Трамп рэзка знізіў колькасць уцекачоў, якіх прымуць ЗША. Прыярытэт аддадуць белым паўднёваафрыканцам
Адміністрацыя Дональда Трампа рэзка знізіла колькасць уцекачоў, якіх ЗША прымуць у наступным годзе. Яна пагадзілася даць прытулак 7,5 тыс. чалавек, пры гэтым прыярытэт будзе аддадзены белым паўднёваафрыканцам. Папярэдні ліміт, устаноўлены прэзідэнтам Джо Байдэнам, складаў 125 000. Новая столь — рэкордна нізкая для ЗША, піша Бі-бі-сі.

Прычына скарачэння колькасці ўцекачоў афіцыйна не ўказана, але ў паведамленні гаворыцца, што гэта мера апраўданая гуманітарнымі меркаваннямі або адпавядае нацыянальным інтарэсам.
20 студзеня, у свой першы ж дзень на пасадзе прэзідэнта, Трамп падпісаў указ аб прыпыненні праграмы прыёму ўцекачоў у ЗША (USRAP), заявіўшы, што гэта дазволіць амерыканскім уладам засяродзіцца на нацыянальнай і грамадскай бяспецы. Па яго меркаванні, краіна не здольная прымаць вялікую колькасць мігрантаў, не змяншаючы пры гэтым даступнасць дзяржаўных рэсурсаў для амерыканцаў.
Раней самая нізкая столь прыёму ўцекачоў была ўсталяваныя падчас першага тэрміну Трампа ў 2020 годзе — 15 000 чалавек на 2021 фінансавы год (фінансавы год не супадае з каляндарным: для федэральнага ўрада ён усталяваны з 1 кастрычніка па 30 верасня, а ў 46 з 50 штатаў ён пачынаецца 1 ліпеня і заканчваецца 30 чэрвеня). Як паведамляецца на сайце Федэральнага рэгістра, афіцыйнага часопіса ўрада ЗША, большая частка з 7 500 квот будзе «ў асноўным» выдзелена афрыканерам — белым паўднёваафрыканцам, а таксама «іншым ахвярам незаконнай або несправядлівай дыскрымінацыі ў іх краінах».
У лютым прэзідэнт ЗША абвясціў пра прыпыненне крытычна важнай дапамогі Паўднёвай Афрыцы і прапанаваў членам супольнасці афрыканераў — у асноўным белым нашчадкам ранніх галандскіх і французскіх пасяленцаў — перасяліцца ў ЗША ў якасці ўцекачоў.
ЗША таксама выслалі з краіны пасла Паўднёвай Афрыкі ў ЗША Эбрагима Расула, паколькі той абвінаваціў Трампа ў тым, што той спрабуе забяспечыць папулярнасць, ўскосна падтрымліваючы прыхільнікаў расісцкай ідэалогіі і прадстаўляючы белае насельніцтва ў якасці ахвяры.
У траўні гэтага года, падчас сустрэчы ў Авальным кабінеце, Трамп абвінаваціў прэзідэнта Паўднёвай Афрыкі Сырыла Рамафосу ў тым, што ў яго краіне забіваюць і прыгнятаюць белых фермераў.
Белы дом таксама паказаў відэа, на якім, як сцвярджалася, былі зафіксаваны магілы забітых белых фермераў. Аднак пазней высветлілася, што гэта былі кадры з акцыі пратэсту 2020 года, дзе крыжы сімвалізавалі фермеры, якія загінулі на працягу многіх гадоў. А некалькі дзён да гэтай напружанай сустрэчы ЗША надалі прытулак 60 афрыканерам.
Урад Паўднёвай Афрыкі рашуча адрынуў сцвярджэнні аб тым, што афрыканеры або іншыя белыя паўднёваафрыканцы падвяргаюцца пераследу.
Палітыка ЗША, якая прадугледжвае прыём белых паўднёваафрыканцаў, ужо выклікала абвінавачванні ў дыскрымінацыі з боку праваабарончых арганізацый.
Некаторыя з іх сцвярджаюць, што цяпер ЗША фактычна зачыненыя для іншых пераследуемых груп або людзей, якія падвяргаюцца небяспецы ў сваіх краінах — а гэта ў тым ліку былыя саюзнікі ЗША ў Афганістане і на Блізкім Усходзе.
«Гэта рашэнне не проста зніжае стол прыёму ўцекачоў, яно зніжае наш маральны аўтарытэт», — заявіла ў гэты чацвер прэзідэнт і генеральны дырэктар арганізацыі Global Refuge Крыш О’Мара Вігнараджа.
«У момант, калі адбываюцца шматлікія крызісы — ад Афганістана да Венесуэлы, Судану і іншых краін, даць большую частку квот толькі адной групе — гэта значыць падарваць сутнасць праграмы і давер да яе», — дадала яна.
Што кажа статыстыка злачынстваў у ПАР
Арганізацыя Refugees International таксама рэзка асудзіла крок адміністрацыі Трампа, заявіўшы, што ён «ператварае абарону ўцекачоў і амерыканскія каштоўнасці ў высмейванне».
«Скажам шчыра: з якімі б цяжкасцямі ні сутыкаліся некаторыя афрыканеры, гэтая група не мае пераканаўчых падстаў для атрымання статусу ўцекача — яны не хаваюцца ад сістэматычнага пераследу», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Урад Паўднёвай Афрыкі пакуль не пракаментаваў сітуацыю.
Падчас майскай сустрэчы ў Авальным кабінеце Рамафоса выказаў надзею, што амерыканскія чыноўнікі «выслухаюць паўднёваафрыканцаў па гэтым пытанні», і пазней дадаў, што, на яго думку, у Трампа «ёсць сумневы і недавер адносна ўсяго гэтага».
У гэтым годзе Рамафоса падпісаў закон, які дазваляе ўраду ў некаторых выпадках адбіраць прыватную зямлю без кампенсацыі. Вакол гэтага законапраекта ішлі актыўныя спрэчкі.
Паўднёвая Афрыка не ўлічвае дадзеныя пра расавую прыналежнасць ахвяр у сваёй статыстыцы крымінальных злачынстваў.
Аднак апублікаваныя ў гэтым годзе даныя паказалі, што з кастрычніка па снежань 2024 года ў краіне было забіта 7 000 чалавек. З іх 12 сталі ахвярамі нападаў на фермах, і толькі адзін з забітых быў фермер.
Яшчэ пяць чалавек былі жыхарамі ферм, а чацвёра — рабочымі, верагодна, чорнымі.
Каментары