Грамадства22

Той самы Ляшкевіч: выстава вядомага бяздомнага мастака адкрылася ў Гомелі

Больш за 30 работ бяздомнага мастака Валерыя Ляшкевіча можна ўбачыць у гэтыя дні ў Карціннай галерэі Вашчанкі ў Гомелі. Журналісты «Белкі» схадзілі на выставу і даведаліся, чаму ён знік з гарадскіх вуліц.

Яго ведае, бадай, кожны жыхар Гомеля. Амаль трыццаць гадоў Валерыя Ляшкевіча можна было сустрэць у любое надвор'е на Кіеўскім спуску або ў пачатку вуліцы Савецкай. Ён не проста прадаваў свае карціны, а па ўласным прызнанні — выконваў важную місію — далучаў мінакоў да мастацтва. 

На вуліцах горада Валерый Ляшкевіч з'явіўся ў 1996 годзе, калі вярнуўся сюды з Санкт-Пецярбурга. У роднай вёсцы Чарапоўцы пад Гомелем яго ўжо ніхто не чакаў. Бацькі памерлі, а ў хаце жыў яго брат з сям'ёй. Тады мастак проста пасяліўся на вуліцы: калі начаваў на чыгуначным вакзале, калі спаў на лаўках.

Увесь гэты час вулічны філосаф не пераставаў маляваць свае незвычайныя карціны, дзе мудрагеліста пераплятаюцца сюжэты. І паступова стаў сімвалам горада.

Валерыя Ляшкевіча заўважылі і ацанілі. У 2014 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава бяздомнага мастака. Тады ж тэлеканал АНТ зняў пра яго дакументальны фільм «Скрыжаванне», які заваяваў міжнародныя ўзнагароды. У ім паказана, як талент можа ісці насуперак звыклым нормам і завядзёнкам.

Пра сябе Валерый расказвае, што ён скончыў Бранскае мастацкае вучылішча і з'ехаў скараць паўночную сталіцу Расіі. У Санкт-Пецярбургу мастак некалькі разоў спрабаваў паступаць у Акадэмію мастацтваў імя Іллі Рэпіна, але не паступіў. Тады ён уладкаваўся ў акадэмію дворнікам і нейкі час жыў пры ёй у падсобцы. Калі гэта стала немагчымым, прыняў рашэнне вярнуцца на радзіму.

Валерыю спрабавалі дапамагчы з жыллём улады і неабыякавыя людзі. Нацыянальны мастацкі музей выкупіў некалькі яго работ. Але ён усё роўна вяртаўся на вуліцу.

7 студзеня мастаку споўнілася 76 гадоў. Зараз Валерый жыве на здымнай кватэры, яму дапамагаюць маладая гомельская мастачка Анастасія Талстая з мужам і прыхільнікі яго творчасці. У Валерыя нават з'явіўся ўласны акаўнт у інстаграме, дзе можна сачыць за ягоным жыццём і творчасцю.

На выставу ў Карцінную галерэю Вашчанкі прыйшло шмат неабыякавых гамельчукоў, якія сустракалі мастака на гарадскіх вуліцах і засталіся пад уражаннем ад яго асобы і творчасці. Праўда, сам мастак прысутнічаць на адкрыцці не змог — падвяло здароўе.

«У Валерыя праблемы з нагамі і з сэрцам. У снежні, калі мы рыхтавалі выставу да адкрыцця, ён трапіў у бальніцу і быў у цяжкім стане. Дзякуй богу, усё абышлося», — адказала на пытанне прыхільнікаў творчасці мастака Анастасія Талстая.

З-за таго, што ў Валерыя Ляшкевіча няма беларускага грамадзянства, яму даводзіцца аплачваць вялікія рахункі за лячэнне.

Мастак па-ранейшаму малюе і прадае свае карціны. Цяпер ён лепш уладкаваны ў побытавым плане. 

Убачыць выставу «Той самы Ляшкевіч» можна па адрасе: вул. Карповіча, 4. Дарэчы, некаторыя карціны можна будзе пазней выкупіць.

Каментары2

  • Кринж
    25.01.2026
    Круты і цікавы дзядзька, дай яму бог здароўя і хай яму шчасціць.
  • Лейцар коркавы
    25.01.2026
    Галоўнае, што "Саюзнае вече" чытае

Цяпер чытаюць

Як адкрыццё мяжы з Польшчай паўплывала на жыццё ў рэгіёне? Пагутарылі з гродзенцамі пра паездкі на закупы, падарожжы і чаўнакоў

Як адкрыццё мяжы з Польшчай паўплывала на жыццё ў рэгіёне? Пагутарылі з гродзенцамі пра паездкі на закупы, падарожжы і чаўнакоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Патрабавалі, каб я з калегамі пры дзецях па-беларуску не размаўляла». Ці сутыкаюцца беларускамоўныя з булінгам у краіне51

У Віцебску вярнулі цяпло ў дамы1

Беларускія дальнабойшчыкі масава цікавяцца «пашпартамі РР». Вось як такі пашпарт робіцца14

Апублікаваны тры мільёны файлаў Эпштэйна: што новага і ці будуць яшчэ?11

Сіла позірку: як 95 гадоў таму Чарлі Чаплін сыграў найвялікшую фінальную сцэну ў кіно1

«Мы ўклалі ў Беларусь мільён даляраў». 94‑гадовая Надзея Запруднік — пра любоў да краіны, жыццё ў Другую сусветную і выпрабаванні беларусаў9

Мерц выступіў супраць накіравання міратворцаў ва Украіну пад еўрапейскім сцягам3

Дзясяткі дамоў засталіся ў Віцебску без ацяплення і гарачай вады3

Саудаўская Аравія непублічна падтрымала магчымы ўдар ЗША па Іране1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як адкрыццё мяжы з Польшчай паўплывала на жыццё ў рэгіёне? Пагутарылі з гродзенцамі пра паездкі на закупы, падарожжы і чаўнакоў

Як адкрыццё мяжы з Польшчай паўплывала на жыццё ў рэгіёне? Пагутарылі з гродзенцамі пра паездкі на закупы, падарожжы і чаўнакоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць