Здарэнні55

«Гэта Слава Э., ён быў вельмі інтэлігентны і прыстойны». Сумная гісторыя мужчыны, цела якога знайшлі ў доме ў атачэнні сабак у Маладзечанскім раёне

Выпадак у вёсцы Маладзечанскага раёна, дзе ў атачэнні дзясятка сабак у доме было знойдзена цела мужчыны з пакусаным тварам, атрымаў нечаканы працяг. З рэдакцыяй Onliner звязалася Марына і расказала, што ведала загінулага — Славу Э. Аказалася, што за гэтым выпадкам стаіць кранальная і ў той жа час трагічная гісторыя чалавека з вялікім сэрцам, пiша Onliner.by.

«Гэтым летам я дапамагала Вячаславу Робертавічу аднавіць пашпарт: ён згубіў яго 25 гадоў таму, і ўвесь гэты час быў без дакументаў і лічыўся памерлым», — з вялізным шкадаваннем у голасе кажа чытачка.

Паводле яе слоў, Слава прайшоў складаную бюракратычную працэдуру, каб пацвердзіць і ўзнавіць сваю асобу. У працэсе афармлення дакументаў ён упершыню за чвэрць стагоддзя ўбачыўся з родным братам. Калі б не трагедыя, ужо да навагодніх святаў Слава атрымаў бы доўгачаканы пашпарт. Як ён апынуўся ў тым доме і прычым тут сабакі?

Гаспадыня дома, дзе знайшлі Славу: «Нават Новы год ён адзначаў з сабакамі»

Інтэлігентнага мужчыну, які летам 2024 года пасяліўся ў доме Ані і Дзімы (імёны змененыя), мясцовыя ведалі толькі па імені. Слава прыехаў з трыма сабакамі і двойчы на дзень, што б ні здарылася і якое б ні было надвор'е, іх можна было заўважыць на дарозе, якая ідзе ўздоўж поля.

— Ён казаў «мае сабачкі» ці проста называў іх «шэры», «худы», — расказвае Ганна. — Гэтыя сабакі былі сэнсам яго жыцця. Мы ўвогуле на гэтай тэме і сышліся — я таксама вельмі люблю жывёл.

Ганна пазнаёмілася са Славам летам 2024‑га — ехалі ў электрычцы «Мінск — Маладзечна» і разгаварыліся. Выявілася, мужчына падшукваў сабе дом у вёсцы, «бо зняць жыллё з трыма сабакамі было вельмі складана».

 — Слава выглядаў як тыповы інтэлігент, трымаўся сціпла. Па размове было зразумела, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй, вельмі прыстойны, — успамінае першую з ім сустрэчу Ганна. — Аднойчы Слава сказаў, што працаваў фатографам, жыў нейкі час у Польшчы. І калі ён спытаў, ці не здае ў нас у вёсцы хтосьці дом, я прапанавала яму часова пажыць у нашым другім доме — ён пуставаў і ў будучыні планаваўся пад знос. Там было чысценька, стаялі жалезныя ложкі, была працоўная печка. Праз нейкі час Слава прыехаў, паглядзеў дом і неўзабаве пераехаў у яго з трыма сабакамі. Было бачна, што ён іх вельмі любіць: гуляў двойчы на дзень і вазіў цэлыя сумкі ежы з Лебядзінага рынку. Яму ніхто не дапамагаў, гэта я напэўна ведаю.

У камунікацыі Слава быў стрыманым, заўсёды звяртаўся да мяне на «вы», і я да яго — таксама. Ён мог пажартаваць, абмеркаваць нейкую гаспадарчую тэму, агарод, сабак, але амаль ніколі не казаў пра сябе. Было заўважна, што гэтая тэма для яго з нейкай прычыны хваравітая.

Неяк, успамінае суразмоўца, у размове зайшла гаворка пра рэдкія і смешныя прозвішчы, і Слава ўпершыню агучыў сваё.

— І я яго адразу ж забылася! І калі здарылася бяда, я не змагла ўспомніць гэтае прозвішча нават для следчых. Ужо пасля ўсвядоміла, што за ўвесь час так і не спытала ў Славы пашпарт — настолькі глыбока яму давярала.

Паводле слоў суразмоўцы, Слава яшчэ летам сказаў ёй пра тое, што нарэшце знайшоў сабе дом, будуе там вальеры для сабак і да восені плануе з'ехаць. Менавіта з таго моманту, адзначае Ганна, у яго змяніўся настрой.

— Ён стаў нейкі натхнёны, пачаў жартаваць і часцей усміхацца. Да восені, праўда, зноў стаў маўклівы. Праз нейкі час сказаў, што пераехаць не атрымаецца, і папрасіўся яшчэ адну зіму пажыць у доме. Вось так і застаўся ён у нас зімаваць. Думаю, усё з-за сабак — яны былі яму сям'ёй. Проста не перадаць словамі, як цёпла ён да іх ставіўся. Нават мінулы Новы год Слава адмовіўся сустракаць з намі, сказаў: «Буду адзначаць са сваімі сабачкамі».

Трагедыя

Апошні раз жывым Ганна бачыла Славу ў чацвер, 18 снежня.

— Раніцай я выпусціла сваіх сабак на прагулку і, калі адчыніла дзверы, каб запусціць іх назад у дом, пачула голас Славы. Ён сказаў, што захварэў, і папрасіў набраць яму вядро вады з калодзежа і зрабіць кіпню ў літровы слоік. Я зрабіла яму слоік кіпню, паклала туды яшчэ лімончык. Аддаю яму, а ён і кажа: «Вы акуратней, я, напэўна, каранавірус падчапіў».

Прапанавала выклікаць яму хуткую, ён стаў аднеквацца, казаць, што яму ўжо лепш, толькі, маўляў, слабасць засталася пасля тэмпературы. Думаю, ён адмаўляўся тады з-за сабак, а я не здагадалася. Зараз я пракручваю гэтую сітуацыю зноў і зноў і думаю: «Ну чаму я не выклікала гэтую хуткую?!»

Яшчэ Слава папрасіў дроў яму парэзаць. Памятаю, удакладніла ў яго, ці пацерпіць гэта да нядзелі, бо ў суботу мы збіраліся біць казу сваю старую і ў Дзімы, ведала, часу не будзе. Звычайна мы яму на тыдзень наразалі дроў, ён іх складваў у сябе ў доме на кухні, каб не хадзіць па іх у цемры праз увесь двор. Вось чаму мы толькі ў нядзелю пачалі да яго грукацца.

— А ў пятніцу?

— У пятніцу, гадзіне а 6—7‑й раніцы, я пагрукала да яго ў акно, спытала, ці не трэба яму чаго. Забрахалі сабакі, але я ўпэўненая, што выразна пачула яго «не». Мне не магло здацца. Слава ў асноўным коратка адказваў: «зараз», «пачакайце», «іду», — мог пасля следам выйсці. І ў тую раніцу яго адказ мяне ніколькі не збянтэжыў — усё было як звычайна. На наступны дзень, у суботу, мы былі занятыя казой. Раніцай нядзелі я пагрукала да яго ў акно, хацела сказаць, каб падрыхтаваў месца пад дровы. З акна прабівалася палоска святла, было відаць, што ў доме гарыць электрычнасць, але грукала-грукала-грукала, а Слава не адгукаўся. Было толькі чутно, як у сенцах ля самых дзвярэй брахалі сабакі. Гэта мяне насцярожыла, бо Слава звычайна зачыняў іх у зале.

Паводле слоў Ганны, разгледзець, што адбывалася ў доме, было немагчыма: раней і з яе дазволу Слава знутры закрыў усе вокны старымі дзвярыма, патлумачыўшы гэта бяспекай для сабак.

 — Казаў, перажывае, што, калі яго няма дома, сабакі скачуць на вокны і могуць параніцца, калі разаб'юць шкло. І толькі пасля таго, што здарылася, я зразумела, што ён такім чынам спрабаваў схаваць, колькі на самай справе ў яго жывёл…

Увайсці ў дом з-за сабак атрымалася не адразу: на дапамогу прыйшоў родны брат мужа суразмоўцы, і толькі тады яны ўтраіх прайшлі ўсярэдзіну.

Убачанае, кажа яна, іх шакавала: Слава ляжаў на ложку, увесь яго твар быў у крыві, вакол — жудасная абстаноўка і незлічоная колькасць сабак.

Адзначым, што па фота і відэа, распаўсюджаных пасля трагедыі ў сацыяльных сетках, можна было зрабіць выснову, што памяшканне было нежылым і там жыў бомж. Але насамрэч гісторыя аказалася не банальнай, а лёс знойдзенага чалавека — неверагодным і трагічным адначасова.

— Вясной я была ў доме — і там быў ідэальны парадак, але тое, што мы ўбачылі ў тую нядзелю… Гэта нават складана апісаць словамі. Мы ж думалі, што ў Славы толькі тры сабакі — тыя, з якімі ён прыехаў і пасля штодня выгульваў. Аказалася, што іх там з дзясятак, а то і больш.

І ўсе яны, атрымліваецца, спраўлялі патрэбу ў доме. Як і чаму так атрымалася, не магу сказаць. Ведаю толькі адно: Слава быў вельмі ахайным чалавекам. Я ж бачыла, як ён прыбіраўся ў хаце, выходзіў і выліваў брудную пасля мыцця падлогі ваду. У мяне нават думкі не было хадзіць да яго ў хату і кантраляваць: Слава дарослы, прыстойны і непітушчы чалавек. Ох… Калі б толькі ён сказаў, колькі ў яго там сабак, я б яму дапамагла стэрылізаваць іх, карміць. А так ён матаўся з гэтымі вялізнымі сумкамі на Лебядзіны, вазіў ім ежу…

Лена, прадавец з рынку: «Летам заўважыла, як Слава змяніўся»

Лена працуе на Лебядзіным рынку прадаўцом, а таксама займаецца выратаваннем жывёл. Калі летам да яе звярнулася знаёмая валанцёрка і папрасіла падтрымаць Славу ежай для сабак, жанчына, не задумваючыся, стала яму дапамагаць.

— Спачатку я нават не ведала, як яго завуць. Ён быў сціпла апрануты, выглядаў і трымаўся добразычліва. Відаць было, што чалавек любіць жывёл, а для мяне гэта паказчык. Мы чулі, што першыя два сабакі ў яго з'явіліся пасля расстання з жанчынай, якая з'ехала і пакінула сваіх жывёл на яго. Я збірала для яго сабачак усялякія абрэзкі, шкуркі, курыныя хрыбты, свіныя ножкі. Слава казаў, што зімой варыць ежу для сабак у печцы, а летам дае сырое. Размаўлялі мы звычайна нядоўга, усяго пару хвілін, пакуль ён пакаваўся.

Паводле слоў суразмоўцы, летам яна заўважыла змены ў паводзінах Славы: ён стаў больш адкрытым у зносінах, жартаваў.

 — Для мяне гэта было крышачку нечакана, я прызвычаілася, што ён часцей за ўсё проста маўчыць, а тут — такія змены. Ужо пазней я даведалася, што Славе дапамагаюць з аднаўленнем пашпарта, які ён згубіў. І, відаць, гэтая чалавечая неабыякавасць растапіла яго сэрца. Мне было вельмі шкада Славу, калі я глядзела на тонкі плашч і чаравікі, што ён насіў нават зімой. Планавала прывезці яму цёплае адзенне, але, на вялікі жаль, даведалася, што мужчына, якога знайшлі, — гэта ён.

Гісторыя з пашпартам, якая перавярнула ўсё жыццё

Навіна пра трагедыю ў доме пад Маладзечнам разляцелася імгненна. Пазней з рэдакцыяй звязалася Марына і расказала, што ведае, кім быў загінулы мужчына, і хацела б расказаць яго вельмі няпростую жыццёвую гісторыю, якая так трагічна скончылася. Яна таксама адзначыла, што ёй важна, каб чалавек быў апазнаны і, раз ужо здарылася такая трагедыя, быў пахаваны пад сваім іменем. Так у жыцці Славы абазначыўся яшчэ адзін чалавек, які працягнуў ланцужок дабра ў яго лёсе.

— Мужчыну зваць Вячаслаў Робертавіч Э., яму 72 гады. Гэтым летам я двойчы ездзіла з ім у Барысаў, каб дапамагчы аформіць яму пашпарт: 25 гадоў таму ён згубіў дакументы і з тых часоў так і жыў без дакументаў — недзе падпрацоўваў, здымаў трухлявае жыллё са сваімі сабакамі. Пра яго мне расказала сяброўка, якая пазнаёмілася з ім на Ждановічах — яны разам бралі там ежу для сваіх жывёл. І вось яна мне расказала, што, маўляў, чалавек без пашпарта жыве працяглы час. І летам я занялася яго пытаннем, паколькі ўжо аднойчы дапамагала іншаму чалавеку ў падобнай сітуацыі.

Паводле слоў Марыны, у працэсе афармлення дакументаў яна даведалася, што Слава раней жыў у Барысаве, у яго была свая кватэра. Але, паколькі той надоўга знік, яго прызналі памерлым.

— І яму прыйшлося праз суд даказваць, што жывы, і ўжо пасля аднаўляць дакументы. Ён мне тэлефанаваў тры тыдні таму, сказаў, што рашэнне суда ўжо гатовае. Аказалася, што ў Барысаве жыве яго родны брат, малодшы, які дваццаць пяць гадоў яго не бачыў! Яны так ўзрадаваліся пры сустрэчы! І цяпер так крыўдна, што мы толькі аднавілі пашпарт, як усё здарылася. Проста жудасная трагедыя…

— Слава расказваў, што 25 гадоў таму згубіў свае дакументы на чыгуначнай станцыі «Крупкі» і ўсе гэтыя гады яму было сорамна ў гэтым прызнацца. Нейкі час ён з кімсьці жыў у Мінску, пасля застаўся адзін з гэтымі сабачкамі і трапіў у вёску.

У жніўні 2025 года мы паехалі з Вячаславам у Барысаў і падалі дакументы на аднаўленне яго пасведчання аб нараджэнні. Калі пасведчанне зрабілі, мы зноў прыехалі, каб прайсці працэдуру ідэнтыфікацыі асобы. І вось тады ён убачыўся з родным братам, які прыйшоў пацвердзіць яго асобу. Потым ужо ён сам ездзіў пару разоў за вынікамі ідэнтыфікацыі. Выявілася, што Вячаслаў лічыцца нежывым і трэба звяртацца ў суд, каб той прыняў рашэнне, што ён жывы. І вось дзесьці тыдні з тры таму ён мне патэлефанаваў і сказаў, што збіраецца ехаць за рашэннем суда. Я тады сказала: «Ну добра, якраз да Новага года будзе вам падарунак: атрымаеце пашпарт». Вось такая гісторыя…

— Брат яго не ведаў, што ён жывы?

— Не ведаў. Ну вось такія бываюць людзі. Вячаслаў быў утойлівы, ганарлівы, ніколі ні ў каго нічога не прасіў, дзесьці падпрацоўваў. Мы планавалі пасля выдачы пашпарта займацца афармленнем пенсіі. У савецкі час ён працаваў на Мінскім заводзе шасцерняў, пасля — на Барысаўскім камбінаце хлебапрадуктаў. Ён быў такі цікавы чалавек, нават пахваліўся, што быў у Маскве на Алімпіядзе ў 80‑м годзе, потым, у перабудовачны час, займаўся фатаграфіяй і добра зарабляў. А калі згубіў дакументы, відаць, разгубіўся і не ведаў, як жыць. У Вячаслава была кватэра ў Барысаве, але яго выпісалі адтуль як нежывога.

— Пасля сустрэчы браты падтрымлівалі адносіны?

— Іх сустрэча была пры мне. Прыйшоў такі ўжо немалады чалавек, кульгаючы, нездаровы, але вельмі добры, спагадлівы. Ён быў вельмі рады бачыць яго. Відаць было, што браты з вельмі добрай сям'і. Вячаслаў абяцаў клапаціцца пра яго <…>. Ну што сказаць… Трагічная гісторыя, і хочацца, каб імя чалавека ведалі і хто ён такі. Што гэта вельмі прыстойны чалавек, але як не з гэтага свету.

«Сабакі хацелі яго разбудзіць»

Усе, з кім удалося пагаварыць, былі занепакоеныя далейшым лёсам сабак, якія раптоўна засталіся без гаспадара. Журналісты звязаліся з дырэктарам цэнтра выратавання бяздомных жывёл «Мара» Дзянісам Буркевічам. Менавіта ён у тую нядзельную раніцу выязджаў на месца, каб дапамагчы ратавальнікам і дактарам хуткай увайсці ў дом, дзе жыў Слава Э.

— Я надзеў спецыяльны касцюм і ўвесь час, што працавалі следчыя, быў свайго роду буферам паміж імі і сабакамі. Жывёлы былі напалоханыя, некаторыя забіліся пад ложкі і канапу. Мужчына быў з акрываўленым тварам, і раней пісалі, што гэта маглі зрабіць пацукі, але не.

Я не першы раз сутыкаюся з падобным і магу з упэўненасцю сказаць, што сабакі, спрабуючы «разбудзіць» гаспадара, проста залізалі яму да крыві твар. Там не было іншых пашкоджанняў.

Што тычыцца лёсу жывёл, то, са слоў Дзяніса, яны засталіся ў доме, паколькі да іх складана было дабрацца. Першы час было вырашана пакінуць іх на месцы, а Ганна павінна была іх карміць. Але калі журналісты звязаліся з жанчынай, тая сказала, што «сабак забралі невядомыя людзі».

«Вывезлі ўсіх сабак на мікрааўтобусе»

Увечары панядзелка, 22 снежня, са слоў Ганны, да іх дома пад'ехала машына.

 — Было каля дзясятай, мы ўжо збіраліся класціся спаць. Чую: дзверцы машыны бразнулі і сабакі мае забрахалі. Я апранулася, выйшла да брамы. На дарозе стаяў мікрааўтобус, побач — добра апранутыя мужчына і жанчына. У апошняй свяціўся ў руках тэлефон. Спачатку падумала, што гэта журналісты, хацела папрасіць іх не здымаць, бо мы з мужам не адышлі ад шоку, суткі не спалі. Кажуць: «Тут памёр мужчына?» Пачуўшы, што так, сказалі, што яны прыехалі наконт сабак і хочуць іх забраць. Я папярэдзіла, што сабакі не сацыялізаваныя, могуць пакусаць. Але жанчына і мужчына запэўнілі, што ведаюць, як з імі абыходзіцца.

Спачатку, калі яны зайшлі ў дом, сабакі сапраўды брахалі, але пасля супакоіліся. Яны выводзілі іх на павадках, саджалі ў бус. Я думала, што гэтыя людзі прыехалі ад Дзяніса [дырэктара цэнтра выратавання бяздомных жывёл «Мара»]. І калі праз нейкі час ён патэлефанаваў і спытаў пра сабак, да мяне дайшло, што гэтыя людзі былі не ад яго.

— Колькі яны забралі сабак?

— Было цёмна, я змагла налічыць 12. Магчыма, я нейкую прапусціла ці палічыла двойчы. І цяпер моцна перажываю пра тое, хто іх забраў, дзе яны, ці жывыя, — плача Ганна. — Я проста баюся, каб іх не забралі куды-небудзь усыпляць. Вельмі б хацелася звярнуцца да тых людзей, што вывезлі жывёл, даць пра сябе ведаць праз вашу рэдакцыю.

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, цела Вячаслава ў панядзелак забраў і пахаваў родны брат.

— Гэта вельмі трагічны выпадак, але мы хоць бы можам быць спакойныя, што чалавек праз 25 гадоў убачыўся з братам і быў пахаваны пад сваім іменем. Лёс, вядома, у яго такі, што ні ў адным рамане не прачытаеш, — заўважыла Марына.

Каментары5

  • Woodoo Cult
    26.12.2025
    [Рэд. выдалена]
  • эх анна, анна...
    26.12.2025
    не спросила паспорт, не заметила как появились десять собак и в каких условиях они с хозяином жили, не разобралась кто/куда/зачем увёз животных... и добрые дела нужно делать как-то с умом, иначе может получиться еще хуже...
  • СобачьиТайны и Молчание Анны
    26.12.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

На заснежанай трасе каля Чэрвеня разбіліся адразу 9 аўтамабіляў

На заснежанай трасе каля Чэрвеня разбіліся адразу 9 аўтамабіляў

Усе навіны →
Усе навіны

Манцёр з Беларусі стаў «Леніным» і пабудаваў кар’еру ў кіберспорце ва Украіне

Што будзе з домам у Гомелі, дзе выбухнуў газ і загінула жанчына пад абломкамі?3

Вось як працуюць новыя мабільныя камеры на дарогах Міншчыны3

Ціханоўская пра Бабарыку і Калеснікаву: Не бачу праблемы, калі яны будуць развіваць сваю партыю21

Ва Украіне яшчэ адна гучная карупцыйная справа. Сярод падазраваных — дэпутаты «Слугі народа»6

280 парушэнняў! ДАІ злавіла вельмі недысцыплінаванага кіроўцу3

Пуціну паведамілі пра захоп Гуляйполя3

Міндзіча — фігуранта гучнай карупцыйнай справы ва Украіне і паплечніка Зяленскага — знайшлі ў Ізраілі. Што ён сказаў?2

Балет пра Марка Шагала паставяць у Вялікім тэатры

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На заснежанай трасе каля Чэрвеня разбіліся адразу 9 аўтамабіляў

На заснежанай трасе каля Чэрвеня разбіліся адразу 9 аўтамабіляў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць