Вацлаў Арэшка цалкам аслеп. «Самае страшнае — уначы навобмацак хадзіць у туалет»
Былы галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Алесь Манцэвіч расказаў на прэс-канферэнцыі былых палітвязняў жахлівую гісторыю, у якім стане адбывае пакаранне адзін з прафсаюзных актывістаў і культурны дзеяч Вацлаў Арэшка.

«Я першы час у калоніі спаў на суседняй шконцы з ім. Спачатку ён бачыў, а пасля аслеп. Удзень Вацлаў пытаецца: ці сёння сонца на небе ёсць? Самае страшнае, што ён уначы вымушаны навобмацак хадзіць у туалет. Падае, разбіваецца ў кроў…»
Цяпер 70-гадовага Вацлава Арэшку затрымалі 19 красавіка 2022 года. У той дзень адначасова былі арыштаваныя кіраўнікі і найбольш вядомыя актывісты беларускіх незалежных прафсаюзаў. Амаль праз год, у студзені 2023-га, Вацлаў Арэшка быў асуджаны на 8 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сярод трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, паводле якіх асудзілі актывіста, быў артыкул 361-1 пра стварэнне «экстрэмісцкага фармавання» і ўдзел у ім.
Гэткім фармаваннем беларускія ўлады прызналі прафсаюз РЭП (Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці), у якім Арэшка рэдагаваў бюлетэнь прафсаюзаў РЭП.
Цяперашні палітвязень калоніі «Ваўчыныя норы» Вацлаў Арэшка таксама вядомы як дзеяч беларускай культуры, ён займаўся рэдактарскай і літаратурнай дзейнасцю.
Вацлаў Арэшка працаваў у Тэатры юнага гледача і Нацыянальным мастацкім музеі, выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, распрацаваў праграму новага навучальнага курса «Гісторыя і тэорыя культуры Беларусі», вёў раздзел кніжных і камп'ютарных рэцэнзій у «Нашай Ніве», рэдагаваў электронны сайт-архіў «Вытокі», выступаў як актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», ініцыяваў стварэнне «Кнігі гонару Курапатаў» у памяць пра ахвяр рэпрэсій.
Як літаратар Вацлаў Арэшка друкаваўся ў часопісах «Спадчына» і Arche, перакладаў са старапольскай мовы творы беларускага барока.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары