Пакроўск і Мірнаград на мяжы падзення. Наколькі там крытычная сітуацыя для Украіны і што будзе далей?
Галоўная мэта наступальнай кампаніі расійскай арміі — буйны прамысловы горад Пакроўск і яго спадарожнік Мірнаград — нібыта апынуліся ў акружэнні. Прынамсі пра гэта заяўляюць расійскія ўлады. Украінскі бок гэта адмаўляе, але гаворыць пра «цяжкую сітуацыю» на гэтым участку фронту. Што там адбываецца насамрэч, паспрабавала разабрацца Украінская служба Бі-бі-сі.

Пасля падзення Аўдзееўкі ў лютым 2024 года расійскія войскі скіравалі намаганні свайго маштабнага наступлення на паўночны захад — у бок Пакроўска. Амаль 40 кіламетраў да ўскраін горада яны пераадолелі за паўгода і ўвосень 2024‑га наблізіліся да прыгарадаў агламерацыі Пакроўск — Мірнаград.
Асобныя вайсковыя аналітыкі прагназавалі акупацыю гэтых населеных пунктаў на працягу пары месяцаў. Аднак Узброеныя сілы Украіны змаглі нарасціць свае намаганні і нават адкінуць праціўніка ад ускраін Пакроўска ў пачатку 2025-га.
Улетку і ў пачатку восені гэтага года расійскія войскі змянілі тактыку і замест буйных механізаваных штурмаў пачалі невялікімі пяхотнымі групамі праточвацца міма ўкраінскіх абарончых парадкаў і канцэнтравацца ў тыле. Там яны атакавалі ўкраінскіх вайскоўцаў і захоплівалі іх пазіцыі.
Ва ўмовах вострага дэфіцыту пяхоты ва УСУ гэтая тактыка ўрэшце дала свой вынік. Па стане на канец кастрычніка, расіянам удалося максімальна ўскладніць лагістыку УСУ на гэтым участку і нават узяць пад свой кантроль асобныя раёны Пакроўска. Пры гэтым у горадзе, які амаль знішчаны руйнавальнымі ўдарамі бомбаў і дронаў, да гэтага часу застаецца каля 1,2 тысячы цывільных асоб, кажуць улады.
Акружэнне ці не?
«Злучэнні і вайсковыя часці 2‑й і 51‑й армій, наступаючы сустрэчнымі кірункамі, завяршылі акружэнне праціўніка ў раёне Чырвонаармейска і Дзімітрава (гэтымі савецкімі назвамі ўлады РФ называюць Пакроўск і Мірнаград. — Рэд.). Заблакаваная буйная групоўка Узброеных сіл Украіны», — заявіў 26 кастрычніка начальнік Генштаба УС РФ Валерый Герасімаў падчас дакладу прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну.
Па словах кіраўніка арміі РФ, у акружэнні апынуўся 31 батальён УСУ. Мінабароны ўдакладніла, што гэта складае каля 5,5 тысяч вайскоўцаў.
Словы пра «акружэнне» Пакроўска Пуцін паўтарыў яшчэ раз 29 кастрычніка, выказаўшы ідэю абвясціць рэжым цішыні на некалькі гадзін і запусціць у Пакроўск групы замежных журналістаў, каб яны самі ацанілі сітуацыю.

Варта адзначыць, што заявы пра поўнае акружэнне Пакроўска і Мірнаграда ўспрынялі са скепсісам нават у асяроддзі расійскіх ваенных блогераў.
Напрыклад, на картах баявых дзеянняў, якія штодня публікуе праект расійскага прапагандыста Сямёна Пегава WarGonzo, відаць, што па стане на 29 кастрычніка армія РФ не замкнула ўчастак фронту каля сёлаў Родзінскае, Чырвоны Ліман і Грышына. Гэта ваколіцы Пакроўска і Мірнаграда, праз якія праходзяць ключавыя дарогі, якія пакуль утрымліваюць украінскія войскі.
У той жа час праезд аўтатранспарту і бранятэхнікі па іх амаль немагчымы з-за агнявога кантролю расійскіх войскаў і актыўнага выкарыстання БПЛА. Украінцам даводзіцца забяспечваць лагістыку падраздзяленняў альбо пешшу, альбо з дапамогай грузавых наземных і паветраных дронаў.
Днём 29 кастрычніка тэлеграм-паблікі апублікавалі відэакадры ўстаноўкі сцяга РФ на стэле каля ўезду ў Пакроўск з боку Грышына. Праз некалькі гадзін сцяг збіў украінскі FPV-дрон. Аднак гэтая сітуацыя паказвае, наколькі далёка ўглыб горада змаглі пратачыцца расійскія войскі.
Акрамя ахопу з флангаў, армія РФ ажыццяўляе франтальны ціск на абарончыя пазіцыі УСУ ў Пакроўску, атакуючы з паўднёвага і паўднёва-заходняга кірункаў. Тут расіянам удалося замацавацца ў прыгарадзе, а таксама ўзяць пад кантроль асобныя раёны на поўдзень ад чыгуначных пуцей, якія дзеляць горад амаль напалову. Акрамя таго, зафіксавана прасоўванне на некаторых участках на поўнач ад чыгункі і баі за вялікую прамзону на заходніх ускраінах горада.

Таксама армія РФ пачала механізаваны штурм усходніх ускраін Мірнаграда. Тут яе галоўная мэта — узяць пад кантроль тэрыкон шахты 5/6 і квартал шматпавярховікаў, што дазволіць кантраляваць увесь горад, які ляжыць у нізіне.
У выпадку, калі ў расійскіх войскаў у Пакроўску і Мірнаградзе, якія наступаюць насустрач адзін аднаму, атрымаецца замкнуць кольца, яны фактычна разрэжуць напалову ўкраінскую абарону ў гэтай агламерацыі і падраздзяленні УСУ, якія да гэтага часу ўтрымліваюць асобныя пазіцыі на паўднёва-ўсходніх ускраінах каля Навапаўлаўкі і Лісоўкі, апынуцца ў «катле».
«Вялікая шэрая зона»
У камандаванні 7‑га корпуса дэсантна-штурмавых войскаў, які адказвае за гэты ўчастак фронту, адмовіліся пракаментаваць Украінскай службе Бі-бі-сі сітуацыю з устанаўленнем расійскага сцяга каля Пакроўскай стэлы.
Там адзначылі, што расіяне прыцягнулі амаль 11 тысяч вайскоўцаў для акружэння Пакроўскай агламерацыі. Частка з іх змагла інфільтравацца непасрэдна ў сам горад. Вайсковыя аналітыкі кажуць, што гэта каля 200‑300 чалавек.
Лічбу ў 200 расіян у Пакроўску напярэдадні назваў журналістам і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. 27 кастрычніка ён сказаў, што Украіна «трымае Пакроўск».
За 28‑29 кастрычніка ўкраінскія войскі знішчылі непасрэдна ў Пакроўску 18 байцоў арміі РФ, паведамілі ў камандаванні корпуса. Там таксама падкрэслілі, што праціўнік не мае намеру замацоўвацца на тэрыторыі, а плануе прасоўвацца далей на поўнач, каб «расцерушыць сілы» ўкраінскай абароны і заблакаваць сухапутныя лагістычныя калідоры ў горад.
Украінскі аналітычны OSINT-праект DeepState называе сітуацыю ў Пакроўску «на мяжы крытычнай». Эксперты адзначаюць, што расіяне, якія змаглі пратачыцца ў жылую забудову, здзяйсняюць дыверсіі, засады, мініруюць дарогі, атакуюць украінскія тылавыя падраздзяленні, у прыватнасці часці РЭБ, артылерыстаў, аператараў БПЛА.

«Горш за ўсё — вораг змог зламаць лагістыку ў напрамку Мірнаграда і ўсёй агламерацыі горада. Акрамя засад пяхоты, актыўна працуюць варожыя дроны, якія манітораць і ажыццяўляюць паражэнні па перамяшчэннях на пазіцыі, правізіі і да таго падобнага. Актыўнасць варожых пілотаў значна ўзрасла, калі ў горад пачала праточвацца пяхота, а дроншчыкі ворага дапамагаюць знішчаць нашу лагістыку, каб даць магчымасць патроху паглынаць горад», — сказана ў заяве DeepState.
У гэтай сітуацыі, адзначаюць аналітыкі, для ўкраінскага камандавання неабходна заблакаваць шляхі праточвання расіян у Пакроўск і зачысціць значнымі сіламі тыя падраздзяленні, якія ўжо сканцэнтраваліся і схаваліся ў жылых кварталах.
«Сітуацыя ў Пакроўску на мяжы крытычнай і працягвае пагаршацца да таго моманту, што выправіць усё можа быць ужо позна», — адзначаецца ў заяве.
На анлайн-карце DeepState большая частка Пакроўска і ўсходнія ўскраіны Мірнаграда па стане на 29 кастрычніка знаходзяцца ў шэрай зоне. Гэта значыць, там зафіксавана перамяшчэнне расійскіх войскаў, але няма звестак пра іх упэўнены кантроль над гэтай тэрыторыяй. Гэта звязана з тым, што на многіх участках фронту тут усё яшчэ захоўваюцца ўкраінскія пазіцыі, якія фактычна цяпер апынуліся ў тыле расіян.
Гэта істотна адрозніваецца ад сітуацыі, напрыклад, у Бахмуце вясной 2023 года, калі расійскія вайскоўцы зачышчалі паступова квартал за кварталам, выціскаючы праціўніка.
Бягучы стан спраў у Пакроўску дазваляе аналітыкам DeepState называць увесь горад «вялікай шэрай зонай». Прыклад аперацыі захопу расіянамі Аўдзееўкі або Курахава, дзе ўкраінскія падраздзяленні таксама былі на мяжы акружэння, паказвае, што такі стан спраў не можа працягвацца доўга. Калі своечасова не разблакаваць лагістыку, то прыйдзецца адводзіць войскі ў максімальна складаных умовах у апошні момант.
 
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
        
Каментары