Аўстралійку, якая атруціла сям'ю ядавітымі грыбамі, прысудзілі да пажыццёвага
Яна атруціла бацькоў свайго мужа, а таксама сястру.

Аўстралійка Эрын Патэрсан, якая атруціла трох сваякоў ядавітымі грыбамі, у панядзелак была прыгаворана да пажыццёвага зняволення, паведамляе Бі-бі-сі.
Суддзя Вярхоўнага суда штата Вікторыя ў Мэльбурне Крыстафер Біл пастанавіў, што за забойства трох сваякоў і спробу забойства яшчэ аднаго чалавека Эрын Патэрсан правядзе астатак жыцця ў турме строгага рэжыму і зможа быць умоўна вызваленая толькі ў 2056 годзе, калі ёй будзе 83 гады.
У ліпені суд прысяжных у аўстралійскім горадзе Моруэл (штат Вікторыя) прызнаў Патэрсан вінаватай у тым, што два гады таму, улетку 2023 года, яна атруціла бацькоў свайго мужа, Дона і Гэйл Патэрсан, а таксама сястру Гэйл — Хэзэр Уілкінсан. Муж Хэзэр — Іэн Уілкінсан — выжыў.
Эрын Патэрсан, якая знаходзілася ў працэсе разводу з мужам, запрасіла сваякоў на абед, сказаўшы, што хоча абмеркаваць свае адносіны з мужам. Падчас абеду яна падала гасцям ялавічыну з грыбным соусам. Соус быў зроблены з бледных паганак.
Каментары