Грамадства6161

Офіс Ціханоўскай сапраўды разглядае пераезд у іншую краіну. Найперш — у Польшчу

Зніжэнне Літвой узроўню аховы Ціханоўскай адбілася на дзейнасці ўсяго ейнага офісу, які перайшоў на часткова дыстанцыйную працу. Праз два тыдні па рашэнні ўсё яшчэ невядома, як дакладна можа быць зладжаная новая сістэма аховы.

Дзяніс Кучынскі, Святлана Ціханоўская, Франак Вячорка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Офіс разглядае ў тым ліку магчымасць пераезду ў іншую краіну — запрашэнні ёсць. Але яшчэ няма дэталяў літоўскай прапановы, каб выбраць аптымальны варыянт, кажуць «Белсату» работнікі Офіса.

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка запэўніў «Белсат», што Офіс трымае камунікацыю з адміністрацыямі прэзідэнта і прэм’ер-міністра Літвы, з літоўскімі дэпутатамі і з Міністэрствам замежных спраў. 

«Цяпер ідзе абмеркаванне, як новая сістэма бяспекі павінна выглядаць, таму што гэта ж не толькі пра ахову, — тлумачыць Вячорка. — Гэта пра верыфікацыю людзей, пра бяспеку самога Офіса».

Цяпер Офіс Ціханоўскай разглядае розныя варыянты далейшай працы — Вячорка кажа, «усё магчыма». Але дадае: трэба дачакацца канчатковай пастановы Літвы і паглядзець, наколькі абароненая будзе праца Офіса.

Намесніца дырэктара Офісу Святланы Ціханоўскай Стася Гліннік пацвердзіла «Белсату», што Офіс разглядае цяпер розныя варыянты далейшай дзейнасці, у тым ліку пераезд з Літвы ў іншую краіну. Гэта, падкрэслівае яна, яшчэ нявызначанае пытанне, таму яна не можа нешта пацвярджаць ці аспрэчваць. Пастанова залежыць ад розных чыннікаў, у тым ліку фінансавага.

«У спадарыні Святланы ёсць некалькі прапановаў ад розных краін, дзе яна магла б мець такі ж высокі статус, як быў у Літве: гэта прэзідэнцкі ўзровень і ўзровень прэзідэнцкай аховы, — кажа Гліннік. — Адзін з такіх варыянтаў — гэта Польшча. Мне здаецца, разглядаецца ў першую чаргу Польшча, але гэта ўсё яшчэ няпэўна».

Рашэнне Літвы аб зніжэнні ўзроўню аховы Ціханоўскай было для яе офісу нечаканасцю, адзначае Гліннік. Давялося аператыўна пераглядзець рэжым працы: першы час працавалі выключна ў онлайн-рэжыме па-за офісам. Пасля «аперацыйная каманда» працягнула працу з офіса.

«Трэба разумець: тое, што адмянілі, гэта не нейкая раскоша, — падкрэслівае Гліннік. — Гэта не пра VIP-залы і VIP-тэрміналы. Мы ніколі іх не патрабавалі, гэта не тое, дзеля чаго гэта ўсё патрэбнае. Гэта ўсё ў першую чаргу патрэбнае дзеля бяспекі ўсёй структуры».

Калі захады бяспекі можна будзе аднавіць у Літве, то гэта таксама будзе разглядацца ў Офісе, лічыць Гліннік. Але будуць глядзець, які варыянт аптымальны.

«На сённяшні дзень тыя людзі, хто адчувае сябе ў бяспецы, прыходзяць [у офіс], а хто быў больш занепакоены ці непублічны, маюць права працаваць онлайн, — расказала Гліннік. — Мы распрацоўваем новыя захады бяспекі, некаторыя ўжо ўведзеныя. Для нас шмат зменаў у такой сферы працы Офісу, датычнай бяспекі».

Са словаў прэм’ер-міністаркі Літвы Інгі Ругінене, «ахова падабраная адпаведна ўзроўню пагрозаў» для Офісу. Вячорка ж падкрэслівае, што Офісу важна, каб каманда пачувалася ў бяспецы. 

«Калі дойдзе сітуацыя, то будзем разглядаць іншыя варыянты, — пацвярджае Вячорка. Ёсць шмат краінаў, якія гатовыя аказаць дапамогу і гатовыя прыняць і Офіс, і асобных работнікаў, і Святлану. У нас у прынцыпе частка каманды ўжо працуе ў Польшчы. Некаторыя працуюць нават у Даніі, у іншых краінах. Таму будзем сыходзіць з абставінаў».

Цяпер, калі пытанне бяспекі Офісу Ціханоўскай перадаюць з аднаго ведамства ў іншае, узнікае мноства пытанняў і праблемаў — і гэтым карыстаецца рэжым Аляксандра Лукашэнкі, кажа Вячорка. Ён дадаў, што павялічыўся ціск на працаўнікоў Офісу і іхных сваякоў. Літоўцам спрабуюць давесці, што гэтае пытанне трэба вырашыць як мага хутчэй.

Інцыдэнтаў рознага кшталту былі дзясяткі, мо больш за сотню, кажа Вячорка: ад самых дробных да спробаў узломаў акаўнтаў, трапіць у памяшканні і на сустрэчы, фізічных пагрозаў, якія «часам здараюцца» ў паездках. Пра гэта, адзначае Вячорка, не прынята казаць, каб не раскрываць, як працуе механізм бяспекі і аховы. Але часта інфармацыю пра пагрозы атрымліваюць літоўскія спецслужбы, якія спрабуюць перадухіліць рызыкі, як то было з паведамленнямі пра «мінаванне» кангрэсаў, што праводзілі дэмакратычныя сілы.

«Былі нават спробы ўсялякімі пэгасусамі заразіць нашую тэхніку, — расказвае Вячорка. — І тут мы вельмі ўдзячныя Літве, якая нас заўжды выручала».

«Ціск з боку спецслужбаў аказваўся на працаўнікоў Офісу ўвесь час працы, — адзначае Гліннік. — І мне здаецца, не толькі Офісу: ва ўсіх дэмакратычных сілаў гэта ўжо такая штодзённасць. Але, канешне, гэта працягваецца. І я не сказала б, што ўзровень пагрозаў работнікам Офіса і асабліва Святлане Ціханоўскай знізіўся. Гэта не адпавядае рэчаіснасці».

«Мы ўсе ў такой жа небяспецы, як і былі. Усё так жа разумеем, з чым маем дачыненне».

Каментары61

  • %
    15.10.2025
    Калі Летува не жадае, а яна відавочна апошнім часам не жадае, ня тое што офіс утрымліваць, а і ўвогуле трываць беларусаў (якія дарэчы не патрабуюць ні аховы, ні аплатаў з бюджэту), то напэўна варта мець нейкую годнасьць ды й сысці ад іх. Мне так здаецца.
  • Неабыякавы дзік
    15.10.2025
    Калі б офіс Ціханоўскай фінансавалі самі беларусы, то ўсе пытанні вырашаліся б прасцей. А поўная залежнасць ад замежных урадаў і грантавага фінансавання відавочна звязвае офісу рукі. Хаця я лічу што час для нейкіх рэформаў для дэмсілаў ужо страчаны.
  • Австрияк
    15.10.2025
    А смысл приезжать в Польшу? Чтобы дать Конфедерации очередную карту в 2027 году, что поляки финансируют не только Украину, всех тут укрваинуев якобы, а еще и офис Тихановской? Чтобы они на этом набрали себе баллы, а после победы под бурные аплодисменты убрали офис из Польши? Не факт что уберут конечно, не думаю что пис поддержит, но появится дополнительный вопрос в рамках которого будет подниматься тема как Польша всех «содержит»

Цяпер чытаюць

Чаму беларусы купляюць расійскія «Лады» і чаму ад іх плююцца7

Чаму беларусы купляюць расійскія «Лады» і чаму ад іх плююцца

Усе навіны →
Усе навіны

Як беларусы адрэагавалі на тыднёвую забарону абортаў8

Расія адхіліла прапанову Трампа аб замарозцы вайны па лініі фронту27

Нідэрланды пайшлі па шляху Трампа — плануюць высылаць мігрантаў ва Уганду7

Беларуска Вера Краўцова, якую забілі ў М'янме, вылецела з Тайланда добраахвотна14

Дураў прайшоўся па Францыі і прапанаваў выкупіць выкрадзеныя з Луўра каштоўнасці5

Сарказі прыехаў у турму адбываць тэрмін. Яго суправаджала жонка Карла Бруні6

«Наталля Эйсмант можа ўсё». Арыштаваны за хабары дырэктар Палаца Рэспублікі ўжо на свабодзе і нават з новай пасадай13

МЗС Польшчы: Не можам гарантаваць, што ў выпадку пралёту над тэрыторыяй краіны самалёт Пуціна не будзе пасаджаны для арышту10

«Я трываў». Айцішнік пражыў 5 гадоў без сэксу. Чаму людзі займаюцца гэтым усё радзей?35

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму беларусы купляюць расійскія «Лады» і чаму ад іх плююцца7

Чаму беларусы купляюць расійскія «Лады» і чаму ад іх плююцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць