У беларускіх бальніцах адкрываюць новыя тып аддзяленняў для дарослых пацыентаў
У бальніцах Беларусі пачынаюць адкрываць новы тып аддзяленняў для дарослых пацыентаў — аддзяленні рэспіраторнай падтрымкі. Пра гэта паведаміла дырэктарка Рэспубліканскага клінічнага цэнтра паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям Людміла Бомберава.

У Беларусі з 2009 года назапашаны значны досвед арганізацыі рэспіраторнай падтрымкі дзяцей. Тады Беларускі дзіцячы хоспіс запусціў праграму дапамогі на даму. Дзякуючы ёй каля 80% дзяцей, якім неабходная штучная вентыляцыя лёгкіх, могуць атрымліваць яе ва ўласным доме. Астатнія пацыенты карыстаюцца апаратамі ШВЛ у аддзяленнях паліятыўнай дапамогі пры дамах дзіцяці або ў рэанімацыйных аддзяленнях стацыянараў. Гэта тычыцца адносна невялікай часткі юных пацыентаў.
Цяпер падобныя аддзяленні ствараюць і для дарослых. Іх будуць адкрываць пры стацыянарах, а адпаведныя палаты могуць таксама размяшчацца ў аддзяленнях паліятыўнай дапамогі. Яны прызначаныя для пацыентаў, якім немагчыма арганізаваць штучную вентыляцыю лёгкіх дома з медыцынскіх ці іншых прычын.
Такія аддзяленні плануюць стварыць па ўсёй краіне. Колькасць ложкаў і канкрэтныя месцы іх размяшчэння вызначаць упраўленні аховы здароўя аблвыканкамаў. На гэты момант аддзяленні рэспіраторнай падтрымкі ўжо працуюць у Мінску, Магілёве і Віцебску.
Каментары