У прапагандысткі «Спутніка» абакралі кававы пункт, а міліцыя нічога не зрабіла
З кавярні самаабслугоўвання работніцы прарасійскага «Спутнік Беларусь» (раней яна была галоўрэдам барысаўскай раёнкі) у верасні вынеслі ўсе расходныя матэрыялы — кубачкі для кавы, цукар — і нават спрабавалі зліць сіропы з дазатараў.

Пра крадзеж выходзіў сюжэт на дзяржаўным канале АНТ, але ў міліцыі адмовіліся караць чалавека, які добра засвяціўся на камеры, і заводзіць справу. Праблем з такім рашэннем не пабачылі і ў пракуратуры. Але прапагандыстка, мяркуючы з рэакцыі ў сацыяльных сетках, не чакала такога ад праваахоўнай сістэмы, піша «Белсат».
Інцыдэнт адбыўся ў кавапункце Кацярыны Куніцы ў Мінску. Куніца (да замужжа Вараб'ёва) — былая галоўная рэдактарка барысаўскай раёнкі «Адзінства». Яе звольнілі ўлетку 2022 года, калі тая паскардзілася праўладнаму блогеру на праблемы ў горадзе, чыноўнікаў і на «інструкцыі» для дзяржаўных СМІ з боку ўлады. Цяпер яна працуе на «Спутнік Беларусь» — беларускім аддзяленні расійскага праўладнага агенцтва навінаў.
У сакавіку Куніца ў адным з офісных будынкаў у раёне метро «Пушкінская» адкрыла паводле франшызы кавярню самаабслугоўвання — кавакропку. Там, у адрозненне ад вэндынгавых аўтаматаў, на месцы шмат расходнікаў: папяровыя кубачкі і накрыўкі, лыжачкі для размешвання, трубачкі, цукар, карыца і іншае.
7 верасня прапагандыстка назірала праз убудаваную камеру відэаназірання, як невядомы мужчына ўсё гэта зграбае ў пакет, трасе сам кававы аўтамат, спадзеючыся дастаць зерне. Дарэчы, папяровыя падстаўкі для кубачкаў наведнік не ацаніў: нядбайна кінуў назад, агледзеў яшчэ раз паліцы і сышоў.
«Вынес практычна ўсё, што можна было б вынесці», — абурана пісала ў сацсетках Куніца.
Пра гэты выпадак выйшаў сюжэт на дзяржаўным тэлеканале АНТ.
— Калі я пабачыла відэа на камеры, я ачмурэла ад нахабства чалавека. І спачатку проста назірала, што ён робіць, разумела, што ён нешта бярэ. Але ў мяне была надзея, што ўсё ж такі нешта мне застанецца, — распавядала Кацярына Куніца, у патрыятычнай майцы з вялікім надпісам «Belarus» на грудзях.
У сюжэце паказалі каментар намесніка начальніка Упраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама Андрэя Арлоўскага.
«У вышуку падазраваных у такіх эпізодах значную дапамогу аказвае шырокая сетка камераў назірання, якая падключаная да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі (РСМГБ). У мінскай міліцыі ёсць магчымасць знайсці чалавека, нават калі ён прымае меры канспірацыі», — запэўнівае высокапастаўлены чыноўнік і кажа, што за гэта пагражае адміністратыўны і нават крымінальны артыкул, «у залежнасці ад абставінаў і агульнага памеру шкоды».
Міліцыя: усё, акрамя кавы, — «бясплатная маёмасць»
Крадзеж за крыху больш як паўгода працы кавярні Куніцы — ужо другі. Першы здарыўся адразу ж пасля адкрыцця: 8 сакавіка хтосьці вынес вазу з кветкамі. Праўда, тады, як расказвала ўладальніца бізнэсу прапагандыстам з АНТ, тая самая мінская міліцыя, адгледзеўшы запісы з камераў, даслала адказ, «што асоба не вызначаная». Кацярына з высновай пагадзілася: на камеры зламысніка сапраўды было дрэнна відаць.
Гэтым разам твар мужчыны, які вырашыў бесцырымонна забраць чужую маёмасць, відаць добра. І калі Кацярына напісала заяву ў міліцыю, яго апазналі і знайшлі. Але караць адмовіліся, так што і гэтым разам атрымаць дапамогу праваахоўнікаў прапагандыстцы не ўдалося.
Тая засталася здзіўленая, незадаволеная і абуралася, што работнікі РУУС нават не парупіліся прапісаць у дакуменце традыцыйную «шапку» са звесткамі.
Фрагменты адказу ад міліцыі Куніца выклала ў сторыз. Яе апавясцілі, што правялі разбіральніцтва і 17 верасня спынілі адміністратыўную справу «праз адсутнасць у дзеянні складу правапарушэння». Далей у тэксце гаворыцца, што Кацярыну паўторна апыталі, і яна патлумачыла, што тыя самыя кубачкі, трубачкі і сіропы «фактычна ёсць бясплатнай маёмасцю», а падобны бізнэс заснаваны на даверы да грамадзян.
«Разам з тым аплата праводзіцца выключна за кававы напой, аднак заяўніца лічыць, што невядомы парушыў нормы маралі з прычыны таго, што ўзяў вялікую колькасць вышэйзгаданай маёмасці, бо мяркуецца, што на адзін кававы напой прыкладаецца адно найменне вышэйпазначанага тавару», — напісалі міліцыянты і ўдакладнілі, што падчас праверкі заяўніца не падала рахунку-даведкі і акту інвентарызацыі.
«Вось не ведала я, што дабрачыннасцю займаюся ў гэтым выпадку», — пракаментавала сітуацыю ўладальніца кавакропкі.
У кастрычніку супрацоўніца «Спутнік Беларусь» пайшла шукаць справядлівасці далей і паскардзілася на спыненне справы ў Мінскую пракуратуру. Але і там атрымала адпіску, што скончыўся тэрмін, на працягу якога рашэнне можна абскардзіць (на гэта даецца 15 дзён).
«Я напісала, што з пастановай азнаёмілася пазней (не з маёй віны)… На жаль, гэтага факту не ўлічылі», — падзялілася яна подпісам да скрыншотаў у гэтай гісторыі, дзе яна засталася без маёмасці і без дапамогі беларускай міліцыі.

Сітуацыя ў кавярні можа падпадаць пад арт. 11.1 КаАП РБ — дробны крадзеж маёмасці юрыдычнай асобы ў суме да дзесяціразовага памеру базавай велічыні (цяпер — да 420 рублёў). За гэта могуць караць штрафам ад 2 да 30 базавых, грамадскімі працамі або адміністратыўным арыштам. Але ў беларускай міліцыі фокус з пошуку рэальных правапарушальнікаў апошнія гады змясціўся на іншыя задачы.
Каментары