Свет2222

Швецыя зніжае ўзрост крымінальнай адказнасці да 13 гадоў

У спробе спыніць эпідэмію гвалту, якая ахапіла краіну, шведскія ўлады ідуць на радыкальныя меры. З 1 ліпеня ўзрост крымінальнай адказнасці там будзе зніжаны з 15 да 13 гадоў. Эксперты і праваахоўнікі папярэджваюць: новая палітыка можа толькі пагоршыць сітуацыю.

Паліцыя ля школы ў шведскім горадзе Эрэбру, дзе загінулі адзінаццаць чалавек, яшчэ пяць былі параненыя. 4 лютага 2025 года. Фота: Nils Petter Nilsson / Getty Images

Як піша Le Monde, Швецыя рыхтуецца да рэзкага паніжэння ўзросту крымінальнай адказнасці. 26 студзеня ўрад абвясціў пра намер з 1 ліпеня на пяць гадоў знізіць яе з 15 да 13 гадоў. Менавіта такіх дзяцей, якія дагэтуль лічыліся непадсуднымі, кіроўная кааліцыя прапануе ізаляваць ад грамадства.

Паводле новых планаў, 13‑гадовыя дзеці, асуджаныя за забойствы, выбухі або згвалтаванні з абцяжарваючымі абставінамі, могуць атрымаць ад аднаго да трох гадоў пазбаўлення волі. Для 14‑гадовых максімальны тэрмін складзе чатыры гады. Акрамя таго, урад хоча перагледзець сістэму скарачэння тэрмінаў пакаранняў для падлеткаў 15—17 гадоў і цалкам адмяніць яе для маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 20 гадоў.

У краіне ўжо вядзецца пераабсталяванне васьмі пенітэнцыярных устаноў. З 1 ліпеня яны змогуць прыняць каля сотні непаўналетніх ад 15 да 17 гадоў, асуджаных па крымінальных артыкулах. Раней такімі асобамі апекаваліся сацыяльныя службы, накіроўваючы іх у спецыялізаваныя закрытыя цэнтры.

Хоць турэмная адміністрацыя і рыхтуецца да працы з новымі групамі асуджаных, яна выступае супраць пазбаўлення волі для самых юных. У сваім заключэнні ведамства адзначае, што яно «не падрыхтаванае і не абсталяванае для працы з дзецьмі такога юнага ўзросту, як 14 гадоў, і тым больш з 13-гадовымі».

Паліцэйскае кіраўніцтва настроена гэтак жа скептычна і непакоіцца, што змены прывядуць да ўцягвання ў крымінальныя сеткі яшчэ маладзейшых асоб. Пракуратура прытрымліваецца аналагічнай думкі.

«Мы баімся (…), што дзеці 11 і 12 гадоў стануць выкарыстоўвацца ў якасці «гарматнага мяса» ў войнах банд замест 14-гадовых», — цытуе Le Monde пракурора Ленарта Гюнэ.

Амаль аднагалоснае непрыманне ініцыятывы з боку ўсіх профільных інстанцый нічога не змяніла, як і вострыя грамадскія дэбаты, што разгарэліся ў Швецыі. Падчас прэс-канферэнцыі міністр юстыцыі Гунар Стрoмер запэўніў, што «выдатна ўсведамляе» пазіцыю экспертаў. Пры гэтым ён звярнуў увагу на неабходнасць ацэнкі новаўвядзенняў «у святле канкрэтнай рэальнасці».

«Рызыкі будуць вышэйшымі, калі мы захаваем ранейшы падыход. (…) Гаворка ідзе пра абарону нацыі», — настойвае Стромер.

Як сведчыць статыстыка, апошнія тры гады колькасць узброеных нападаў, зафіксаваных праваахоўнікамі, скарачаецца. Тым не менш, у 2025 годзе 44 чалавекі загінулі ад куль і 46 атрымалі раненні. Гэтую злачыннасць у значнай ступені звязваюць з групоўкамі, якія вярбуюць непаўналетніх для транспарціроўкі зброі, забойстваў ці арганізацыі выбухаў.

Летась шведскія суды разгледзелі 158 спраў з удзелам 88 дзяцей, маладзейшых за 15 гадоў, чвэрць з якіх падазраваліся ў пазбаўленні жыцця.

Як адзначае выданне, нават сацыял-дэмакраты, якія цяпер у апазіцыі і разлічваюць вярнуцца да ўлады пасля парламенцкіх выбараў 13 верасня, прапанавалі ўвесці электронныя бранзалеты для малых ад 6 да 12 гадоў, якія знаходзяцца «на шляху да злачыннасці».

Правацэнтрысцкая кааліцыя таксама паслядоўна ўзмацняе жорсткасць юрыдычных норм. З пачатку года абвешчана пра павышэнне санкцый па пяцідзесяці артыкулах, падваенне тэрмінаў за арганізаваную дзейнасць і ўвядзенне бестэрміновага зняволення для небяспечных рэцыдывістаў.

Паводле справаздачы экспертнай групы пры Міністэрстве фінансаў, апублікаванай 22 студзеня, арганізаваная злачыннасць штогод генеруе даходы ў памеры не менш за 185 мільярдаў крон — гэта каля 17,4 мільярда еўра.

Менавіта на гэты аргумент урад абапіраецца, абгрунтоўваючы самы радыкальны за апошнія дзесяцігоддзі перагляд падыходу да адказнасці дзяцей у адной з краін, якая доўгі час лічылася ўзорам у сферы абароны іх правоў.

Каментары22

  • Чук і Гек
    27.01.2026
    Sverigestan
  • Як напісаць, каб не напісаць
    27.01.2026
    Левы Le Monde на які не першы раз спасылаецеся, у артыкуле піша "La droite et l’extrême droite, soutenues par les sociaux-démocrates, disent vouloir endiguer la criminalité.". Так што вінаваціць ужо не толькі гэтых прыдуманых "крайнеправых" і правых, але нават сацыял-дэмакратаў, што хочуць вырашыць тую вялікую крымінальную праблему.

    Але ані слова не напісалі, што праблема звязана з іх каханымі мігрантамі, пераважна не такімі белымі як мясцовыя і ісламістамі. На частыя і многія забойства еўрапейцаў іх пофіг.

    Гэта нейкі чырвоны цырк на мульцікульці дроце.
  • Vkng
    27.01.2026
    /Як адзначае выданне, нават сацыял-дэмакраты, якія цяпер у апазіцыі і разлічваюць вярнуцца да ўлады пасля парламенцкіх выбараў 13 верасня, прапанавалі ўвесці электронныя бранзалеты для малых ад 6 да 12 гадоў, якія знаходзяцца «на шляху да злачыннасці»./

    Цікава, як збіраюцца вяртацца да ўлады, калі самі стварылі тую вялікую праблему, якую цяпер вырашаюць цэнтра-правыя, якіх не іранічна многія прыхільнікі тых сац-дэмаў абзывалі не тое, што крайнеправымі, але нават фашыстамі.

Цяпер чытаюць

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі10

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі

Усе навіны →
Усе навіны

Айчым біў дзіця, а затым пагаліў малога, напісаў на лбе слова «злодзей» і адвёў у школу3

«Сардэчна запрашаем адсюль». Расіяніну прапанавалі працу ў Мінску за 4000 рублёў, але гэтага яму падалося мала10

Вайсковы пенсіянер з Дуброўна пракаціў на капоце двух пагранічнікаў ФСБ і ўдарыў аднаго з іх у твар1

На Аляксандру Герасіменю напалі ў цэнтры Варшавы33

Статкевіч: Украіна можа адказаць «бруднай бомбай» на расійскі ядзерны ўдар7

70‑гадовую мінчанку асудзілі за «абразу Лукашэнкі» і «распальванне варожасці»3

Памёр Сэм Ніл — зорка «Парка юрскага перыяду» і «Піяніна» 2

Мужчына стаяў на каленях у метро і прасіў грошы нібыта на лячэнне сына. Але яго раскусілі6

Гэты беларус даследуе рак — вось што ён кажа пра SPF ад меланомы, навуковы прагрэс і самы складаны ў лячэнні рак5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі10

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць