Генеральны дырэктар The Coca-Cola Company Джэймс Куінсі сыдзе ў адстаўку. Пра гэта паведамляецца на сайце кампаніі.

Напрыканцы сакавіка 2026 года яго зменіць аперацыйны дырэктар кампаніі Энрыке Браун. Рада дырэктараў плануе афіцыйна зацвердзіць яго кандыдатуру на штогадовым сходзе акцыянераў у 2026 годзе. Вядома, што яму 57 гадоў і ў Coca-Cola ён працуе з 1996 года.
Сам Куінсі застанецца працаваць у кампаніі і пяройдзе на пасаду выканаўчага старшыні рады дырэктараў. Куінсі працуе ў Coca-Cola з 1996 года. Ён займаў кіраўнічыя пасады ў падраздзяленнях кампаніі ў Азіі, Лацінскай Амерыцы і іншых рэгіёнах.
Куінсі стаў генеральным дырэктарам кампаніі ў траўні 2017 года. Як піша Bloomberg, ён дапамог Coca-Cola выйсці з шматгадовага спаду продажаў, і пад ягоным кіраўніцтвам акцыі кампаніі падаражэлі больш як на 60%, у той час як індэкс S&P 500 за гэты ж перыяд вырас амаль на 190%.
Акрамя таго, дзякуючы яму кампанія правяла дыверсіфікацыю асартыменту і выйшла за рамкі газаваных напояў. Напрыклад, Coca-Cola пачала прадаваць прадукты, арыентаваныя на людзей, якія клапоцяцца пра сваё здароўе, а таксама ў 2018 годзе набыла кававы брэнд Costa за $5,1 млрд.
Адметна, што пасля абвяшчэння аб змене генеральнага дырэктара каціроўкі акцый The Coca-Cola Company практычна не змяніліся.
Каментары