«Я — Джэйн Доу». Справа аб групавым згвалтаванні ў элітным універсітэце запусціла новы сусветны флэшмоб
Жанчыны і мужчыны публікуюць допісы з хэштэгам #IamJaneDoe. Так яны падтрымліваюць былую студэнтку Карнельскага ўніверсітэта, якая абвінаваціла семярых мужчын у групавым згвалтаванні. Таксама такім чынам яны спрабуюць перашкодзіць раскрыць яе сапраўднае імя.

«Джэйн Доу» — умоўнае імя, якім у амерыканскіх судах называюць жанчыну, калі яе асобу не раскрываюць.
Менавіта пад такім імем былая студэнтка аднаго з самых прэстыжных універсітэтаў ЗША падала пазоў супраць сямі мужчын, універсітэта і студэнцкіх арганізацый.
Паводле пазову, у ноч на 20 кастрычніка 2024 года сем членаў мужчынскага братэрства Chi Phi некалькі гадзін гвалтавалі 20‑гадовую дзяўчыну. Яна сцвярджае, што знаходзілася пад уздзеяннем алкаголю і кетаміну і не магла даць усвядомленай згоды.
Пасля здарэння дзяўчына кінула вучобу. У верасні 2026 года яна звярнулася ў суд, абвінаваціўшы Карнельскі ўніверсітэт у тым, што той не здолеў яе абараніць і недастаткова строга пакараў удзельнікаў.
У медыя семярых мужчын сталі называць «карнельскай сямёркай».
Навошта людзі называюць сябе Джэйн Доу
Законы штата Нью-Ёрк дазваляюць пацярпелым ад сэксуалізаванага гвалту звяртацца ў суд ананімна. Аднак пасля публікацыі пазову некаторыя карыстальнікі сацсетак пачалі высвятляць, хто ж менавіта хаваецца пад імем Джэйн Доу.
Адным з іх стаў амерыканскі журналіст і палітычны аглядальнік Майкл Трэйсі. Ён сцвярджаў, што грамадства павінна ведаць імя жанчыны, паколькі ў пазове названыя імёны абвінавачаных мужчын. Урэшце Трэйсі апублікаваў імя, якое палічыў сапраўдным, але пазней выдаліў допіс.
У адказ сацсеткі запоўнілі паведамленні: «Я — Джэйн Доу». Удзельнікі флэшмобу спадзяюцца, што вялікая колькасць аднолькавых допісаў заблытае пошукавыя алгарытмы і ўскладніць спробы знайсці сапраўднае імя дзяўчыны.
Адначасова людзі пачалі расказваць у гэтых допісах пра перажытыя дамаганні і сэксуалізаваны гвалт, у тым ліку ва ўніверсітэтах. Таму #IamJaneDoe параўноўваюць з рухам #MeToo, які пачаўся пасля абвінавачанняў супраць галівудскага прадзюсара Харві Вайнштэйна.
«Ёй нялёгка. Яе цкуюць у сацсетках», — расказаў адвакат дзяўчыны. Паводле яго, карыстальнікі памылкова прымалі за яго кліентку некалькіх іншых жанчын, якія таксама сталі аб’ектамі пераследу.
Што вядома пра справу
У матэрыялах пазову ёсць здымак групавога чата брацтва Chi Phi. Яго ўдзельнікі ў грубай форме абмяркоўвалі магчымасць «бясплатнага» сэксуальнага кантакту з Джэйн Доу.
Праз два дні пасля меркаванага гвалту адзін з мужчын напісаў дзяўчыне, што шкадуе аб тым, «як усё адбылося». Ён прызнаў, што дрэнна памятае тую ноч.
Адказы дзяўчыны былі супярэчлівымі. Яна таксама пісала, што яе памяць «вельмі затуманеная», а ўсе ўдзельнікі былі п’яныя. У адным паведамленні яна заявіла, што «нічога з сэксуальных дзеянняў не было незаконным»
Падчас пазнейшага допыту дзяўчына казала, што на пачатку ночы пагаджалася на тое, што адбывалася. Але пра наступныя падзеі яна заявіла паліцыі: «Я магу са стапрацэнтнай упэўненасцю сказаць, што мяне згвалтавалі».
У іншым пратаколе запісаныя яе словы: «Я адчувала, што не магу прымаць ніякіх рашэнняў праз тое, наколькі моцна была п’яная».
У 2024 годзе абвінавачанні нікому не выставілі. Пракуратура палічыла, што доказаў недастаткова.
Дзяўчына абвінаваціла ўніверсітэт у тым, што ён не абараніў яе і недастаткова строга пакараў удзельнікаў. Паводле пазову, некаторым з іх прапанавалі змякчыць адказнасць, напісаўшы эсэ.
Пасля грамадскага рэзанансу губернатар Нью-Ёрка Кэці Хокул перадала адноўленае расследаванне генеральнаму пракурору штата Летыцыі Джэймс.
«Новая інфармацыя выклікала сур’ёзныя пытанні наконт таго, як вялася гэтая справа», — патлумачыла Хокул.
Універсітэт заяўляе, што правёў уласнае расследаванне і пакараў удзельнікаў: некаторых адлічылі, іншых часова адхілілі ад вучобы. Пры гэтым універсітэт не адмаўляе, што часткай пакарання для некаторых магло быць напісанне эсэ.
Брацтва Chi Phi паведаміла, што выключыла абвінавачаных са сваіх шэрагаў, а яго мясцовае аддзяленне закрылі яшчэ ў 2024 годзе. Адзін з сямі мужчын праз адваката адмаўляе датычнасць да сэксуальных дзеянняў і ўжывання кетаміну.
Справа пакуль не завершаная, а віна нікога з мужчын не даказаная ў судзе. Але яна зноў паставіла пытанне, ці могуць пацярпелыя ад сэксуалізаванага гвалту расказваць пра перажытае, не рызыкуючы самі стаць аб’ектамі цкавання.
Каментары
То бок, пракаратура спрацавала як мае быць (не паверыўшы на слова алкагалічцы ды наркаманцы). Дык у чым проблема зараз?
Прыйсці на ўпіску, нюхнуць наркаты, зрабіць групавушку - свабодная дзяўчына ў свабодным свеце, мара сучасных. .. пакуль усе ва універсітэце пра гэта не даведаюцца, тады з кляймом шлюхі яна пачынае распавядаць тое, што з яе пункту гледжання павінна абараніць яе рэпутацыю, кажа што гэта было згвалтаванне.
[Зрэдагавана]