Грамадства1616

«У дзень магу зарабіць 200 еўра». БЧБ-нявеста расказала, кім працуе ў Швейцарыі і як яе сына булілі ў школе

Іна Зайцава, вядомая як «БЧБ-нявеста», у новым выпуску на канале «Ток» расказала пра сваю працу і заробак у Швейцарыі, школьныя праблемы сына і прычыны разводу.

Іна Зайцава лічыць, што ў адносінах галоўнае быць шчырым са сваім партнёрам. Скрын відэа «Ток»

Уражанні ад Швейцарыі

Іна Зайцава цяпер жыве ў Люцэрне. Кажа, што яе пераезд у Швейцарыю — справа выпадку. Падчас аднаго з інтэрв'ю журналістка, якая з Кіева пераехала ў Швейцарыю, прапанавала Іне таксама пераехаць у гэтую краіну.

«На той момант мы якраз збіралі рэчы. Я ўжо два тыдні была нелегалам (Іне не працягнулі дазволу на жыхарства ва Украіне. — НН). І мне было вельмі складана ездзіць. Усюды былі блокпасты і неабходна паказваць дакументы».

Іна адзначае, што швейцарцы вельмі падобныя сваім менталітэтам да беларусаў. Але яны ў сілу іншых гістарычных абставін здолелі выбудаваць дэмакратыю.

«У іх ёсць кантоны, дзе жыхары збіраюцца проста на плошчы раз на год і галасуюць шляхам падняцця рук за тыя ці іншыя законы. Яны змаглі ўсё гэта выбудаваць, усіх прымірыць (а ў іх чатыры дзяржаўныя мовы). І ніхто не пытаецца: «Чаму вы па-італьянску размаўляеце?»

Гэта вельмі падобна да Беларусі. У нас жа няма таксама грызні, што ты беларускамоўны або рускамоўны беларус. Нехта спрабуе, набраўшыся дурнога, спытаць: «А чаго гэта ты па-беларуску размаўляеш?». Але гэтага вельмі мала», — выказвае свой пункт гледжання гераіня.

Гераіня спрабуе разбурыць стэрэатып пра тое, што Швейцарыя адная з самых дарагіх краін. У якасці прыкладу яна прыводзіць абед у «Макдоналдсе», які каштуе каля 20 еўра. Але швейцарцу, паводле слоў Іны, каб зарабіць такую суму, трэба працаваць адну гадзіну. І гэта мінімальны заробак.

«У выніку нізказабяспечаны швейцарац заробіць на ўсё — кватэру, добрай якасці ежу — і аплоціць усе свае выдаткі, працуючы прыбіральшчыкам або касірам у краме. А мы са сваімі нізкімі цэнамі, працуючы касірам у магазіне, заробім проста на халадзільнік».

«Я проста маршрутам Азаронка»

Іна іранізуе, што яна пайшла «маршрутам Азаронка», які палохаў мігрантаў мыццём унітазаў, — яна прафесійна займаецца прыбіраннем. Налета жанчына збіраецца паступаць у магістратуру на псіхолага. Яна спадзяецца, што да таго часу зможа дацягнуць сваю нямецкую мову да ўзроўню В2. Цяпер у яе В1, які гераіні дазваляе нармальна камунікаваць з людзьмі. Гэтага ўзроўню Іна дасягнула за год. Датуль жанчына не валодала ніводнай замежнай мовай. 

Іна тлумачыць, што на прыбіранні спынілася ў выніку выбару з пераліку тых простых работ, якія ёй падабаюцца:

«Я хачу паступіць у магістратуру, мне патрэбны грошы. Я рабіла рамонты, рэчы з дрэва, я блогер. Але з простых прац мне больш за ўсё падабаецца прыбіраць. Гэта для мяне найбольш камфортна. Я магу і прадаўцом у краму пайсці, афіцыянтам таксама, але прыбіраць — мяне супакойвае. У мяне дома заўсёды чыста. Калі ты прыбіраеш, можаш уключыць навушнікі, слухаць аўдыякнігу, развівацца. То-бок гэта не проста работа, якая будзе цябе тармазіць».

Іна Зайцава Инна Зайцева Ina Zaiceva

Праз два месяцы пасля таго, як Іна пачала працаваць у Швейцарыі, яна стала індывідуальнай прадпрымальніцай. На дзень яна можа зарабіць 210 еўра пры працы 7 гадзін. Жанчына працуе тры дні на тыдзень, бо неабходны час на вучобу.

Сацыяльная палітыка Швейцарыі

Іна адзначае, што па швейцарскіх мерках сямʼя, у якой даход да 5 тысяч еўра, лічыцца малазабяспечанай і патрабуе дапамогі. Паводле яе слоў, на працягу года горад Люцэрн аплачваў наведванне яе дзіцем падрыхтоўчай (адаптацыйнай) групы ў школе. Праязны на дарогу да школы аплачвае школа.

«Калі ты ў Швейцарыі бедны, твае дзеці атрымаюць усё, што атрымаюць дзеці тых, хто добра зарабляе», — адзначае жанчына і кажа, што на кожнае дзіця ў кантоне Люцэрн да 18 гадоў штомесяц выплачваецца 270 еўра.

Іна распавядае, што мінімальная пенсія ў краіне складае 2400 еўра. «Калі ты са старту вучыўся і працаваў у Швейцарыі, ты робіш адлічэнні ў пенсійныя фонды і мусіш паклапаціцца пра тое, каб твая пенсія не была мінімальнай. І ў цябе ёсць для гэтага ўсе магчымасці», — адзначае гераіня.

Школьная адукацыя

Іна згадвае моцную ў кантэксце ўлады школьную сістэму. «У іх вялікі недахоп настаўнікаў. Дырэктар, які стварае свой калектыў, вельмі яго беражэ, каб яны не разбегліся. Настаўнікі зарабляюць 7 тысяч еўра. І праблема ў тым, калі ў гэтую сістэму пранікне няварты павагі настаўнік».

Гераіня распавядае пра свайго сына, які патрапіў у інтэграцыйны клас, дзе настаўніца ўкраінка, якая даўно выехала. Паводле слоў гераіні, гэтая жанчына не працавала да пераезду ў Швейцарыю настаўніцай і не мае неабходнай псіхалагічнай падрыхтоўкі.

«Але іх набралі на працу, бо шмат у сувязі з вайною прыехала дзяцей. У іх было адно патрабаванне — каб у чалавека была нямецкая і ўкраінская або руская мовы», — дзеліцца сваім бачаннем гераіня.

У выпадку Іны яе адносіны з настаўніцай выліліся ў істотны канфлікт, бо яе сын цярпеў ад булінгу з боку настаўніцы. «Яго заплечнік вытрасаўся на падлогу. У яго адрас дазваляліся словы «ты тут лішні, ты тут не павінен быць», — распавядае гераіня.

Жанчына адзначае таксама, што яе старэйшы сын мае складаны характар. Да таго ж ён адзіны беларус у класе. Усе астатнія — украінцы. Пры гэтым адносіны з дзецьмі ў сына добрыя. Сын вучыўся датуль ва Украіне. Там ён скончыў чацвёрты клас украінскай школы з добрымі адзнакамі. Пасля пераезду сын пайшоў у інтэграцыйны клас. І такім чынам згубіў адзін год. Цяпер ён пойдзе ў пяты клас швейцарскай школы.

Паводле слоў Іны, школьная сістэма аберагала настаўніцу да таго моманту, пакуль не ўмяшаліся сацыяльныя службы.

«У задачы сацыяльнага работніка ў Швейцарыі ўваходзіць зрабіць так, каб дзіцяці было добра. У крайнім выпадку ён можа яго забраць з сямʼі», — заўважае жанчына і адзначае, што ўмяшанне сацыяльных службаў дазволіла спыніць булінг яе 12-гадовага сына.

«Яны прааналізавалі праблему і ўбачылі, што ў майго дзіцяці складанасці з інтэграцыяй і яму трэба дапамагчы. Сацыяльны работнік мне сказаў: «Зразумела, ён не можа думаць ні пра якую вучобу і нямецкую мову. Яму ж так дрэнна. Неабходна яму паказаць, што Швейцарыя бывае такая цудоўная для дзяцей. Мы яму дапаможам». І вось дзіця паедзе на два тыдні ў швейцарскі лагер. З ім ходзяць сацыяльныя работнікі, паказваюць басейны, забаўляюць, дапамагаюць інтэгравацца», —

распавядае Іна.

Паводле слоў жанчыны, сацыяльная работніца ўзяла на сябе задачу пагаварыць з новымі настаўнікамі, калі хлопец пойдзе ў швейцарскі клас. Яны падрыхтуюць клас, каб на першых парах усе дапамаглі сыну ў адаптацыі.

«З дзецьмі сама складана беларускім мігрантам. Яны вымушаны не толькі самі адаптавацца, але і выцягваць неяк адаптацыю сваіх дзяцей. Мае дзеці пастаянна збіраюцца ў Беларусь», —

адзначае Іна.

Пра развод

Тлумачачы прычыны свайго разводу з другім мужам, Іна адзначыла: «Для таго, каб каханне не загасала, важна захаваць захапленне сваім партнёрам. Выгляд мае значэнне толькі ў першы вельмі кароткі рамантычны час, далей уключаецца захапленне нечым — асабістымі якасцямі, падтрымкай або клопатам, якім цябе ахінае твой партнёр. Ты зноў і зноў можаш закохвацца ў яго.

А ў нас быў вельмі складаны перыяд пасля пераезду. Я была ў дэпрэсіі. Андрэй быў у дэпрэсіі, а ў дадатак у яго была вялікая адказнасць за ўтрыманне сямʼі. І вось абое знаходзячыся ў такім разбуральным, абсалютна дэструктыўным стане мы не тое што не здолелі падтрымаць адно аднаго, а хутчэй тапілі адно аднаго. Мы спрабавалі дастаць з чалавека тое, чаго ў яго няма. Захапляцца не засталося чым. І калі мы ўжо знаходзіліся ў добрым стане, зразумелі, што ўжо не зможам вярнуцца ў момант кахання».

Жанчына не спісвае гэта на абставіны. «Я лічу за лепшае як раней даведацца, дзе дно ў маіх адносінах. Лепей раней, а не калі табе 50 або калі ў цябе анкалогія. Лепш даведацца пра гэта раней і зноў узяць за сябе адказнасць. Я схіляюся да таго, што сітуацыя выявіла ў нас нашую несумяшчальнасць. Мы пра яе даведаліся і нам неабходна далей пайсці паасобку».

Нягледзячы на развод, Іна са сваім былым мужам жыве ў адной кватэры. Яна адзначае, што гэта вельмі лёгка, калі на працягу ўсіх адносін партнёры імкнуліся быць максімальна шчырымі паміж сабою. Гэта дазваляе не накоплівацца канфліктам.

«Мы заўсёды шмат размаўлялі і пра расставанне, і пра згасанне пачуццяў. Не было нейкага падману, калі нехта гаворыць «кахаю», а потым «я з табою расстаюся». У нас не было такіх момантаў, пасля якіх ты не можаш застацца ў добрых адносінах. Мы былі шчырымі і прызнаваліся на кожным этапе, што адбываецца. І калі ўсё скончылася, гэта было таксама вельмі ўзаемна. Ніхто нікому не рабіў балюча. Гэта было памерлае каханне. І таму, калі ніхто нікога не кахае, вельмі лёгка застацца сябрамі», —

распавядае гераіня.

Былыя сужэнцы ўсё шчыра распавялі сваім дзецям. Іна заўважае, што больш тлумачыць давялося малодшаму сыну, аб якім пасля разводу яны сталі больш клапаціцца: «Мы падзялілі абавязкі пяцьдзясят на пяцьдзясят. Я стала не проста маці, якая выгарала, нервовая, а мама, у якой ужо зʼявіўся адзін выходны (плюс разводу для жанчыны)».

Бацькі гераіні таксама ў разводзе. «У іх былі вельмі траўмуючыя адносіны. Яны біліся, зневажалі адно аднаго. І я памятаю, што мне было вельмі дрэнна, калі мы былі яшчэ «адной сямʼёй». А потым быў самы брудны развод і шматгадовая нянавісць адно да аднаго. Гэта раздзірае дзіцячую душу, у якой ёсць частка бацькі і маці, якія для яго два важныя абʼекты», — згадвае Іна і падкрэслівае важнасць добра гаварыць пра партнёра пасля разводу і «выбраць чалавека, пасля разводу з якім ты будзеш пра яго добра гаварыць».

Гераіня адзначае, што пазнаёмілася са сваім мужам, калі ёй было 28, а яму 32 гады. «Мы былі дастаткова спелымі людзьмі, каб зрабіць адэкватны выбар».

Глядзіце цалкам:

Каментары16

  • Андрей
    02.08.2023
    малообеспеченный швейцарец может даже не мечтать о своей собственной квартире. Если от предков не осталось то будет снимать за большие деньги и плохого качества. Свою квартиру ему будет иметь неподвижно всю жизнь. Да и экономить будет всегда и везде. Так что эти сказки можно лишь утякачам впаривать поначалу.
  • mikola
    02.08.2023
    Mozas mnoga zarabic ? Navosta usim  raskazvac ? Vakol adny zaizdrosnyja *nedabrazycliucy* ! Pospehu i Udaczy !
  • Мартин
    02.08.2023
    Андрей, работаешь шкловским шутом? Неправду говоришь, лукашист. Еще и издеваешься над белорусским языком, мерзавец. Малообеспеченномть в таоем понимании искажена. Впаривай это своему шкловскому шизоиду.

Цяпер чытаюць

Трамп падзякаваў «магутнаму лідару Беларусі»: Спадзяюся, што 1300 чалавек хутка будуць вызвалены!14

Трамп падзякаваў «магутнаму лідару Беларусі»: Спадзяюся, што 1300 чалавек хутка будуць вызвалены!

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША прызначылі новага часовага паверанага ў Беларусі4

Трамп перадаў Зяленскаму, што Пуцін хоча атрымаць увесь Данбас29

Беларусы ў паніцы штурмуюць польскія дзяржаўныя службы — там больш не прымаюць дакументы на савецкіх бланках21

На фоне нерэальнай чаргі на выезд у Польшчу Памежны камітэт заклікае выбіраць альтэрнатыўныя шляхі выезду8

Каля 300 тысяч жыхароў Гомельскай вобласці сагналі на суботнік13

Трамп прывітаў Пуціна на Алясцы бамбардзіроўшчыкамі, што бамбілі Іран2

Адным перад суседзямі сорамна, другія радуюцца кавунам памерам з персік. Беларусы паказваюць ураджай6

Віктар Бабарыка знаходзіцца ў атрадзе, працуе ў пякарні5

Зазулінская: Сродкаў на прыняцце 1300 палітвязняў можа не хапіць44

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп падзякаваў «магутнаму лідару Беларусі»: Спадзяюся, што 1300 чалавек хутка будуць вызвалены!14

Трамп падзякаваў «магутнаму лідару Беларусі»: Спадзяюся, што 1300 чалавек хутка будуць вызвалены!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць