У Мінскім палацы дзяцей і моладзі адкрылі інтэрактыўную пляцоўку «Бяспечная прастора», дзе ёсць імітацыя турэмнай камеры. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі і прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, піша Telegraf.news.

На сайце Мінгарвыканкама патлумачылі, што такім чынам вырашылі наладзіць «новыя, больш эфектыўныя формы прафілактычнай работы з моладдзю». Там запэўнілі, што новая навучальная прастора будзе працаваць штодня, а школьнікі будуць удзельнічаць у трэнінгах.
Новая пляцоўка прызначаная для навучання школьнікаў правілам паводзін у інтэрнэце і расказу пра рызыкі, звязаныя з наркотыкамі. У якасці навочнага дапаможніка там зрабілі сімулятар турмы.
Начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Кірыл Бяркозаў патлумачыў, што такім чынам хочуць наглядна паказаць дзецям наступствы ўдзелу ў кібер– і нарказлачынствах.
У частцы экспазіцыі, дзе зрабілі імітацыю турмы, дзецям расказваюць гісторыі асуджаных 17‑гадовых дзяўчынкі і хлопчыка, якім прызначылі «працяглыя тэрміны» за продаж наркотыкаў.
«У фармаце жывога эфіру яны расказваюць, як былі ўцягнутыя ў злачынную дзейнасць, страцілі свабоду і ўжо ў месцах пазбаўлення волі пераасэнсавалі сваё жыццё», — патлумачыў задуму Кірыл Бяркозаў.
Таксама школьнікам прапануюць паўдзельнічаць у 3D-імітацыі з VR-акулярамі (віртуальнай рэальнасці), дзе ім прапануецца пагадзіцца на ўжыванне наркотыкаў альбо паспрабаваць сябе ў якасці закладчыка.
«Усе сцэнарыі заканчваюцца аднолькава трагічна», — папярэдзіў прадстаўнік РУУС Мінска.
Каментары