Грамадства1212

«Арабскі шэйх засунуў даляры ў кішэню». Блогер Vadimati Ермашук цяпер працуе ахоўнікам люксавых буцікоў

Чорны пінжак, гальштук, скураныя боты і рацыя Motorola на рэмені — палітвязня і блогера Вадзіма Vadimati Ермашука здалёк можна адразу і не пазнаць. Ён сам прызнаецца, што часцей носіць спартыўнае адзенне і красоўкі. Касцюмы ж надзяваў апошні раз у Беларусі да затрымання, і тое для паўнаты вобраза беларускага чыноўніка. Цяпер нагода мець афіцыйна-дзелавы лук у Вадзіма з’яўляецца ледзь не штодзень: у Варшаве ён працуе ахоўнікам у гандлёвым цэнтры з люксавым адзеннем Vitkac.

«Наша Ніва» даведалася, як ён туды ўладкаваўся і колькі зарабляе.

Вадзім Ермашук — блогер з Гродна, вядомы як Vadimati. Праславіўся дзякуючы свайму блогу, у якім публікаваў як сацыяльныя ролікі, так і жартаўлівыя — напрыклад, з крамы адзення на рынку, дзе нейкі час працаваў. Не даваў спакойна спаць чыноўнікам, звяртаючы ўвагу на адсутнасць роварных сцежак, пляцовак для скейтараў і іншыя праблемы.

У 2020‑м падтрымаў пратэсты і пачаў публікаваць у тым ліку палітычны кантэнт, наведваў суды. У жніўні 2021 года быў затрыманы ў Шчучыне, куды ехаў здымаць чарговы ролік. Пасля 40 сутак адміністрацыйнага арышту на яго завялі дзве крымінальныя справы паводле артыкулаў 368 КК (абраза Лукашэнкі) і 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Ермашук быў прысуджаны да трох год зняволення, адбываў тэрмін у Бабруйскай калоніі ў «нізкім статусе». Выйшаў на свабоду 28 чэрвеня 2024‑га з букетам хвароб, сярод якіх была анкалогія. Праз паўгода вымушана з’ехаў з Беларусі: яго інстаграм прызналі экстрэмісцкім. Партнёра Вадзіма моцна збілі, патрабуючы, каб той зліваў інфармацыю пра блогера.

Адразу пасля пераезду з Беларусі Вадзім жыў у шэлтары, збор на рэчы першай неабходнасці і лячэнне для яго закрылі неабыякавыя беларусы. Дадатковай фінансавай дапамогай сталі 800 злотых (амаль 700 беларускіх рублёў — НН), якія Польшча штомесяц выдзяляе тым, хто чакае легалізацыі па міжнароднай ахове. Але гэтага на жыццё ў Еўропе не хапала, тым больш калі з Беларусі змог выехаць партнёр, а сёння і муж Вадзіма Дзяніс.

«Ёсць такі блогер Марцін Крам, мы з ім даўно знаёмыя, я яму ў свой час дапамагаў, расказваючы пра яго сваёй аўдыторыі. А цяпер Марцін вырашыў мне дапамагчы. Ён раней за мяне перабраўся ў Польшчу і разам з былой дзяўчынай Юляй працаваў у гэтым гандлёвым цэнтры. Юля прывяла мяне да начальства буцікоў — я тым спадабаўся, усё ж я прыгожы, містар Беларусь!» — пасміхаецца Вадзім, расказваючы, як атрымаў працу.

Вадзім і ў Гародні займаўся продажамі адзення, таму тут адчувае сябе як рыба ў вадзе — прайшоў мінімальны інструктаж і адразу ўліўся ў справу. Для выканання абавязкаў блогеру выдалі са склада два камплекты касцюмаў, прыдатныя скураныя туфлі ў яго знайшліся свае.

«Я калі з’язджаў з Беларусі, не ведаю чаму, але іх паклаў у валізку, прытым што я толькі кеды і красоўкі нашу. Чаравікам гадоў дзесяць, набываліся ў Германіі. Як адчуваў, што спатрэбяцца!»

Графік у Вадзіма рваны — часам яго могуць выклікаць паахоўваць іншыя люксавыя крамы — напрыклад, Peek & Cloppenburg ці Dior. Але звычайна працоўны дзень доўжыцца з 10‑й раніцы да 22‑й вечара, усё за выключэннем абеду — на нагах.

«Ногі, канечне, ацякаюць за змену, мазалі займеў з нязвычкі. Але агулам праца няпыльная. У гандлёвым цэнтры я не толькі сачу за парадкам, але і сустракаю пакупнікоў на ўваходзе і пры паркінгу, падказваю ім, як хутчэй знайсці жаданы Louis Vuitton ці Balenciaga. Я такі, ведаеш, як хостэс у гатэлях.

Прыемна, дарэчы, калі мяне пазнаюць, раз дзесяць ужо такое здарылася на працы. Аднойчы сустрэў тут беларуса з Ваўкавыска, яшчэ адна беларуска пазнала і папрасіла мяне абняць. Многія паглядзелі маё першае інтэрв’ю на свабодзе. А яшчэ я ж нашу заўсёды бел-чырвона-белы бранзалет, так мяне дадаткова апазнаюць свае».

Пашопіцца ў Vitkac прыходзяць самі палякі, але вельмі частыя госці тут, напрыклад, кітайцы. Нядаўна на закупы заязджаў арабскі шэйх, правесці якога выпала Вадзіму.

«Ён мне на развітанне даляры ў кішэню засунуў, а ў нас жа відэакамеры — я спалохаўся. Першы раз са мной такое, што рабіць? Спрабаваў яму тыя грошы вярнуць, але ён не браў. Потым я пабачыў, што там усяго тры даляры было, але і гэта таксама чаявыя, мае першыя. Іншым ахоўнікам, па іх расповедах, зусім нічога не давалі».

Сакрэт чаявых Вадзіму — нязменная ўсмешка на твары.

«Ведаеш, што абяззбройвае людзей? Усмешка. У мяне тут нядаўна быў канфлікт з полькай — я польскую разумею, вучу, але размаўляю яшчэ слаба — на сумесі беларускай, рускай, польскай і англійскай. І вось пані спытала ў мяне, адкуль я, ці не з Украіны? Даведаўшыся, што я з Беларусі, пачала пытацца, а чаму гэта я тут працую, а не ў Беларусі.

Я стараўся ёй пасміхацца ў адказ і задаваць лагічныя пытанні, маўляў, а калі б у паляка ў Лондане гэтак жа спыталі, чаму ён не дома, ці было б ім прыемна? Потым яшчэ падышла прадавачка адной з крам, стала казаць, што я добры хлопец, што чакаю міжнародную ахову — і тая пані ўжо сама пасміхацца пачала, абдымацца да мяне палезла, пад канец змяніла настрой».

Часам у Вадзіма атрымліваецца дапамагчы нават у продажы тавара — аднойчы ён разрэкламаваў пакупнікам куртку так, што яму ў краме сказалі: падвучвай мову і запросім цябе ў прадаўцы.

Недасканалае веданне замежных моў яго ні разу не засмучае — у нялоўкіх сітуацыях тая ж усмешка і жэсты ратуюць сітуацыю. «Я з любым агульную мову знайду», — упэўнена кажа новаспечаны ахоўнік.

«Я сустракаю машыны кліентаў, ведаеш як? Валасы назад, упэўненая хада — як Джэймс Бонд. І абавязкова ўсмешка на твары», — паўтарае Вадзім. Дарэчы, блогеру дазволілі пакінуць бараду, хаця звычайна ахову просяць галіцца.

Калегі Вадзіма збольшага палякі, але ёсць тут і яшчэ адзін беларус, у свой час затрыманы за каментары па справе Андрэя Зельцара — у мэтах бяспекі мужчына нідзе не адсвечвае.

Нядаўна Вадзім затрымаў злодзейку — жанчыну, якая хацела вынесці з крамы Тchibo чатыры кілаграмы кавы.

«Яна зрабіла выгляд, што ідзе з той кавай да касы. Думала, што я за ёй не сачыў, а я спецыяльна нібыта ў тэлефон глядзеў, хаця нам і нельга па правілах, а паралельна за ёй назіраў бакавым зрокам. Мне досыць лёгка вызначыць патэнцыйных злодзеяў, бо ў мяне была крама адзення ў Беларусі, з якой таксама часам імкнуліся нешта скрасці. Тую жанчыну я дагнаў і адпусціў, вырашыў у гэтым выпадку не выклікаць паліцыю. Я шкадую нешта ўсіх гэтых алкашоў…»

У больш экстрэмальнай сітуацыі Вадзім па інструкцыі мусіць паклікаць калег па рацыі на дапамогу, заблакаваць дзверы і пасля чакаць паліцыю, якую выклікаюць ахоўнікі, што сочаць за бяспекай праз відэаманіторы.

«Я магу і сам скруціць каго пры патрэбе, не баюся, бо боксам займаўся, — дадае Вадзім. — А яшчэ цікавы момант: як беларус я адразу больш уважліва гляджу на торбы, пакеты, пракручваю ў галаве сцэнары патэнцыйнага нападу тэрарыстаў — спытаў у калег, а яны ўвогуле пра такое не думалі ніколі».

Адно з галоўных патрабаванняў да ахоўнікаў — быць акуратнымі. Таму Вадзім стараецца сачыць за свежасцю кашуль, стрыжкай і ўласным пахам. Сёння мужчына забыў папрасаваць кашулю, чаго, бачна, крыху саромеецца.

«Мне ўсе казалі, што я нахлебнікам тут буду, дармаедам, што я толькі патрабаваць і прасіць умею, крычаць… А вось я ўжо і працу знайшоў! Пры лепшых раскладах ахоўнік можа тут мець каля 6000 злотых (каля 5000 рублёў — НН). Гэта не супершмат, але для старту, я лічу, добра. Тым больш я тут знаёмствы заводжу карысныя, часу не губляю. Я хачу працаваць з людзьмі ў гандлі. Гэта маё».

Пытанне са здымным жытлом і працай Вадзім змог закрыць, лячэнне і легалізацыя ў працэсе. Галоўнае, за што цяпер перажывае блогер — лёс яго партнёра Дзяніса. Той у 2025 годзе папрасіў прытулку ў Літве, і праз бюракратычныя абмежаванні, звязаныя з Дублінскім рэгламентам, пара не можа ўз'яднацца: еўрапейскае права патрабуе, каб запыт на прытулак разглядаўся ў першай краіне ўезду ў Еўрасаюз.

Каментары12

  • Малайчына.
    21.09.2025
    Хлопец працуе, выглядае прыемна, не ное (што, увы я чакаў).
    Рэспект.
    Буду рады даведацца, што і далей усё будзе добра і толькі лепш.
    Здароўя, і хай усе будзе добра.
  • Мясник
    21.09.2025
    [Рэд. выдалена]
  • ксм
    21.09.2025
    Какой Шейх , такие и чаевые...кхе...

Цяпер чытаюць

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

Забойца з Мінска падпісаў кантракт проста ў расійскай калоніі. Паваяваць да палону атрымалася два дні2

Што танная нафта прынясе Беларусі?6

20‑гадовы мінчук адважна і перпендыкулярна выехаў перад трамваем4

Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку6

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў4

Як у Амерыцы. У Бабруйску гандлёвы цэнтр адчынялі з помпай, пераразаннем чырвонай стужкі і штурмам дзвярэй7

У Венесуэле ў выніку землятрусу — больш за 200 загінулых, тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць