Жанчына ў Польшчы 27 гадоў правяла не выходзячы з кватэры. Ніхто не думаў, што яна там
У Польшчы стала вядома пра 42‑гадовую жанчыну Мірэлу, якая 27 гадоў не выходзіла з дому. Выпадак адбыўся ў горадзе Свентахловіцы ў Сілезіі, паведамляе TV3 Katowice.

Суседзі выклікалі паліцыю пасля таго, як пачулі сварку у адной з кватэр. Калі праваахоўнікі ўвайшлі туды, то ўбачылі знясіленую жанчыну з пухлінамі на нагах, якая нават не магла самастойна спусціцца па лесвіцы.
Медыкам яна расказала, што не выходзіла на вуліцу больш за 20 гадоў. У яе не было ні дакументаў, ні медыцынскай страхоўкі, ні нават уласнага адзення. Першапачаткова паліцыя падазравала, што бацькі маглі ўтрымліваць дачку супраць яе волі, але пазней гэтая версія стала выклікаць сумневы.
Мірэла «знікла» яшчэ ў 15 гадоў — бацькі казалі, што дзяўчынка або некуды выехала, або яе выкралі. Насамрэч яна ўвесь гэты час жыла разам з бацькамі ў маленькай кватэры.
Пасля шпіталізацыі, дзе Мірэла правяла каля двух месяцаў, жанчына сама вярнулася дадому. Карэспандэнты польскага выдання Fakt наведалі яе, але маці не дазволіла журналістам нармальна пагаварыць з дачкой і не патлумачыла, чаму тая столькі гадоў не выходзіла з дому.
Маці сцвярджае, што «вадзіла дачку ў сад і да сяброў», але ні яна, ні Мірэла не могуць успомніць, калі гэта было апошні раз. Жанчына кажа, што хацела аднавіць дакументы дачкі, але «нешта не атрымалася». Яна таксама адмовілася прымаць дапамогу ад тых, хто пасля гісторыі пачаў прыносіць адзенне і рэчы.
Суседзі сям'і шакаваныя тым, што высветлілася цяпер. Паводле слоў адной з іх, 83‑гадовай Урсулы Кнапчык, дзяўчына калісьці была ветлівай і сімпатычнай, але знікла літаральна за адну ноч. Бацькі казалі, што яе «выкралі», і ніхто больш яе не бачыў.
Дырэктарка мясцовай сярэдняй школы пацвердзіла, што Мірэла вучылася менш за паўсеместра, а ў 1998 годзе яе вызвалілі ад навучання «па просьбе бацькоў».
Цяпер сям’ю кантралююць сацыяльныя службы, а паліцыя правярае, ці не былі парушаныя правы жанчыны. Паводле папярэдніх вынікаў, няма адназначных доказаў таго, што яе трымалі сілай.
Кіраўніца Цэнтра сацыяльнай дапамогі ў Свентахловіцах заявіла, што высновы рабіць пакуль рана, і заклікала да спакою і аб’ектыўнасці пры разглядзе гэтай складанай справы.
Каментары
Я ведаю такіх рэлігійных людзей, якія хочуць кантраляваць жыцце сваіх дачок і сыноў. Называецца псіхалагічны інцэст. Людзі нават пасля вызвалення ад кантралюючых нарцысічных бацькоў не могуць доўга аправіцца. У іх дэпрэсія з'яўляецца, а часам і ПТСР, калі фізічны гвалт да малых праяўляюць.
Страшна ўявіць, што рабілі з гэтай жанчынай! Што нават дасягнуўшы паўналецця, яна не змагла вызваліцца. Вось, чаму неабходна прыслухоўвацца да скаргаў дзяцей. Яны безабароненыя і не могуць даць адпор дарослым. А не абараняць нейкія там "каштоўнасці", дзе бацькі маюць рацыю і ім вырашаць, як выхоўваць дзіця. Нават калі іх выхаванне — суцэльнае прыніжэнне.
Адзін вядомы беларускі дзеяч бараніў такіх рэлігіёзных на сваім асабістым сайце пад выглядам «сямейных каштоўнасцяў». Імя называць не буду.