Храм Саграда Фамілія ў Барселоне стаў самым высокім у свеце. На яго паставілі першую частку крыжа
Будаўнікі барселонскага храма Святога Сямейства (Саграда Фамілія) узнялі на яго цэнтральную вежу першую частку крыжа. Пасля гэтага збудаванне дасягнула вышыні 162,91 метра і такім чынам стала самым высокім храмам у свеце, пiша Бі-бі-сі.

Гэты рэкорд з 1890 года ўтрымліваў Ульмскі сабор (царкву, якую пачалі будаваць у XIV стагоддзі і дабудавалі ў XIX), яго вышыня складае 161 метр.
Храм Саграда Фамілія архітэктара Антоніа Гаудзі будуецца ўжо больш за 100 гадоў, але яго асноўны будынак павінен быць цалкам скончаны ў наступным годзе.
На працягу найбліжэйшых некалькіх месяцаў на цэнтральнай вежы Ісуса Хрыста будуць усталяваны астатнія часткі крыжа — і пасля гэтага яе вышыня дасягне 172 метраў.
Першы камень храма Саграда Фамілія быў закладзены ў 1882 годзе, а на наступны год яго будаўніцтва ўзначаліў тады яшчэ малады архітэктар Антоніа Гаудзі.
Затым гэтая царква ператварылася ў галоўны праект яго жыцця: ён цалкам перапрацаваў арыгінальны дызайн збудавання, якое павінна было стаць адносна сціплым храмам, узведзеным на дабрачынныя ахвяраванні вернікаў.
У момант смерці Гаўдзі ў 1926 годзе была ўзведзена толькі адна з 18 запланаваных ім вежаў.
У наступныя гады храм паступова дабудоўваўся, і працэсам кіраваў Фонд Саграда Фамілія, які атрымлівае сродкі ад продажу білетаў і прыватных донараў.
За амаль паўтара стагоддзя будаўніцтва сутыкалася з многімі праблемамі.
Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі каталонскія анархісты падпалілі падземную крыпту, у выніку чаго былі знішчаны чарцяжы і макеты будынка, вырабленыя Гаудзі.
Акрамя таго, работы ў храме былі на некаторы час спынены падчас пандэміі кавіду. У фондзе Саграда Фамілія паведамлялі, што гэта звязана з недахопам паступленняў ад продажу білетаў.
Аднак у верасні мінулага года генеральны дырэктар фонда Хаўер Марцінес сказаў агенцтву Associated Press, што цэнтральную вежу Ісуса Хрыста дабудуюць у 2026 годзе, калі будзе адзначацца стагоддзе з дня смерці Гаудзі.
У гонар архітэктара, пахаванага ў крыпце храма Святога Сямейства, будзе праведзена некалькі памятных мерапрыемстваў.
Будаўнікі працягнуць працаваць над заканчэннем храма на працягу наступнага дзесяцігоддзя: у тым ліку яны створаць новыя дэкаратыўныя элементы і скульптуры, а таксама пабудуюць лесвіцу да галоўнага ўваходу ў збудаванне.
 
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
         
        
Каментары