«Я пра мужоў-беларусаў чую толькі: «Ніколі зноў!» Чаму бчб-нявеста Іна Зайцава на год знікла з сацсетак і што з ёй цяпер?
Іну Зайцаву ў 2020-м многія запомнілі па вясельнай сукенцы, у якой яна выходзіла на пратэсты. Апошнія гады жанчына жыве ў Швейцарыі. Іна расказала «Нашай Ніве», у якой нечаканай сферы знайшла пакліканне, а таксама пра складанасці выхавання сыноў у эміграцыі. А яшчэ падзялілася назіраннямі, чаму швейцарцаў лічаць найлепшымі мужамі.

«Наша Ніва»: Вы на год зніклі з сацсетак. Чаму так адбылося?
Іна Зайцава: Рэч у тым, што ў сацсетках мы дэманструем свету нейкую персону. І ў нейкі момант я зразумела, што не магу сабе адказаць на пытанне: «А што я магу дэманстраваць і навошта?».
Першапачаткова мой блог быў прафесійным. Я прысвяціла яго таму, як нешта самастойна рабіць з дрэва — тады ўсё было даволі зразумела.
Я імкнулася стварыць кам’юніці, дзе людзі, якія дома нешта пілуюць, маглі б абмяркоўваць, як лепей гэта рабіць. Абменьвацца вопытам і лайфхакамі, даваць зваротную сувязь.
Потым адбыўся 2020 год. Было зразумела, што неабходна расказваць пра пратэст і мой удзел у ім. Карацей, асвятляць парадак дня.
Ва Украіне ў мяне таксама быў праект — мой дом. Я рабіла там рамонт, стварала мэблю. А вось у Швейцарыі я не магла знайсці прымянення свайму таленту рабіць нешта рукамі. А расказваць, якія глыбокія думкі ў маёй галаве, ці распавядаць пра нейкія сямейныя пытанні не вельмі хацелася.
Ведаеце, інстаграм з’ядае шмат часу. А калі мне не было чаго сказаць, дык навошта пакутаваць? Я і сама ўсё прыбрала — хацелася ачысціцца ад чужых гісторый. Бо праз іх мы зліваем увагу проста ў сметніцу. Таму і прыняла стратэгічнае рашэнне не заходзіць у сацсеткі, пакуль мне не будзе чаго сказаць.
Год я накіроўвала ўвагу на тое, што мне было патрэбна. Я вывучала мову, дапамагала дзецям з адаптацыяй, мяняла працу…
А вось цяпер я думаю, што магу паказваць свой шлях да спакою і шчасця. Гэтым я магу дзяліцца шчыра.
Выходжу вельмі з простым кантэнтам, паказваю, што бачу, прыгажосць краіны, у якой я цяпер жыву. І атрымліваю толькі пазітыўную зваротную сувязь, бо ябацькі ды прыхільнікі вайны даўно ад мяне адпісаліся.

«НН»: Што за гэты час у вас змянілася ў жыцці?
ІЗ: Я пражывала кожны дзень у максімальным дотыку з ім, а не ў сацсетках. А дзе ваша ўвага, там і поспех.
Я знайшла добрую працу, знаходжуся там ужо на даволі ўпэўненай пазіцыі. Адпаведна, адчувальна вырас узровень жыцця, і я змагла дазволіць сабе зняць добрую кватэру.
Здала іспыт па нямецкай на ўзровень В2. Вядома, працягваю вучыць мову, але для паўсядзённай камунікацыі мне ўжо хапае ведаў.
Ну і яшчэ я навучылася больш не скакаць паміж пунктамі «хачу памерці» і «якая я шчаслівая» — нарэшце жыву стабільна пасярэдзіне.
«НН»: А ў якой сферы вы цяпер працуеце?
ІЗ: У лагістыцы. «Лагістыкерын» — так гучыць мая пасада на нямецкай (лагіст — НН). Працую ў вялікай інтэрнэт-краме. Атрымала пастаянны кантракт з далейшым навучаннем, то-бок буду ісці ў гэтую прафесію сур'ёзна.
Дарэчы, упершыню я працую не з людзьмі. І вы ведаеце — я абсалютна шчаслівая. Я лічу, гэта вялікі сакрэт майго маральнага стану. Я раптам даведалася, што можна прыйсці на працу ў добрым настроі і пайсці з яе ў такім самым.

Мне вельмі падабаецца — і гэта было сапраўды нечакана. Гэтая прафесія ніколі не была ў полі маёй увагі.
Бо падавалася, ну што там гэтыя тавары, рэчы — прадаваць, пакаваць, адпраўляць. Гучыць быццам проста і неяк сумна. Нават прадаўшчыца ў краме неяк больш цікава гучыць — бо хаця б з людзьмі размаўляць трэба (у Швейцарыі Іна спачатку прыбірала пакоі, а пасля ўладкавалася прадаўцом на запраўку — НН).
Але для камунікацыі з людзьмі трэба быць вельмі ўстойлівым, вельмі здаровым чалавекам. Не ведаю нікога, хто інтуітыўна ўмеў бы не выгараць у такіх прафесіях, хто не прыйшоў бы да гэтага навыку праз нейкія каласальныя высілкі і працу.
«НН»: Ці не пашкадавалі, што для другой эміграцыі абралі менавіта Швейцарыю?
ІЗ: Ні на секунду. Лічу, што Сусвет выканаў усе мае жаданні. Я вельмі хацела жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне — і я ў ёй жыву.

«НН»: Што падобна ў менталітэце і што адрозніваецца ад беларускага?
ІЗ: Швейцарцы таксама хвалююцца за чысціню і парадак на вуліцы. Можа, за кошт таго, што краіна адносна невялікая, у швейцарцаў няма думак, што ўсё за межамі іх кватэры — чужое. Таму высокі ўзровень грамадскай адказнасці.
Па тэмпераменце мы даволі падобныя. Суседзі лічаць швейцарцаў трохі сумнымі, нуднымі і замкнёнымі. Калі параўноўваць характары, то Італія і Швейцарыя — гэта прыблізна як Украіна і Беларусь.
У камунікацыі са швейцарцамі для мяне ўсё даволі проста. Мне не даводзілася ніколі думаць, што для швейцарца трэба сказаць неяк па-іншаму, у іншым тоне.
Калі казаць пра адрозненні, то велізарная розніца паміж мужчынамі. Мяркую, што ў Беларусі маглі б быць такія мужчыны, калі б не было Другой сусветнай вайны на нашай тэрыторыі.
Бо праз тую вайну пакаленне матуль пачало трэсціся над сваімі сыночкамі, а тыя не бачылі асабліва мужчынскіх прыкладаў паводзін, бо мужчын засталося няшмат. І мы не прыйшлі б да таго, што беларускія мужчыны амаль не ўдзельнічаюць у жыцці сям’і.

У Швейцарыі, вядома, сітуацыя склалася зусім па-іншаму. Тут жанчыны не гатовыя дараваць мужчыне ўсё, каб ён толькі ляжаў на канапе. Швейцаркі ніколі не будуць брацца шлюбам з пазіцыі «абы быў хоць які мужчына ў хаце».
У мяне ёсць сяброўкі-швейцаркі, і я назіраю за іх сем’ямі. Мужчыны абсалютна на роўных прымаюць удзел ва ўсіх бытавых справах, паколькі іх жонкі працуюць з імі таксама аднолькава.
Дарэчы, самі швейцаркі лічаць найлепшымі мужчынамі для сямейнага жыцця менавіта швейцарцаў. Яны вельмі грэбліва ставяцца да палкіх на словах італьянцаў ці французаў з іх амурнымі гісторыямі, прагматычных немцаў.
«НН»: Не ўпэўнена, што беларускі назвалі б найлепшымі мужамі беларусаў…
ІЗ: Шчыра, я ведаю толькі адну беларуску, якая б магла так сказаць — ёй сапраўды вельмі пашанцавала з мужам. Ад астатніх беларусак, якія выехалі за мяжу, я пра беларусаў чую толькі: «Ніколі зноў!».

«НН»: Што было самым складаным у новай краіне?
ІЗ: Адаптацыя старэйшага сына. Падлеткавы ўзрост — само па сабе цяжкае выпрабаванне для бацькоў. А калі гэта звязана з поўнай сацыяльнай зменай — гэта катастрофа. Як маці мне вельмі балюча бачыць, наколькі яму складана.
Яго адаптацыя ўсё яшчэ працягваецца. Я нават думаю, што ён можа вярнуцца ў Беларусь, калі дасягне пэўнага ўзросту. Швейцарыя яму і па тэмпераменце, і па характары не вельмі пасуе.
Я не ўпэўнена, што гэтая краіна для яго добрае месца для жыцця ў кантэксце будучыні. У любым выпадку досвед ён атрымаў класны, яго кругагляд відавочна пашырыўся, і, магчыма, ён гэта неяк потым у далейшым выкарыстае.

Але ў падлеткавым веку больш важна прызнанне, вялікая колькасць родных побач — чужая краіна наўрад ці можа гэта даць.
Я прыйшла да думкі, што не так шмат залежыць ад маці, як нам любяць распавядаць у псіхалогіі. Кажуць, быццам дзіця як гліна, з якой мы лепім што хочам. А калі ў яго праблемы, дык значыць, ты нешта не так зляпіла.
Гэта настолькі папулісцкая заява, што ажно смешна. Бо мы самі з вамі бачым, як у адной сям’і вырастаюць абсалютна розныя дзеці. І тое, што для аднаго спрыяла развіццю, другога забівала. Балансаваць ва ўсім гэтым бацькам, якія адчуваюць адказнасць, рэфлексуюць — сапраўдная пакута.

«НН»: Малодшаму сыну прасцей?
ІЗ: Ёсць вялікі міф, быццам маленькім дзецям падчас эміграцыі прасцей. Я лічу, што прасцей ім можа быць толькі за кошт таго, што ад іх не патрабуюць так шмат, яны не адчуваюць такога ціску.
Бо ад старэйшага сына ўжо праз месяц патрабавалі зашмат: «А чаму ён яшчэ не размаўляе? А чаму не робіць сёе і тое?».
Калі мы пераехалі, малодшаму было ўсяго чатыры гады. І наступныя два гады ад яго ніхто нічога не патрабаваў — проста хадзі ў дзіцячы садок ды слухай. Ён мог спакойна быць у асяроддзі. Вядома, мы імкнуліся стварыць мікраклімат для таго, каб з’явіліся сябры. Сыну вельмі важна, каб побач быў найлепшы сябар.
Характары маіх сыноў адрозніваюцца. Малодшы больш уседлівы, больш схільны да навучання. Ён вельмі пасуе для Швейцарыі. А калі ты падыходзіш для Швейцарыі, швейцарская сістэма робіць усё, каб раскрыць твой патэнцыял.
Таму ён зараз займаецца ў матэматычным класе, ходзіць у музычную школу. Настаўніца спявае яму тут дыфірамбы, што ён найлепшы вучань у класе: «Як гэта вы такога цудоўнага хлопчыка вырасцілі?»
Я сама ў шоку — ён чытае і піша лепш за астатніх дзяцей. І для мяне вялікім адкрыццём стала, калі я зразумела: калі ў поспеху малодшага сына няма ніякай маёй заслугі, дык, можа, і ў няўдачы старэйшага я не вінавата?
Разумееце, я нічога не зрабіла для таго, каб у малодшага ўсё складвалася настолькі крута. Мабыць, усё больш залежала ад яго асабістых характарыстык.
«НН»: Чым агулам адрозніваецца стаўленне да дзяцей у школах у Беларусі і Швейцарыі?
ІЗ: Прыблізна ўсім. У Швейцарыі школы імкнуцца не падцягнуць дзіця там, дзе яно адстае, а спрабуюць дапамагаць раскрыць тое, што ў яго ідзе паспяхова.
Адзінае патрабаванне з дзіцячага сада — дысцыпліна і ўменне прытрымлівацца правіл. Але гэта робяць не праз прымус, а праз паказванне выгады таго, як лёгка нам разам жыць, калі мы ўсе выконваем правілы.
І неяк вось без крыкаў і знявагі выходзяць у іх строем мілыя дзеткі. Актыўных адпраўляюць у спорт, разумным даюць больш ведаў, для крэатыўных ствараюць творчае асяроддзе. У выніку атрымоўваецца, што ніхто не няўдачнік, усе таленавітыя — проста ў розных сферах. Мне вельмі падабаецца гэты момант.
Спакойныя людзі, якія задаволеныя жыццём, могуць выхоўваць такіх самых спакойных дзяцей. Малодшы сын з задавальненнем ходзіць у школу, для яго гэта не з’яўляецца стрэсам.

«НН»: Якім сваім дасягненнем за апошнія некалькі гадоў вы больш за ўсё ганарыцеся?
ІЗ: Я не лічу, што ў нечым была мая персанальная заслуга. Ніякія мае асабістыя персанальныя намаганні не далі б ніякага выніку, калі б не пэўны збег абставін. Таму я радая, што ў моманце, калі жыццё працягвала мне руку, я не была спячай ці злоснай і адсутнай, а была тут і гэтую руку брала.
Не магу сказаць, што я гэтым ганаруся, але цудоўна, што ў мяне атрымалася нікуды не праваліцца, не захраснуць у негатыўных думках і, адпаведна, у негатыўнай рэчаіснасці.
Я лічу сваю адаптацыю вельмі паспяховай. Я жыву ў Швейцарыі тры гады. У маім жыцці мне падабаецца ўсё — дзе я жыву, з кім я жыву, як я жыву, дзе я працую, людзі, якія вакол мяне. Якасць майго жыцця — 10 з 10.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду
Беларускі дызайнер стаў сусветна вядомым дзякуючы дзіўным відэа — іх глядзяць дзясяткі мільёнаў чалавек
Беларуска натхняльна расказала, як атрымала новую прафесію ў Германіі пасля 45 гадоў
Ці атрымаецца ва ўладаў вярнуць дзяцей мігрантаў у беларускія школы? Наўрад ці, але яны спрабуюць — прымусова
Каментары
Мо і сам калі выберуся з замкнёнага кола