Свет33

Археолагі знайшлі доказы таго, што найстаражытнейшыя продкі чалавека — якія жылі 2,5 млн гадоў таму — ужо ўмелі навучаць і перадаваць веды

Насуперак існуючым дагэтуль уяўленням, самыя старажытныя з першабытных людзей, якія жылі больш за 2,5 млн гадоў таму, тысячагоддзямі, з пакалення ў пакаленне, перадавалі тэхніку вырабу прымітыўных прылад працы, і гэта дапамагло ім перажыць кардынальнае змяненне клімату. Такое адкрыццё зрабіла каманда археолагаў, вывучаючы адзін з раёнаў пражывання гэтых старажытных людзей у Афрыцы, на поўначы Кеніі, піша Бі-бі-сі.

Дагэтуль навукоўцы меркавалі, грунтуючыся на разрозненых знаходках каменных прылад працы, што самыя старажытныя продкі чалавека рабілі і выкарыстоўвалі іх спарадычна: часам і дзе-нідзе іх вынаходзілі, але потым забывалі.

Цяпер жа каманда археолагаў, вывучыўшы знаходкі з розных пластоў, зробленыя на новым археалагічным аб'екце Намаратукунан на поўначы Кеніі, у басейне возера Туркана, прыйшлі да высновы, што старажытны продак homo sapiens, «чалавек умелы» (homo habilis), які там жыў, перадаваў тэхніку вырабу каменных прылад працы з пакалення ў пакаленне на працягу 300 тысяч гадоў.

Справаздачу аб сваім адкрыцці навукоўцы апублікавалі на гэтым тыдні ў дадатку да часопіса Nature.

Па словах кіраўніка даследавання, прафесара Дэвіда Браўна з амерыканскага Інстытута Джорджа Вашынгтона, гэта адкрыццё дае падставы для радыкальнага перагляду нашых уяўленняў пра эвалюцыю чалавека.

«Мы думалі, што прылады працы з'яўляліся толькі ў выглядзе кароткіх успышак і затым знікалі. Але калі мы бачым адно і тое ж на працягу 300 тысяч гадоў, гэтая выснова няслушная, — сказаў прафесар Браўн. — Прымяненне прылад працы (людзьмі і продкамі людзей), верагодна, пачалося значна раней і было больш стабільным, чым мы думалі».

Археолагі працавалі ў Намаратукунане дзесяць гадоў і знайшлі 1300 вострых скрабкоў, прымітыўных каменных малаткоў, якімі рабілі іншыя прылады, а таксама так званых літычных ядраў. Усе інструменты былі зроблены са старанна адабраных камянёў з ракі. Гэтую тэхніку вырабу самых простых прылад працы навукоўцы называюць алдавайскай, яна была шырока распаўсюджана сярод першых продкаў сучаснага чалавека.

Аднолькавыя прылады ў Намаратукунане сустракаюцца ў трох археалагічных пластах, падзеленых сотнямі тысяч гадоў. Па словах доктара Дана Палчу Ральера з бразільскага Універсітэта Сан-Паўла, многія камяні падабраныя спецыяльна, з улікам іх уласцівасцяў, што дазваляе меркаваць, што тыя, хто рабіў з іх інструменты, добра ведалі, што шукаць.

«У гэтым месцы мы назіраем неверагодны ўзровень складанасці, — сказаў доктар Палчу Ральер у эфіры Бі-бі-сі. — Гэтыя хлопцы былі вельмі ўмелымі геолагамі. Яны ведалі, дзе знайсці найлепшую сыравіну, і іх каменныя прылады цудоўныя. Некаторымі з іх на самай справе можна парэзацца».

Пры гэтым геалагічныя даныя дазваляюць меркаваць, што мастацтва вырабу прылад дапамагло гэтым старажытным людзям перажыць радыкальную змену клімату.

Па словах старшага навуковага супрацоўніка Нацыянальных музеяў Кеніі Рахаба Н. Кіньянджуі, у тую эпоху ў гэтым рэгіёне цэнтральнай Афрыкі клімат паступова стаў значна сушэйшым, і пышную зеляніну змянілі сухая саванна, па якой пракатваліся пажары, і паўпустыні.

Па словах доктара Палчу Ральера, жывёл такія перамены прымусілі б эвалюцыйна прыстасавацца, сысці ў іншыя месцы або вымерці. Але першабытныя людзі, якія рабілі прылады працы, верагодна, прыстасаваліся да перамен менавіта пры дапамозе гэтага мастацтва, а не шляхам біялагічнай эвалюцыі.

«Гэта ўменне дапамагло найстаражытнейшым жыхарам Усходняй Турканы выжыць у клімаце, які хутка мяняўся, — не адаптуючыся пры гэтым самім, фізічна, а адаптуючы спосабы здабычы ежы», — кажа навуковец.

І гэта разыходжанне з жывёльным светам адбылося, як падкрэслівае доктар Палчу Ральер, на самым досвітку існавання чалавецтва.

«Выкарыстанне прылад працы дазволіла ім не мяняць свае арганізмы, каб прыстасавацца да перамен. Замест гэтага яны выпрацавалі тэхніку, патрэбную для здабычы ежы: прылады, якімі можна было разразаць тушы жывёл і выкопваць расліны», — тлумачыць навуковец.

Доказы гэтаму археолагі знайшлі ў Намаратукунане — там знайшлі косці жывёл, рассечаныя каменнымі інструментамі. Гэта паказвае, што ўвесь час, пакуль мяняўся клімат, старажытныя людзі палявалі і елі мяса.

«Гэтая тэхналогія давала ім перавагу [у барацьбе за выжыванне]. Яны мелі доступ да розных відаў ежы. Крыніцы ежы мяняліся, але ў іх была гэтая тэхналогія, і дзякуючы ёй яны змаглі перажыць гэтыя перамены, знаходзячы новую ежу», — кажа доктар Палчу Ральер.

Археалагічная пляцоўка каля гары Намаратукунан на поўначы Кеніі, недалёка ад вялікага возера Туркана. Мільёны гадоў таму тут працякала вялікая рака, на берагах якой сяліліся старажытныя людзі і іх продкі

2,75 млн гадоў таму ў гэтым рэгіёне, у цэнтральнай Афрыцы, жылі самыя першыя продкі чалавека. Мозг у іх быў прыкладна ў два разы меншы, чым у сучасных людзей. Гэтыя першабытныя людзі, магчыма, жылі адначасова з іх папярэднікамі ў эвалюцыйным сэнсе, аўстралапітэкамі, якія валодалі вялікімі зубамі і сумессю рыс чалавека і шымпанзэ.

Інструменты, знойдзеныя ў Намаротукунане, рабілі або адны, або іншыя, а можа, абодва гэтыя віды.

Як адзначае прафесар Браўн, дагэтуль навукоўцы меркавалі, што стабільнае прымяненне прылад працы пачалося значна пазней, 2,4-2,2 млн гадоў таму, калі першабытныя людзі эвалюцыянавалі ў істот з істотна большым аб'ёмам мозгу.

«Многія меркавалі, што прымяненне інструментаў дазваляла ім сілкаваць вялікі мозг. Але ў Намаратукунане мы бачым, што гэтыя вельмі старажытныя прылады прымяняліся да павелічэння памеру мозгу», — кажа Дэвід Браўн.

«Мы, магчыма, моцна недаацэньвалі гэтых старажытных людзей і продкаў чалавека, — разважае прафесар. — Мы цяпер можам прасачыць вытокі нашай здольнасці адаптавацца да перамен шляхам прымянення тэхналогій аж да эпохі, якая была 2,75 млн гадоў таму, а можа быць, і значна далей».

Каментары3

  • Жвір
    08.11.2025
    Навука шчэ ня ведае ўсяго. Яшчэ абавязкова высьветліцца, што й дыназаўры зьніклі таму, што з'явіліся "homo hunters", якія й вынішчылі дыназаўраў у барацьбе за жыцьцёвую прастору.

    2-3 млн гадоў, неймаверна замала, па тым часе, каб тое "людзтва", выправіўшыся з адной, агульнай для ўсіх, кропкі на афрыканскім кантыненце, засяліла ўсе кантыненты ды адаптавалася да ўмоваў пражываньня на іх.
    І заўважце, што да пэўнага часу узровень разьвіцьця людзей на ўсіх кантынентах, і у розных кліматычных/прыродных умовах, быў прыкладна аднолькавы (акром фізіялягічнага), і аднолькавы ня толькі ў авалоданьні рознымі тэхнічнымі майстэрствамі, але, прыкладна аднолькавы у духоўным і культурным жыцьці. Усе тыя першабытныя кам'юніці, знаходзячыся на вялізных адлегласьцях адна ад адной па ўсёй плянэце, да пэўнага моманту праходзілі адны й тыя ж стадзіі у сваёй эвалюцыі адначасова(!). Гэта значыць, што пачатак пуці ляжыць на дзясяткі мільёнаў гадоў раней, чым мае лічыць навука.
    І так працягвалася да моманту, калі ў пэўных геаграфічных раёнах шчыльнасьць чалавечага насельніцтва не спрычынілася ўзьнікненьню пэўнага ўзроўню канкурэнцыі !!! А гэта ўжо адбылося на ўсіх заселеных людзьмі тэрыторыях плянэты неадначасова(!), з аграмаднай розьніцай у часе. Менавіта з гэтага моманту эвалюцыя чалавечай грамады набыла розную хуткасьць разьвіцьця (тэхналягічнага, культурнага, духоўнага). Упфф...
  • 12345
    08.11.2025
    І гэта былі белоруссы!
  • і коткі
    09.11.2025
    кацянят навучаюць.
    што тут даказваць?

Цяпер чытаюць

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»9

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»

Усе навіны →
Усе навіны

У Гродне каларытнага вулічнага музыку папрасілі пакінуць цэнтр горада. А разам з ім і іншых рамеснікаў13

У Мінску больш не дадуць зямлі пад будаўніцтва прыватнікам4

У кастрычніку самы дарагі дом у Беларусі купілі ў закрытым пасёлку каля Мінскага мора1

«Фуры расцягнуліся на кіламетры. Стаяць уздоўж дарогі — проста, бокам. Стаяць у полі». Відавочца расказаў пра сітуацыю перад «Каменным Логам»11

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»10

Адна з беларусак, пацярпелых падчас ДТЗ у Тайландзе, у цяжкім стане

На Беларускай чыгунцы аднаго з супрацоўнікаў затрымалі за нібыта спрыянне кантрабандзе цыгарэт3

Прэм'ер Літвы прыехала на беларускую мяжу15

Як выглядае старажытны беларускі човен

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»9

Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць