Грамадства99

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

На пратэсты гэтая яркая беларуска выходзіла з плакатамі «Ты — не бацька, а я — маці» і «Рукі прэч ад дзяцей». Разам з дачкой Фаціма Камара стала адной з першых удзельніц жаночых акцый з кветкамі ля Камароўкі ў жніўні 2020.

Фаціма Камара з дзецьмі. Тут і далей фота з асабістага архіва гераіні

Разам з пяццю дзецьмі Фаціма Камара выехала з краіны ў канцы 2020 года.

Шматдзетная маці кажа, што ідэя эміграваць у яе ўзнікла нашмат гадоў раней.

— Я пачала думаць пра ад'езд з Беларусі недзе ў 2014 годзе — пасля таго, як Расія акупавала Крым. Ужо тады мне было зразумела, што «вялікі брат» на гэтым не спыніцца. Пытанне было толькі ў тым, колькі часу на гэта спатрэбіцца.

Адной з прычын Фаціма называе таксама не вельмі талерантнае стаўленне да яе беларусаў. Праз свой незвычайны выгляд і колер скуры яна сама ў дзяцінстве сутыкалася і з булінгам, і з расавымі забабонамі. Цяпер у жанчыны пяцёра дзяцей — і некаторыя з іх таксама сваім колерам скуры вылучаліся ў Беларусі.

— Я бачыла, што да маіх дзяцей, якія маюць смуглявы колер скуры, крыху іншае стаўленне. А некаторыя людзі дазвалялі сабе ўсё роўна нейкія выказванні ў іх бок, нейкія дзеянні, хай нават не актыўныя.

Па адукацыі Фаціма настаўніца англійскай і французскай моў. Як настаўніцы, ёй таксама вельмі не падабалася тое, што адбываецца ў беларускай сістэмы адукацыі. Але прэтэнзіі былі ўзаемнымі: жанчына адзначае, што і кіраўніцтва школ было не вельмі задаволена яе метадамі выкладання, бо лічыла іх занадта дэмакратычнымі для Беларусі.

Фаціму ж раздражняў савецкі падыход, сутнасць якога ў тым, каб прывесці ўсіх дзяцей да аднаго капыла. Галоўнае — зрабіць іх паслухмянымі волі дарослых. Забываючы пра індывідуальны падыход і развіццё моцных бакоў.

— Мне не падабалася, што ў маіх дзяцей у школе, у садку з'яўляюцца нейкія патэрны, якія відавочна ідуць не з сям'і. Калі, напрыклад, сын хацеў гуляць з сяброўкай у лялькі ці на цацачнай кухні прыгатаваць суп, выхавальніца казала яму: «Ты што, гэта ж не мужчынская справа! Ідзі лепш з машынкамі пагуляй. Што табе, кубікаў мала?!». І ў мяне гэта выклікала проста нейкую дрыготку. Бо хлопчык вырасце, будзе мужчынам, будзе татам. Чаму ён не павінен умець гатаваць, абслугоўваць сябе? Чаму ён не павінен гуляць з каляскай у дзяцінстве, каб потым спакойна ставіцца да шпацыру з каляскай у дарослым узросце?!

У школьнай сістэме Фаціме таксама не падабалася тое, што нават калі настаўнік хоча надаць больш увагі камусьці ці чамусьці, то яму не дазволяць. А ад дзяцей патрабуюць аднолькава добрых дасягненняў па ўсіх прадметах адначасова.

— Бо вялікую ролю грае сярэдні бал атэстату, і ўмоўная тройка па фізкультуры можа перашкодзіць паступіць чалавеку туды, куды ён хоча. Мне больш падабалася заходняя сістэма, дзе ў старэйшай школе школьнікі самы выбіраюць прадметы, да якіх у іх ёсць схільнасць.

Шматдзетную маці раздражнялі бясконцыя абмежаванні ў краіне, якія пачынаюцца з самага дзяцінства.

— Канечне, у нас любяць казаць: «Добра там, дзе нас няма». Але ж у мяне было дакладнае разуменне, што добра для мяне і маёй сям’і, што я хачу даць дзецям. Я палічыла сваім абавязкам дапамагчы нашаму сямейству выйсці з сістэмы.

Недзе ў 2017-м Фаціма пачала шукаць краіну, куды ж можна было б эміграваць з пяццю дзецьмі — проста гугліла інфармацыю, дзе і што патрэбна для пераезду.

У хуткім часе стала зразумела, што ў Еўрасаюзе ўсё даволі складана, доўга і дорага. Варыянт з ЗША жанчына таксама хутка адкінула, бо найбольш імаверным трапіць туды падавалася праз латарэю Green Card. А сама ідэя розыгрышу не вельмі падабалася беларусцы. Ёй значна прасцей жыць, разлічваючы на свае сілы, а не на ўдачу.

У фінале засталіся Аўстралія і Канада, якія маюць даволі празрыстую і зразумелую міграцыйную палітыку. Але ж у першай краіне Фаціме не пасаваў клімат. А плюс Канады быў у тым, што там дзве дзяржаўныя мовы, абедзве з якіх жанчына добра ведала.

Па праграме, якую яна абрала для эміграцыі, трэба было набраць пэўную колькасць балаў. Як настаўніца французскай і англійскай Фаціма атрымоўвала дадатковыя балы за веданне дзяржаўных моў.

— Да таго ж шмат маіх аднакурснікаў з МДЛУ эмігравалі ў Канаду. Таму я магла не чытаць меркаванні незнаёмых людзей на форумах, а стэлефанавацца са знаёмымі і распытаць пра ўсё, што мяне цікавіць адносна жыцця ў краіне. Бо эміграцыйныя кансультанты заўсёды распісваюць, як усё цудоўна, але ж хацелася ведаць і пра падводныя камяні.

Першапачаткова Фаціма абрала правінцыю Квебэк — планавала пасяліцца ў Манрэалі, бо гэты горад часта называюць самым еўрапейскім горадам Канады. Паўтара года спатрэбілася на тое, каб сабраць неабходныя дакументы, здаць за межамі Беларусі патрэбныя для эміграцыі экзамены (на радзіме гэта зрабіць немагчыма).

І тут адбылося нечаканае: Квебэк раптоўна спыніў сваю міграцыйную праграму (бо існавала агульнаканадская праграма, а яшчэ былі свае праграмы ў правінцый).

— Васямнаццаць тысяч дасье анулявалі — у тым ліку і маё. Але ж я ўпартая. Думаю: «Ладна, зачынілі дзверы — палезу ў акно». Мне было каля 38 гадоў, я разумела, што губляю балы. Бо да 35 гадоў па праграме налічвалі дадатковыя балы, а пасля мінусавалі па балу за кожны «лішні» год.

На гэты раз беларуска абрала правінцыю Нью-Брансуік — адзіную двухмоўную ў Канадзе. Там быў спіс прафесій, у якіх правінцыя мела патрэбу, і была гатовая запрашаць на гэтыя пазіцыі людзей з іншых краін.

— У гэтым спісе была выхавальніца. І тут я сутыкнулася з тым, што ў Беларусі я мела права з дыпломам настаўніцы працаваць у садку, а ў Канадзе — не. Бо тыя, хто працуе з дзецьмі дашкольнага ўзросту, вучацца ў спецыяльных навучальных установах. Але мяне гатовы былі ўзяць, калі б быў вопыт працы ў беларускім дзіцячым садку. І я працаўладкавалася на год туды, толькі дзеля пераезду ў Канаду.

Узнікла яшчэ адна нечаканая праблема. Фаціма была ўжо ў разводзе з мужам, але той катэгарычна адмовіўся падпісваць дазвол на пераезд сваіх дзяцей у Канаду. Ён паставіў умову: альбо ён эмігрыруе з імі разам, або не дасць дазвол дзецям перасекчы мяжу Беларусі.

— Быў шантаж з яго боку. Мы доўга размаўлялі. Я вырашыла даць яму шанец і мы распісаліся для сумеснай эміграцыі. Прадказальна са зменай лакацыі ўнутраныя праблемы сям’і нікуды не падзеліся, усё стала толькі горш. Таму недзе праз пяць месяцаў пасля пераезду мы канчаткова разышліся.

Летам 2020 года сям’я павінна была паляцець у Канаду. У дзень ікс зранку аддалі ключы новым уладарам кватэры (бо ўсю маёмасць загадзя прадалі). Атрыманыя грошы ўжо былі абменены на канадскую валюту. У кожнага — па чамадане. Але ж у аэрапорце сям’і адмовілі ў пасадцы на самалёт.

— Быў кавід, і зусім нечакана з’явіліся нейкія дадатковыя абмежаванні. Мы пісалі паведамленні, тэлефанавалі — але ў разгар пандэміі было немагчыма выйсці на сувязь хаця б з кімсьці, хто б растлумачыў, што рабіць. Вось так мы і засталіся ў Беларусі без кватэры, машыны, працы, не разумеючы, калі ж усё ж зможам паляцець у Канаду. У выніку жылі ў маёй сяброўкі, якая пусціла нас семярых у сваю аднапакаёўку.

А тым часам у Беларусі выстройваліся чэргі для таго, каб аддаць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў, «дыджэі перамен» уключылі песню Цоя…

— Надышоў жнівень 2020. Мы, будучы беларусамі, пайшлі выконваць свой грамадзянскі доўг. Нашым абавязкам было прагаласаваць за змену ўлады. Бо нам было неабыякава, як будуць жыць нашы блізкія тут. Плюс, як любыя мігранты, мы думалі, што калі-небудзь зможам вярнуцца. Дарэчы, 7 жніўня маёй старэйшай дачцэ споўнілася 18 гадоў, яна ўпершыню пайшла на выбары… Атрымалася так, што пасля таго, як мы прагаласавалі, дадому трапілі толькі а чацвёртай раніцы.

Фота: Радыё Свабода

Фаціма з дачкой была сярод тых жанчын, якія 12 жніўня выйшлі з кветкамі да Камароўскага рынку, каб выказаць нязгоду з жахам таго, што адбывалася на Акрэсціна.

— Я заўсёды была за дэмакратыю, за свабоду слова, за тое, каб дзейнічаць у межах закону. Тады яшчэ не было разумення, што ў Беларусі законы ў прынцыпе не працуюць. Мы рабілі, што маглі зрабіць, і верылі, што гэта дапаможа нешта змяніць. Мы развозілі ваду і ежу, мы перавязвалі параненых людзей. Мы расклейвалі ўлёткі. Мы хадзілі на маршы. Ніхто нас не каардынаваў. Мы проста не маглі паступіць інакш.

Муж Фацімы яе не падтрымліваў. Ён вырашыў з’ехаць у Брэст і вярнуўся толькі тады, калі шматдзетная маці апынулася на Акрэсціна напрыканцы верасня.

За краты Фаціма, якая шмат у чым актыўна ўдзельнічала, трапіла выпадкова. Яна ішла на спектакль у канцэртную залу «Мінск», але апынулася ў месцы разгону жаночага марша.

Пратрымалі яе на Акрэсціна 72 гадзіны — як маці непаўнагадовых дзяцей ёй не маглі прысудзіць суткі.

Той досвед Фаціма па сёння згадвае з жахам. Неабходнасць стаяць гадзінамі з паднятымі рукамі, адсутнасць сродкаў гігіены, адсутнасць халоднай вады ў камеры. Гарачая была, але ж такой тэмпературы, што было немагчыма ўмыцца ёй ці папіць.

— За тры дні мяне тройчы выклікалі на допыт. І кожны раз казалі: «Не хвалюйцеся за сваіх дзяцей. У нас добрыя сацыяльныя службы, добрыя дзіцячыя дамы. Вы ж разумееце, што дзяржава лепш за вас вашых дзяцей выхавае». Увесь час былі такія пагрозы, аб’юз і псіхалагічны ціск.

У кастрычніку муж Фацімы так баяўся, што жонка зноў будзе ў нечым удзельнічаць, нават не выпускаў яе адну з дома. Кантраляваў, каб яна не апранула ў краму разам чырвонае і белае, не наклеіла налепку. У лістападзе сям’я захварэла на кавід. А ў снежні нарэшце змагла зляцець у Канаду.

Жанчына адзначае, што ўсё ж іх становішча было значна лепш за тых, хто потым быў вымушаны бегчы з Беларусі з адным пашпартам (ці нават без яго).

Былі з сабой грошы, былі нейкія знаёмствы — праз форум Фаціма нават знайшла тых, хто дапамог дыстанцыйна арандаваць дом.

— Паколькі ў Канадзе ёсць іміграцыйная праграма, тут усё прадугледжана для таго, каб дапамагаць новым эмігрантам. Табе не даюць грошы, але раз на два тыдні забяспечваюць ежай. І людзі вельмі добрыя. У Беларусі часта кажуць, быццам усмешкі на Захадзе не шчырыя, гэта ўсё крывадушша. Ды не! Тут не трэба з кімсьці моцна сябраваць, каб атрымаць дапамогу. Мы прыехалі і адразу селі на каранцін — а ў майго сына праз тыдзень быў дзень нараджэння. Адна дзяўчына зрабіла для яго торт, уласнік дома спёк печыва і таксама нам прывез. Яшчэ адна дзяўчына потым прывезла нам ялінку ўпрыгожаную, бо Раство было хутка.

Трое малодшых дзяцей Фацімы пайшлі ў французскамоўную школу, яшчэ адна дачка вырашыла, што хоча вучыцца ў англамоўнай. Старэйшая ж пайшла працаваць у сушырыю афіцыянткай, а на наступны навучальны год паступіла ў каледж на IT-спецыяльнасць (як і ў Мінску).

— Дарэчы, мая дачка што ў Беларусі вучылася і падпрацоўвала афіцыянткай (толькі ў піцэрыі), што ў Канадзе. Але ж у Беларусі яе заробак складаў 130 даляраў. А ў Канадзе яна зарабляе столькі, што змагла зняць сабе арэндную кватэру, набыць у растэрміноўку машыну, а на першых канікулах паляцела адпачываць на Кубу. Вось уявіце: адзін і той жа чалавек, робячы тое ж самае абсалютна ў той жа самай сферы, можа дазволіць сабе ў дзясяткі разоў больш. Вось у гэтым несправядлівасць свету. Ад тваёй лакацыі, ад сістэмы вакол цябе, залежыць твой дабрабыт, твой узровень жыцця. Вось гэта я лічу максімальна несправядлівым, таму што ў Беларусі жывуць вельмі недурныя, працавітыя, таленавітыя людзі, але ў іх няма магчымасцей жыць лепш. А Канада такія магчымасці дае.

Сама ж Фаціма, як шмат хто з мігрантаў, на першым этапе хвалявалася, што ў нейкі момант можа з дзецьмі застацца на вуліцы. Таму марыла аб тым, каб набыць уласны дом.

Варыянт хутка зарабіць быў — жанчына працаўладкавалася на фабрыку, дзе вырошчвалі марыхуану. У Канадзе легалайз, такія прадпрыемствы працуюць цалкам легальна.

Фаціма жартуе, што яна была сярод супрацоўнікаў адзінай з дыпломам аб вышэйшай адукацыі. Праца фізічна вельмі цяжкая, але ж аплачваецца шчодра.

— Напрыклад, трэбы было за дзень пасадзіць 930 раслін і на ліфт-машыне падымацца на 10 метраў, уключаць аўтапаліў, накіроўваць лямпы, апырскваць ад шкоднікаў і іншае. Гэта рэальна складана фізічна. Плюс там праца па 12 гадзін на дзень. Два дні працуеш — потым два ці тры адпачываеш. Акрамя высокага заробку, быў добры сацпакет — страхоўка, якая пакрывала нават лячэнне зубоў (і гэта распаўсюджвалася на ўсю сям'ю), працадаўца рабіў дадатковыя адлічэнні ў пенсійны фонд.

Праз год у Канадзе жанчына змагла набыць у іпатэку дом.

— Тут сапраўды вельмі дарагое жытло. Але я прыкінула, што магу плаціць 2000 даляраў за арэнду, а магу столькі ж за ўласны дом. Дарэчы, у Беларусі, як у маці пяці дзяцей, якая працуе настаўніцай, у мяне нават не было думак, што я магу дазволіць сабе дом. Нават не набыць яго ў іпатэку, а проста ўтрымліваць.

Фаціма адзначае: у Канадзе, як у кожнай краіне, ёсць свае недахопы. Але ўзровень жыцця жанчыны палепшаў у разы.

Адказваючы на пытанне, ці складана было дзецям адаптавацца ў новай рэчаіснасці, жанчына прызнаецца:

— Можа, ім нават было лягчэй праз тое, што ў нас шматдзетная сям’я. Аднаму дзіцяці складаней адаптавацца ў эміграцыі — бацькі то працуюць, то вырашаюць пытанні за дакументамі, разбіраюцца, як працуе тут медыцына… А дзіцяці трэба неяк шукаць сяброў, але ж не ўсе дзеці камунікабельныя. Мае ж ведаюць, што яны ёсць адно ў аднаго. Я заўсёды кажу, што мае пяць дзяцей — гэта як пяць пальцаў, якія разам ператвараюцца ў кулак.

Яна зноў згадвае аб тым, што ў канадскім грамадстве прынята дапамагаць: настаўнікі дапамагаюць новым дзецям адаптавацца, вучні старэйшых класаў прыходзяць у малодшыя, каб чытаць кніжкі.

— Ужо ў жніўні мае дзеці пачынаюць нудзіцца: «Хутчэй бы ў школу!». Ніколі такога не было ў Беларусі — нягледзячы на тое, што там і сябры былі, і неблагія настаўнікі. Але ж тут ведаюць, як сапраўды зацікавіць дзяцей. Узяць хаця б літаратуру: у школе не існуе спісу твораў, якія абавязкова трэба прачытаць. Дзецям даюць спіс кніг, які пасуе для іх узросту. Чытаць з яго можна тое, што падабаецца. Кожны месяц нехта з вучняў распавядае, які аўтар яму спадабаўся і што ён раіць прачытаць іншым. А калі навучальны год заканчваецца, настаўніца замаўляе піцу для ўсяго класа — тыя ж, хто прачытаў 100 кніг, маюць права абраць начынкі.

Хатнія заданні не задаюць. Калі ў сына Фацімы былі пасля прыезду некаторыя праблемы з вучобай, настаўніца шчыра здзівілася просьбе маці задаць што-небудзь дамоў. Бо ўсе пытанні з вучобай павінны вырашацца ў школе прафесійнымі педагогамі, а не бацькамі. На канікулы нічога не задаюць прынцыпова і нават адзнакі за трыместр агучваюць пасля вакацый, а не перад — каб бацькі дакладна далі адпачыць дзіцяці, а не грузілі яго дадатковай вучобай.

Нават суботнікі, якія дзеці і дарослыя так ненавідзяць у Беларусі, у Канадзе ператвараюць у свята з маленькімі падаруначкамі.

Цяпер Фаціма працуе па спецыяльнасці — яна выкладае англійскую мову для дарослых эмігрантаў. Працуе не на поўную стаўку: па дзве гадзіны шэсць дзён на тыдзень. І гэтага цалкам хапае для камфортнага ўзроўню жыцця.

Нядаўна Фаціма з дзецьмі атрымала грамадзянства Канады.

— Мая старэйшая дачка, якой 22 гады, цяпер дзякуе мне за тое, што яна жыве так, як жыве. Яна працягвае вучыцца і працаваць — стала ўжо менеджаркай самага лепшага бара ў горадзе. Што ў яе было б у Беларусі? Размеркаванне на «Інтэграл»? Другая старэйшая дачка скончыла школу і таксама пайшла працаваць у піцэрыю. Хутка атрымае пасведчанне кіроўцы. Яна пакуль не ведае, якую адукацыю хоча атрымаць. Але ж тут цалкам нармальна не прыспешваць дзіця і чакаць, пакуль яно само вызначыцца.

Цяпер у Фацімы новы грандыёзны план — у жніўні яна прадае дом і пераязджае з дзецьмі ў Манрэаль, дзе і хацела жыць першапачаткова. Кажа, што мары павінны здзяйсняцца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • 2020
    17.05.2025
    Вялікі дзякуй за інтэрв'ю з такім класным, цікавым чалавекам. Усяго самага найлепшага гераіні і яе сям'і!
  • А
    17.05.2025
    Вельмі зманлівае ўраджанне ад артыкула, што ў Канадзе (ці дзе б ні было яшчэ) жыццё - як гульня на паніжаным узроўні складанасці. Гэта проста не так. Думаю тут справа ў вітальнасці самой гераіні. Чаго вартая, напрыклад, толькі мімаходам узгаданая гісторыя пра год працы ў дзіцячым садку чыста дзеля міграцыі. Такія людзі нідзе не прападаюць.
  • Вот так вот
    17.05.2025
    Мы вырастим счастливых,
    А умных мы экспортируем!

Цяпер чытаюць

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду9

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

Усе навіны →
Усе навіны

Самая беларусацэнтрычная праграма ЕГУ запрашае на падрыхтоўчыя курсы6

Ціханоўская сядзіць за адным сталом з кіраўнікамі дзяржаў на саміце ў Албаніі21

Дэпутаты пайшлі па крамах інспектаваць чырвона-зялёныя сцяжкі. І зрабілі заўвагі кіраўніцтву9

На дзіцячай пляцоўцы ў Гданьску хлопчык адмовіўся гуляць з беларускай дзяўчынкай. Яе бацька пачаў яго душыць12

З'явілася магчымасць набыць Радзівілаўскую карту ВКЛ4

Паглядзіце, які яркі дзіцячы садок будуюць каля Уручча1

«Адпраўлялі мыць туалеты і кідалі ў ШІЗА». Суседкі расказалі пра абыходжанне ў калоніі з экс-палітзняволенай Тамарай Каравай, якая пасля памерла4

Белавусаў падарыў Лукашэнку савецкія ўзнагароды6

Міністр абароны Украіны назваў прапановы Украіны9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду9

«Каб купіць дом, працавала на нарказаводзе». Пасля 2020-га беларуска з пяццю дзецьмі пераехала ў Канаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць