўроцкі адмовіўся», — напісаў рэдактар Gazeta Wyborcza Барташ Вялінскі.

Пазней і сам прэзідэнт «супакоіў» палякаў, нагадаўшы, што ў суботу ўдзельнічаў у размове з Трампам пасля яго сустрэчы з Пуціным на Алясцы, а на яго сустрэчы з Трампам 3 верасня пытанне міру ва Украіне будзе «адным з вельмі важных пунктаў».

Каментуючы сваю адсутнасць на саміце ў Белым доме, Наўроцкі сказаў, што ў кааліцыі Польшчу прадстаўляе ўрад, а еўрапейскіх лідараў у Вашынгтон запрашаў Уладзімір Зяленскі.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў адказ заявіў, што ў Белы дом запрашае прэзідэнт ЗША.

«Хачу паведаміць, што на сустрэчы ў Белым доме запрашае прэзідэнт Злучаных Штатаў, з якім прадстаўнікі руху MAGA і асабіста прэзідэнт Караль Наўроцкі маюць прывілеяваныя адносіны. Прашу скарыстацца імі на карысць Польшчы і Еўропы», — напісаў Сікорскі ў панядзелак у X.

Аднак у адміністрацыі прэзідэнта сцвярджаюць, што ўдзел польскай дэлегацыі абмяркоўваўся ў суботу і нядзелю падчас відэаканферэнцый «Кааліцыі рашучых», дзе Польшчу прадстаўлялі Туск і Сікорскі.

Сікорскі адказаў, што канцылярыя прэзідэнта атрымала падрабязны даклад пра гэтыя канферэнцыі і ведае, што ніякай «рэгістрацыі на сустрэчу» там не было.

Прэс-сакратар урада Адам Шлапка заявіў, што на сустрэчах з прэзідэнтам ЗША Польшчу ў прынцыпе павінен прадстаўляць таксама прэзідэнт.

«Сённяшняя сустрэча ў Вашынгтоне праходзіць у тым жа фармаце, што і папярэднія анлайн-сустрэчы еўрапейскіх лідараў, у якіх удзельнічаў прэзідэнт Трамп. Там Польшчу прадстаўляў прэзідэнт Караль Наўроцкі», — напісаў Шлапка ў панядзелак у X.

Гэты «дыпламатычны пінг-понг» падсумаваў журналіст Міхал Альшэўскі, напісаўшы, што 18 жніўня стала «днём вялікага паражэння польскай дыпламатыі», і што на самой справе не мае значэння, чаму менавіта Наўроцкага не было на сустрэчы ў Вашынгтоне.

«Горш за ўсё тое, што гэта — не паражэнне Наўроцкага або польскіх правых. Гэта правал абароны нацыянальных інтарэсаў Польшчы. Мы хацелі быць часткай групы ключавых гульцоў, але высветлілася, што за былыя заслугі ў Белы дом за стол не садзяць», — напісаў Альшэўскі ў Facebook.

Польшча — адна з ключавых саюзніц Украіны. Акрамя прамой ваеннай дапамогі, Польшча забяспечвае лагістыку паставак большасці зброі і тэхнікі ва Украіну.

Каментары30

  • Неошляхтич
    20.08.2025
    Просто там не обсуждали Волынскую резню, так что полякам там делать было нечего.
  • Адказ
    20.08.2025
    Там былі тыя хто хоча свае войскі на Украіну накіраваць пасля заканчэння вайны. Польшча гэтага не будзе рабіць - бо мы самі маем межы з Расеяй і Беларуссю. Таму і не трэба нам туды ехаць
  • Хыхы
    20.08.2025
    Адказ, да-да-да, отчего ж Финляндия с 1200км общей границы (в два раза больше чем у Польши с РБ и росией) поехала?

Цяпер чытаюць

Стылістка пракаментавала школьную форму «Беллегпрама» — а вам як? ШМАТ ФОТА6

Стылістка пракаментавала школьную форму «Беллегпрама» — а вам як? ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

«Магчыма, я з забабонамі». Туск супраць правядзення перамоў Зяленскага і Пуціна ў Венгрыі4

Пасля зацішша ў Гомельскай вобласці зноў пачулі дроны: што вядома1

Ці можна вярнуць разбуранае 100 год таму? Дубавец — пра «Дом» Горвата9

Мінчук чатыры гады трымаў у рабстве пенсіянераў і прымушаў іх прасіць міласціну. Яны ўжо памерлі12

Зноў арыштавалі злодзея ў законе Паштэта. Пра яго затрыманне паведамлялі і вясной, але тады адпусцілі5

Памёр Віктар Вабішчэвіч1

«Каркас улады агаліўся, і добра відаць, што складаецца яна пераважна з гаўна і палак»9

Былога афганца з Віцебска асудзілі да калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Беларуская спявачка Рыта Дакота атрымала расійскае грамадзянства пасля ўварвання Расіі ва Украіну7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стылістка пракаментавала школьную форму «Беллегпрама» — а вам як? ШМАТ ФОТА6

Стылістка пракаментавала школьную форму «Беллегпрама» — а вам як? ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць