Гісторыя11

Гутэнберг: гісторыя выгнанніка, які назаўсёды змяніў свет да лепшага

Ад таемных эксперыментаў у Страсбургу да судовага пазову, які пазбавіў яго ўсяго на самым парозе трыумфу. Жыццё Ёгана Гутэнберга нагадвае захапляльны дэтэктыў, поўны фінансавых рызык і смелых рашэнняў. Ад выкарыстоўвання мяшэчкаў з конскім воласам да кідання кавалачка хлеба ў кіпячы льняны алей. Расказваем, як адзін чалавек спарадзіў першую інфармацыйную рэвалюцыю.

Помнік Ёгану Гутэнбергу ў Майнцы. Фота: Wikimedia Commons

Прозвішча Ёгана Гутэнберга нярэдка з'яўляецца на старонках «Нашай Нівы» — калі мы распавядаем пра кніжныя навінкі беларускага выдавецтва Gutenberg Publisher. Аднак сёння мы расказваем пра асобу, у гонар якой выдавецтва атрымала сваю назву. Уплыў Гутэнберга на цывілізацыю настолькі значны, што канадскі філосаф Маршал Мак-Люэн увёў у навуковы ўжытак паняцце «Галактыка Гутэнберга», апісваючы новы этап у гісторыі чалавецтва. А ў 1999‑м амерыканскі тэлеканал A&E абвясціў Ёгана Гутэнберга «Чалавекам тысячагоддзя».

Да сярэдзіны XV стагоддзя веды жылі амаль выключна ў манастырскіх сценах. Сярэднявечныя кляштары былі галоўнымі захавальнікамі слова, але працэс стварэння кнігі там нагадваў хутчэй духоўны подзвіг або цяжкую фізічную пакуту.

Сапраўднае нараджэнне кнігі адбывалася ў скрыпторыях. Гэта былі адмысловыя памяшканні, якія стараліся размяшчаць альбо каля манастырскай кухні, альбо ў невялікіх пакоях, якія лягчэй было абаграваць.

Прычына была празаічнай: перапісчыку патрабаваліся цёплыя і рухомыя пальцы, каб утрымаць пяро і выконваць філігранную працу. Зімой, калі чарніла магло замярзаць у чарніліцах, праца ператваралася ў сапраўднае выпрабаванне. З надыходам прыцемкаў манахі працавалі пры мітуслівым бляску свечак, што незваротна псавала зрок.

Манах-перапісчык у скрыпторыі абацтва Сіто (Францыя). Фота: Wikimedia Commons

На палях старажытных рукапісаў захаваліся шматлікія сведчанні гэтай катаржнай працы. Сярэднявечныя перапісчыкі пакідалі адчайныя нататкі, якія дайшлі да нас праз стагоддзі: «Тры пальцы пішуць, але ўсё цела пакутуе», «О, як цяжка пісаць: гэта і вочы стамляе, і спіну згінае, і ўсе косткі ломіць».

Манахі скардзіліся на пастаянны холад, здранцвенне канцавінаў і курчы ў руках ад неабходнасці гадзінамі захоўваць нерухомую паставу. Любая памылка, зробленая ў канцы шматмесячнай працы, магла стаць катастрофай, бо выпраўленні ў пергаменце былі вельмі складанымі.

У той час рукапісная Біблія была раскошай, якую маглі сабе дазволіць толькі каралі ці найбагацейшыя саборы. Царква дбайна ахоўвала сваю манаполію на веды, але чалавечы фактар ствараў праблемы: нават самыя дасведчаныя перапісчыкі міжвольна дапускалі памылкі, прапускалі радкі ці няправільна тлумачылі словы. Гэта прыводзіла да таго, што розныя копіі Святога Пісьма пачыналі адрознівацца адна ад адной.

Для захавання хрысціянскага адзінства і барацьбы з ерасямі патрабавалася адзіная, універсальная і беспамылковая версія тэксту. Тым часам попыт на кнігі пачаў выбухова расці за межамі кляштараў: па ўсёй Еўропе адкрываліся ўніверсітэты, і новы клас інтэлектуалаў патрабаваў падручнікаў, якія немагчыма было забяспечыць сіламі манахаў.

Менавіта ў гэты пераломны час у Майнцы, адным з найважнейшых гарадоў Святой Рымскай імперыі (арцыбіскуп Майнца афіцыйна насіў тытул эрцканцлера Германіі і быў другім чалавекам у дзяржаве пасля самога імператара; на працягу некалькіх стагоддзяў у Майнцкім саборы прайшло 7 каранацый манархаў), пачынаецца шлях чалавека, які назаўжды зменіць гэты парадак.

Майнцкі сабор. Фота: Wikimedia Commons

Яго імя — Ёган Генсфляйш цур Ладэн, але ў гісторыю ён увойдзе пад прозвішчам Гутэнберг.

Пра дзяцінства і юнацтва Гутэнберга вядома няшмат, але тыя факты, што захаваліся ў судовых і гарадскіх кнігах, дазваляюць аднавіць яго шлях. Ён нарадзіўся паміж 1394 і 1404 гадамі.

Паколькі дакладную дату яго нараджэння немагчыма вызначыць, Таварыства Гутэнберга ў канцы XIX стагоддзя вызначыла 1400 год як год нараджэння Ёгана — трэйцяга дзіцяці ў сям'і Фрыле Генсфляйша і яго другой жонкі Эльзы Вірых.

Гісторыкі мяркуюць, што месцам нараджэння, хутчэй за ўсё, стала бацькоўская гарадская сядзіба ў Майнцы, якая насіла назву «Гоф цум Гутэнберг» (Падворак Гутэнберг).

Прозвішчы ў тыя часы яшчэ не былі статычнымі: у асяроддзі патрыцыяў было прынята дапаўняць радавое імя назвай дома, якім валодала сям’я. Радавое імя «Генсфляйш» (Gensfleisch) літаральна азначала «Гусінае мяса», што гучала даволі прыземлена для эліты. Дадатак «цум Гутэнберг» (што можна перакласці як «з Добрай гары») пачаў выкарыстоўвацца сям’ёй толькі з 1420‑х гадоў.

Род Генсфляйшаў належаў да патрыцыяту — гарадской арыстакратыі Майнца. Яго прадстаўнікі засядалі ў гарадской радзе і трымалі ў сваіх руках уладу і грошы. Сям’я валодала спадчынным прывілеем удзельнічаць у рабоце манетнага двара, забяспечваючы арцыбіскупа золатам і срэбрам для чаканкі.

Паколькі яго бацька меў непасрэднае дачыненне да арцыбіскупскага манетнага двара, юны Ёган, напэўна, яшчэ ў дзяцінстве ўпершыню пазнаёміўся з металургіяй: назіраў за адліўкай манет, працай з пуансонамі і матрыцамі, вучыўся ацэньваць якасць сплаваў. Гэтыя ювелірныя навыкі — уменне працаваць з цвёрдымі металамі і ствараць дакладныя формы — пазней стануць падмуркам яго друкарскага вынаходніцтва.

Юнацтва Ёгана было далёкім ад спакою і манатоннасці. Майнц таго часу быў арэнай жорсткіх сацыяльных сутыкненняў. У 1411 годзе Фрыле Генсфляйш разам з сям’ёй быў вымушаны пакінуць Майнц. Гэта быў маштабны палітычны дэмарш: больш за сто патрыцыянскіх родаў адначасова выехалі з горада, адмаўляючыся саступаць свае прывілеі рамесным цэхам, якія набіралі моц.

Патрыцыі патрабавалі захавання сваіх прывілеяў, такіх, як вызваленасць ад падаткаў і мыт. Сям'я, хутчэй за ўсё, знайшла прытулак у Эльтвілі, дзе было радавое гняздо маці.

Праз два гады, у 1413‑м, Майнц скалынула новая хваля беспарадкаў — так званыя «галодныя бунты». Недахоп збожжа і высокія цэны на хлеб справакавалі народны гнеў, які выліўся ў напады на сядзібы патрыцыяў. Гэта зноў прымусіла Генсфляйшаў пакінуць родны горад у пошуках бяспекі.

Царква Святога Пятра і Паўла ў Эльтвілі, Германія. Фота: Wikimedia Commons

Адносна адукацыі Ёгана таксама няма дакладных звестак. Гісторыкі дапускаюць, што як сын багатага патрыцыя ён, хутчэй за ўсё, наведваў лацінскую школу, а пасля — кляштарную школу пры манастыры Святога Віктара, што знаходзіўся непадалёк ад Майнца.

Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што Ёган, магчыма, вучыўся ў Эрфурцкім універсітэце, дзе ў спісах 1418 года значыцца Johannes de Altavilla (Альтавіла — лацінская назва Эльтвіля, горада, з якога паходзіла яго маці).

Першы афіцыйны дакумент, у якім Ёган згадваецца пад уласным імем, паходзіць з 1420 года. Прычына з’яўлення гэтага запіса была даволі празаічнай для тых часоў — маёмасныя спрэчкі. Пасля смерці бацькі, Фрыле Генсфляйша-старэйшага, у 1419 годзе паміж Ёганам, яго роднымі братам і сястрой і іх зводнай сястрой пачаліся сур’ёзныя разборы наконт спадчыны.

Хоць хронікі не паведамляюць, чым скончыўся гэты працэс, для гісторыкаў гэты дакумент стаў сапраўдным адкрыццём. Справа ў тым, што Ёган выступаў у судзе самастойна, без апекуна. Паводле тагачасных законаў, гэта азначала, што яму ўжо споўнілася 14 гадоў і ён быў прызнаны правамоцным распараджацца сваім лёсам.

Від на Майнц. Ілюстрацыя з «Liber chronicarum» («Нюрнбергская хроніка»), выданне 1493 года. Фота: Wikimedia Commons

Наступнае дзесяцігоддзе — 1420‑я гады — застаецца сапраўднай «цёмнай плямай» у біяграфіі вынаходніка. Дзе ён знаходзіўся і чым займаўся ў гэты перыяд, застаецца таямніцай: ніводная хроніка, ніводзін гандлёвы рэестр не захавалі яго імя. Гутэнберг нібы знік з радараў гісторыі, каб ізноў з’явіцца на іх толькі на пачатку 1430‑х гадоў.

У 1429 годзе Майнц ахапіла новая хваля палітычных канфліктаў паміж рамеснымі цэхамі і патрыцыямі, што прымусіла многіх арыстакратаў зноў пакінуць горад. Дакументы пацвярджаюць, што Ёгана ў гэты час у Майнцы не было. Яго інтарэсы ў складаных перамовах з магістратам рэпрэзэнтавала маці, Эльза Вірых. Яна спрабавала дамагчыся ад горада выплаты пажыццёвай рэнты — штогадовых працэнтаў, якія Майнц быў абавязаны выплачваць сям’і Генсфляйшаў у абмен на капітал, які тыя калісьці пазычылі гарадскому скарбу.

Ключавы момант адбыўся ў 1430 годзе. Новы арцыібіскуп Конрад III, жадаючы супакоіць горад, прапанаваў выгнаннікам вярнуцца ў Майнц без аніякіх дадатковых умоў і штрафаў. Гэта была своеасаблівая амністыя для патрыцыяў. Імя Ёгана Гутэнберга значыцца ў гэтай «дамове аб прымірэнні» сярод патрыцыяў, якія жылі за межамі Майнца. Але, у адрозненне ад многіх сваіх суайчыннікаў, ён адхіліў гэтую прапанову.

У 1433 годзе памерла яго маці, пасля чаго маёнтак быў падзелены паміж трыма дзецьмі. Улады Майнца па-ранейшаму неахвотна выплачвалі належную яму рэнту. Магчыма, з-за фінансавых цяжкасцяў горада або з жадання пакараць эмігранта. У выніку запазычанасць перад ім увесь час расла і ў 1434 годзе дасягнула 310 залатых.

Страсбург

Перыяд з 1434 па 1444 год у біяграфіі Гутэнберга трывала звязаны са Страсбургам. Аднак жыццё ў вольным горадзе патрабавала значных сродкаў, і першае, з чым сутыкнуўся Ёган, — гэта вострыя фінансавыя праблемы. Справа ў тым, што Майнц, скарыстаўшыся адсутнасцю Гутэнберга, канчаткова спыніў выплаты па яго пажыццёвай рэнце. Для Ёгана гэта стала сур’ёзным выпрабаваннем.

Страсбург, Францыя. Сярэднявечны мост Пон-Кувер (Ponts Couverts) і Страсбургскі сабор на заднім плане. Фота: Wikimedia Commons

У сакавіку 1434 года Гутэнберг вырашыў дзейнічаць рашуча і нават дзёрзка. Даведаўшыся, што праз Страсбург праязджае гарадскі пісар Майнца Мікалаус Вёрштат, Ёган выкарыстаў сваё права і дамогся арышту чыноўніка. Вёрштат апынуўся ў даўгавой турме — такім чынам Гутэнберг узяў высокапастаўленага закладніка, каб прымусіць родны горад вярнуць запазычанасць. Неўзабаве, каб не псаваць адносіны з уладамі Страсбурга, ён пагадзіўся выпусціць пісара, і яго план спрацаваў: напалоханы Майнц у 1436 годзе аднавіў выплаты і цалкам пагасіў доўг.

Атрыманыя грошы дазволілі Ёгану не толькі захаваць статус патрыцыя, але і разгарнуць у Страсбургу ўласную дзейнасць. У 1437 годзе Гутэнберг прыняў у навучанне Андрэаса Дрыцэна, якога вучыў «шліфоўцы каштоўных камянёў» (чаканцы манет і ювелірнай справе), а праз некаторы час стварыў камерцыйнае таварыства для вырабу металічных люстэркаў для пілігрымаў, якія рыхтаваліся да вялікага паломніцтва ў Аахен.

Рэлігійныя ўяўленні таго часу нарадзілі незвычайны попыт: вернікі лічылі, што падчас паказу святых рэліквій Хрыста тыя выпраменьваюць ацаляльнае святло. Паколькі праз велізарныя натоўпы наблізіцца да святынь было немагчыма, пілігрымы куплялі невялікія ўвагнутыя люстэркі. Іх трымалі высока над галавой у бок рэліквій, каб «злавіць» і захаваць святыя прамяні, якія потым можна было «прынесці» дадому.

Аахенскі сабор, Германія. Фота: Wikimedia Commons

Гутэнберг паабяцаў сваім партнёрам — Андрэасу Дрыцэну, Гансу Рыфэ і Андрэасу Хайльману — навучыць іх «сакрэтнаму мастацтву» масавай вытворчасці такіх люстэркаў з дапамогай спецыяльных формаў і сплаваў. Але старанна прадуманы бізнес-план прагарэў.

У 1439 годзе на Еўропу чарговы раз абрынулася эпідэмія чумы, і паломніцтва адклалі на наступны год. Для таварыства гэта стала катастрофай: капітал быў укладзены, тавар выраблены, але купцоў не было. Сітуацыя ўскладнілася яшчэ і тым, што пры канцы таго ж года Андрэас Дрыцэн раптоўна памёр.

Тут і пачынаецца самая цікавая частка гісторыі, зафіксаваная ў судовых пратаколах. Браты памерлага Андрэаса, Георг і Клаус, бачачы фінансавы крах, паспрабавалі праз суд вярнуць грошы брата альбо сілай уступіць у долю таварыства. Іх цікавіла не толькі вытворчасць люстэркаў, але і нейкія таемныя веды, якімі валодаў Гутэнберг.

Партрэт Гутэнберга працы ананімнага мастака, датаваны 1440 годам. Фота: Wikimedia Commons

Менавіта ў матэрыялах апытання сведак па гэтай справе гісторыкі знайшлі згадкі пра сапраўдную справу Ёгана. У дакументах фігуруе назва яшчэ аднаго, сакрэтнага праекта — «aventur und kunst» (прыгода і майстэрства). Сведкі паведамлялі пра загадкавыя закупы вялікай колькасці свінцу і, што самае важнае, пра будаўніцтва нейкага прэса ў майстэрні Гутэнберга.

У матэрыялах суда захавалася імя яшчэ аднаго важнага ўдзельніка гэтай таемнай гісторыі — цесляра Конрада Зацбаха. Менавіта яго Гутэнберг наняў для стварэння самай масіўнай часткі вынаходніцтва — драўлянага прэса. Зацбах пацвердзіў, што выканаў гэтую замову яшчэ ў 1438 годзе. Ён жа распавёў суду пра драматычны эпізод, які здарыўся адразу пасля смерці Андрэаса Дрыцэна.

Гутэнберг, баючыся, што сакрэт машыны трапіць у чужыя рукі, паслаў свайго слугу да Зацбаха з загадам: неадкладна пайсці ў майстэрню памерлага Андрэаса, разабраць прэс на чатыры часткі і выняць іх з рамы, каб «ніхто не змог зразумець, што гэта такое».

Стала відавочна: вытворчасць люстэркаў была для Ёгана толькі «фінансавай падушкай» і зручным прыкрыццём, у той час як яго галоўныя высілкі былі накіраваны на стварэнне машыны, здольнай друкаваць тэксты.

З 1441 па 1444 год імя Гутэнберга яшчэ сустракаецца ў падатковых спісах Страсбурга, але пасля гэтага яго сляды раптоўна абрываюцца. Дзе ён знаходзіўся наступныя чатыры гады — невядома.

Вынаходніцтва друкарскага варштата

Гісторыкі і інжынеры дагэтуль спрабуюць рэканструяваць той самы момант, калі Гутэнберга наведала ідэя рэвалюцыйнага метаду друку. Яго інжынерны геній палягаў у здольнасці адаптаваць і ўдасканаліць ужо вядомыя спосабы рэпрадукцыі, аб’яднаўшы іх у адзіную, бездакорную сістэму.

Адліўка металу, ручны прэс, ксілаграфія (друк з драўляных дошак) і прыёмы штампоўкі існавалі і да яго. Аднак менавіта Гутэнберг распрацаваў унікальны метад адліўкі металічных літар, сканструяваў друкарскі станок і знайшоў аптымальны склад фарбы, злучыўшы гэтыя навацыі ў цэласны працэс кнігадруку з выкарыстаннем рухомых літар.

Важна разумець: да нашых дзён не захавалася ніводнага арыгінальнага станка Ёгана Гутэнберга, а таксама не засталося ніводнага яго чарцяжа ці апісання, зробленага пры жыцці майстра. Усё, што мы ведаем пра гэтую дзівосную прыладу, — вынік маштабнай гістарычнай рэканструкцыі і тэхнічнага аналізу першых друкаваных кніг.

Станок Гутэнберга стаў творчым пераасэнсаваннем традыцыйнага вінтавога прэса, які ў тыя часы ўжо стагоддзямі выкарыстоўвалі вінаробы і майстры па вытворчасці паперы. Прынцып працы быў заснаваны на механіцы шрубы: калі друкар паварочваў рычаг, масіўны шпіндзель прыходзіў у рух і прымушаў цяжкую вертыкальную пліту — плацен — апускацца ўніз. Менавіта гэтая пліта забяспечвала галоўную ўмову якаснага друку, раўнамерна размяркоўваючы каласальны ціск па ўсёй паверхні друкарскай формы.

Рэканструкцыя друкарскага станка Гутэнберга. Міжнародны музей кнігадрукавання. Лос-Анджэлес. ЗША. Фота: Wikimedia Commons

Для зручнасці працы Гутэнберг выкарыстаў рухомае ложа, або карэтку. Друкарская форма ляжала на цяжкай каменнай пліце (часцей за ўсё мармуровай), якую па рэйках закочвалі пад прэс. Гэта дазваляла друкару лёгка выкочваць набор са шрыфтам вонку, каб бесперашкодна нанесці фарбу ці замяніць аркуш. Для мацавання паперы выкарыстоўвалася прадуманая сістэма рам: тымпан, на які клаўся аркуш, і фрыскет — рама з выразанымі «вокнамі», якая накрывала паперу зверху, каб фарба не пэцкала чыстых палёў аркуша. Гэтая сістэма гарантавала, што тэкст кожны раз будзе трапляць дакладна ў адно і тое ж месца.

У пратаколах Страсбургскага працэсу 1439 года цясляр Конрад Зацбах згадвае, што Гутэнберг загадаў яму разабраць станок на чатыры часткі. Гэта адзіная канкрэтная лічбавая згадка пра канструкцыю. Гісторыкі мяркуюць, што гэтымі часткамі былі: вертыкальная рама, шпіндзель, плацен і рухомае ложа (карэтка).

Каб станок не хістаўся пад каласальнай нагрузкай, яго альбо мацавалі да бэлек столі, альбо рабілі яго ножкі моцна высунутымі наперад для лепшай балансіроўкі. Гэтая магутная, хоць і павольная ў працы прылада ператварыла грубую сілу сярэднявечнага прэса ў высокадакладны інструмент і стала падмуркам для нараджэння кнігадруку.

На сваім друкарскім станку Гутэнберг мог рабіць каля 20 адбіткаў за гадзіну. Аналіз 42‑радковой Бібліі паказвае, што станок Гутэнберга меў прынцыповае адрозненне ад больш позніх і хуткіх машын. Гэта быў станок «аднаго націску» (one-pull press). У той час як друкары наступных стагоддзяў клалі на станок адразу дзве старонкі тэксту і ціснулі на іх па чарзе, Гутэнберг працаваў толькі з адной старонкай за раз. Гэта рабіла працэс куды больш марудным, але менавіта ў гэтай маруднасці хаваўся сакрэт яго фантастычнай якасці.

Паколькі ўся моц прэса канцэнтравалася на невялікай плошчы адной старонкі, ціск быў максімальна раўнамерным і глыбокім, што дазваляла дасягнуць той ідэальнай выразнасці літар, якая не цьмянее нават праз пяцьсот гадоў.

Як Гутэнберг адліваў друкарскія літары

Аднак сапраўдная таямніца вынаходніцтва Гутэнберга заключалася не ў самім станку. Самай складанай задачай было стварэнне сістэмы, якая б дазволіла хутка і з ювелірнай дакладнасцю вырабляць тысячы ідэнтычных металічных літар. Рашэнне, якое знайшоў Ёган, — ручная адліўка літар — стала вырашальным крокам у гісторыі кнігадруку.

Гэты працэс быў шматступеньчатым і патрабаваў каласальнай падрыхтоўкі. Усё пачыналася з пуансона (па-нямецку Patrize) — майстар-штампа кожнага сімвала. Гутэнберг выразаў яго ўручную ў люстраным адбітку на кончыку бруска з цвёрдага металу. Гэта была філігранная праца: выпільванне аднаго сімвала магло займаць цэлы дзень. Гатовы сталёвы пуансон з сілай убівалі ў пласціну з мяккай медзі, ствараючы матрыцу — паглыблены адбітак літары.

Каб ператварыць гэты адбітак у мноства гатовых літар, Гутэнберг вынайшаў сваю галоўную прыладу — ручную словалітную форму. Гэта быў невялікі складаны механізм, зроблены з дрэва з дзвюма металічнымі «шчокамі» (заціскамі) унутры. Драўляны корпус быў патрэбны для таго, каб майстар не апёк рукі, бо ўнутр заліваўся гарачы метал.

Майстар па адліўцы друкарскіх літар за працай. Ксілаграфія з кнігі «Ständebuch», 1568. Фота: Wikimadia Commons

Працэс адліўкі выглядаў так: матрыца ўстаўлялася ў ніжнюю частку формы і фіксавалася сталёвай дужкай. Майстар зачыняў абедзве палавінкі формы і заліваў у адтуліну расплаўлены метал. Дзякуючы геніяльнай канструкцыі, форма дазваляла рэгуляваць шырыню: для вузкай літары «i» яе сціскалі, а для шырокай «w» — рассоўвалі, але пры гэтым усе літары мелі абсалютна аднолькавую вышыню і глыбіню («рост»).

Не менш важным быў і склад металу. Гутэнберг шляхам шматлікіх спроб вынайшаў ідэальны сплаў волава, свінцу і сурмы з дадаткам вісмуту. Свінец і волава забяспечвалі пластычнасць, а сурма і вісмут мелі ўнікальную ўласцівасць трохі пашырацца пры ахалоджванні. Дзякуючы гэтаму расплаўлены метал імгненна і шчыльна запаўняў самыя тонкія выгібы матрыцы, забяспечваючы ідэальна вострыя краі літары.

Метал застываў амаль імгненна. Майстар адкрываў форму, вытрасаў гатовую літару і адразу заліваў наступную. Пасля ахалоджвання ўсе літары праходзілі фінальную апрацоўку: з іх зразалі лішкі металу і падганялі іх пад адзіную вышыню, каб у друкарскім радку яны стаялі ідэальна роўна. Пасля гэтага яны сартаваліся ў друкарскія касы.

Гутэнберг быў апантаны эстэтыкай. Каб яго Біблія выглядала гэтак жа дасканала, як і лепшыя рукапісныя кнігі манахаў, яму недастаткова было мець звычайны алфавіт. Ён жадаў дасягнуць ідэальна роўнага правага краю старонкі без непрыгожых прабелаў паміж словамі.

Дзеля гэтага ён стварыў гіганцкі набор з прыкладна 290 розных знакаў. Гэта былі не толькі вялікія і малыя літары, але і мноства лігатур (злучаных літар), а таксама спецыяльных знакаў скарачэнняў, якія імітавалі почырк прафесійных перапісчыкаў.

За адну гадзіну вопытны словаліцец мог адліць да сотні такіх літар. Гэта ператварыла стварэнне кніг з маруднага мастацтва ў магутную індустрыю. Тэхналогія рухомага шрыфту дазваляла вырабляць тысячы элементаў, якія пасля друку можна было «рассыпаць» і выкарыстоўваць зноў для наступнай старонкі, што назаўжды разбурыла манаполію перапісчыкаў на веды.

Матэрыял для друку

Наступным фундаментальным выклікам для Гутэнберга стала фарба. Перапісчыкі ў манастырах карысталіся чарнілам на воднай аснове, якое добра ўбіралася ў пергамент, але для металічных літар яно не падыходзіла. Водная фарба проста скатвалася з гладкага металу кроплямі і расцякалася па аркушы невыразнымі плямамі.

Гутэнбергу прыйшлося стаць яшчэ і хімікам. Ён распрацаваў унікальную эмульсію на аснове аліфы (льнянога алею) і сажы. Гэта быў сапраўдны тэхналагічны прарыў. Новая фарба была вельмі густой і вязкай, што дазваляла ёй роўна пакрываць металічны шрыфт. Яна высыхала значна хутчэй за традыцыйнае чарніла, і менавіта гэта зрабіла магчымым двухбаковы друк (на вонкавым і адваротным баку аркуша), не баючыся, што тэкст размажацца.

Выраб друкарскай фарбы патрабаваў вялікай увагі. Асновай яе была аліфа — правараны ільняны алей. Каб вызначыць ступень гатоўнасці, у кіпячую аліфу кідалі кавалачак хлеба. Калі ён падсмажваўся да патрэбнай ступені, гэта сведчыла, што аліфа дасягнула неабходнай тэмпературы і вязкасці. Такі хлеб быў любімай ежай вучняў друкароў.

У склад «чорнай магіі» Гутэнберга, акрамя сажы і алею, уваходзілі і іншыя рэчывы: шкіпінар, смала, серны калчадан, медзь і свінец. Гэты складаны кактэйль рабіў фарбу настолькі трывалай, што нават праз 500 гадоў тэкст Бібліі застаецца бліскучым і насычаным.

Аднак важна памятаць, што станок Гутэнберга ў той час друкаваў толькі чорныя элементы. Усе прыгожыя чырвоныя загалоўкі (рубрыкацыі), арнаменты і ініцыялы, якія мы бачым у Бібліі, наносіліся пазней уручную мастакамі-ілюстратарамі. Гутэнберг стварыў аснову, але кожная кніга ўсё яшчэ патрабавала фінальнага дотыку чалавечай рукі.

Старонка Бібліі Гутэнберга. Фота: Wikimedia Commons

Калі ўсе складнікі — станок, металічны шрыфт, папера і патрэбны склад фарбы — былі падрыхтаваны, майстэрня Гутэнберга пачала працаваць як адзіны механізм. На змену маруднаму перапісванню кніг прыйшоў выразны рытм і строгая паслядоўнасць дзеянняў.

Мастацтва вёрсткі і таямніцы друку

Працэс пачынаўся ў друкарскіх касах (Setzkasten), дзе захоўваліся адлітыя свінцовыя літары. Набор быў ювелірнай працай, якая патрабавала ад майстра не толькі дасканалай пісьменнасці, але і выключнага пачуцця прасторы і рытму тэксту.

Асобныя літары з дапамогай спецыяльнай прылады — наборнага кутніка (Winkelhaken, або Setzwinkel) — збіраліся ў радкі. Каб забяспечыць аднолькавую адлегласць паміж літарамі і словамі, наборшчык выкарыстоўваў спецыяльныя металічныя пласцінкі, ніжэйшыя за рост літар, якія не пакідалі адбітка на паперы.

Свінцовыя літары ў наборным кутніку падчас ручнога набору. Фота: Wikimedia Commons

Сапраўдным шэдэўрам Гутэнберга стала яго Біблія, у якой ён дасягнуў ідэальнага «блокавага» выраўноўвання тэксту (Blocksatz). Каб правы край кожнай калонкі быў бездакорна роўным, выкарыстоўвалася каля 290 розных варыянтаў знакаў: літары рознай шырыні, лігатуры і спецыяльныя скарачэнні. Калі радок не змяшчаўся, можна было замяніць звычайную літару на больш вузкую або выкарыстаць скарачэнне, пазбягаючы непрыгожых «дзірак» паміж словамі.

Гатовыя радкі пераносіліся з наборнага кутніка ў наборны чоўн (Setzschiff), дзе іх складалі ў калонку або цэлую старонку. Пасля гэтага з набранага тэксту фармавалася і замацоўвалася металічная друкарская форма, якая служыла асновай для друку.

Але перад тым як зрабіць адбітак, трэба было падрыхтаваць фарбу і паперу. Для нанясення фарбы выкарыстоўваліся друкарскія падушкі — на нашых землях яны называліся «маца», з італьянскай mazza — спецыяльныя скураныя мяшэчкі, зробленыя з сабачай скуры (яна лічылася найбольш трывалай і не мела пор) і шчыльна напоўненыя конскім воласам. Гэтымі падушкамі фарба раўнамерна «ўбівалася» ў паверхню металічнага шрыфту.

Нанясенне фарбы на набор з дапамогай дзвюх друкарскіх падушак. Фота: Wikimedia Commons

Паперу перад друкам абавязкова ўвільгатнялі. Гэта рабілася для таго, каб валокны лёну сталі мяккімі, а іх поры адкрыліся. У момант друку папера, нібы губка, убірала ў сябе алейную фарбу. Пасля высыхання поры зачыняліся, назаўжды заціскаючы фарбу ўнутры аркуша. Гэта і забяспечыла тую неймаверную трываласць тэксту, якую мы бачым праз пяць стагоддзяў.

Працэс друку патрабаваў матэматычнай дакладнасці. Аркуш паперы мацаваўся на вечку прэса з дапамогай спецыяльных штыфтоў — пунктур. Зверху папера накрывалася драўлянай рамай (фрыскетам), якая абараняла чыстыя палі аркуша ад выпадковых плям фарбы.

Выкарыстанне пунктур было крытычна важным для друку на адваротным баку аркуша. Дзякуючы маленькім дзірачкам ад штыфтоў, друкар мог ідэальна сумясціць тэкст на абодвух баках старонкі. Гэта дазваляла пазбегнуць накладання тэксту, каб радкі з розных бакоў супадалі і не прасвечвалі, што стварала адчуванне абсалютнага парадку на старонцы.

Металічныя літары Гутэнберга, у адрозненне ад папярэдніх драўляных дошак, якія былі ўнікальнымі і непаўторнымі, вытрымлівалі каласальны ціск прэса. 

Вяртанне Гутэнберга ў Майнц

Рэалізаваць свае тэхнічныя распрацоўкі Гутэнберг змог у родным горадзе. Дакументальна пацверджана, што ён зноў аб’явіўся ў Майнцы толькі ў кастрычніку 1448 года. У тым месяцы ён пазычыў 150 залатых у свайго стрыечнага брата Арнольда Гельтуса. Гісторыкі мяркуюць, што гэтыя грошы былі інвеставаны ў стварэнне новай друкарскай майстэрні на тэрыторыі гарадской сядзібы Гумбрэхтхоф, якая здаўна належала яго роду.

Аднак Гутэнберг разумеў, што для рэалізацыі сапраўды маштабных задум яму патрэбны куды большы капітал. Ён пачаў шукаць кантакты з буйнымі фінансістамі і каля 1449 года сустрэў майнцскага купца Ёгана Фуста. Фуст, бачачы патэнцыял вынаходніцтва, выдаў яму беспрацэнтную пазыку 800 залатых. Але ў гэтай шчодрасці быў і свой падвох: заставай за гэтыя грошы стала ўсё друкарскае абсталяванне, якое Гутэнберг набыў ці стварыў.

Каля 1450 года эксперыменты Гутэнберга зайшлі так далёка, што ён змог нарэшце пачаць паўнавартасны друк асобных аркушаў і кніг. Першымі з-пад яго прэса ў перыяд з 1450 па 1454 гады выйшлі не святыя тэксты, а невялікія выданні, якія мелі стабільны попыт. Гэта былі падручнікі лацінскай граматыкі Элія Даната і слоўнікі. Бліжэй да 1454 года асартымент пашырыўся: пачалі з’яўляцца календары і папскія індульгенцыі.

Але галоўнай марай Ёгана заставалася Біблія на лацінскай мове, працу над якой ён пачаў каля 1452 года. Задума патрабавала яшчэ большых укладанняў, таму Фуст выдаў Гутэнбергу другі крэдыт, стаўшы паўнавартасным партнёрам у праекце.

На падрыхтоўку першага набору Бібліі Гутэнберг выдаткаваў каля двух гадоў. Першыя гатовыя аркушы будучага выдання былі прадэманстраваныя ў кастрычніку 1454 года ў Франкфурце. Энеа Сільвія Пікаламіні (будучы папа Пій II), які ў той час знаходзіўся ў горадзе на імперскім з’ездзе (рэйхстагу), пазней засведчыў у сваім лісце, што на ўласныя вочы бачыў сшыткі Бібліі, якія прэзентаваў «дзіўны чалавек» (лац. vir mirabilis; невядома, ці гэта быў сам вынаходнік, ці яго памочнік).

Пікаламіні адзначаў, што шрыфт быў настолькі выразным і прыгожым, што тэкст можна было чытаць нават без акуляраў, а ўсе асобнікі будучага накладу былі распрададзеныя яшчэ да завяршэння друку.

Кніга атрымалася манументальнай — каля 1300 старонак тэксту. У гісторыю яна ўвайшла як «42‑радковая Біблія» (або B42), бо менавіта такая колькасць радкоў на старонцы забяспечвала тую ідэальную візуальную гармонію і матэматычную дакладнасць, да якой так імкнуўся майстар.

42‑радковая Біблія Гутэнберга. Фота: Wikimedia Commons

Гутэнберг і яго крэдытор

Калі выданне было ўжо фактычна завершана, паміж партнёрамі адбыўся разрыў. Фуст, адчуўшы, што тэхналогія гатовая прыносіць прыбытак, выставіў Гутэнбергу пазоў. Ён абвінаваціў майстра ў нерацыянальным выкарыстанні сродкаў і запатрабаваў неадкладнага вяртання ўсёй пазыкі разам з велізарнымі працэнтамі.

Гэта была спланаваная пастка. У 1455 годзе, згодна з рашэннем суда (вядомым як «Гельмаспергераўскі натарыяльны акт»), Гутэнберг быў вымушаны аддаць Фусту сваю майстэрню, усё абсталяванне і — самае балючае — увесь гатовы тыраж Бібліі ў кошт пагашэння доўгу.

Ёган Фуст разам з таленавітым вучнем Гутэнберга Петэрам Шоферам завалодалі кнігадрукарняй і паспяхова працягнулі справу, здымаючы вяршкі з вынаходніцтва, якое ім не належала. Для самога Гутэнберга гэта стала катастрофай, але не канцом. Ён змог заснаваць іншую, меншую майстэрню, хоць яго тэхнічныя магчымасці былі ўжо не тыя. Выданняў маштабу Бібліі ён больш не ствараў, засяродзіўшыся на выпуску календароў, падручнікаў і Псалтыра — усяго з-пад яго новага прэса выйшла каля 50 кніг.

Трагедыя страты першай майстэрні змяніла і самога Гутэнберга. Калі раней ён дбайна хаваў свае сакрэты, баючыся канкурэнцыі, то пасля суду ён стаў больш адкрытым. Майстар пачаў дапамагаць іншым друкарам, дзяліцца ведамі з вучнямі і спрыяць распаўсюджванню тэхналогіі. Ён удзельнічаў у выданні 36‑радковай Бібліі ў Бамбергу, выхоўваў паслядоўнікаў, якія пазней развезлі «мастацтва друку» па ўсёй Еўропе.

У канцы жыцця Гутэнберг нарэшце атрымаў спакойнае прызнанне: архібіскуп і курфюрст Адольф Насаускі прыняў яго на службу, надаўшы тытул двараніна і пажыццёвае забеспячэнне прадуктамі і адзеннем. Ёган Гутэнберг памёр у 1468 годзе, не пакінуўшы пасля сябе багацця, але пакінуўшы свет, які назаўжды змяніўся.

Распаўсюджанне кнігадрукавання

Тэхналогія, якая пачалася з адной-адзінай майстэрні ў Майнцы, распаўсюдзілася па кантыненце з вялізнай для тых часоў хуткасцю. Ужо каля 1480 года друкарні працавалі ў 110 пунктах ва ўсёй Еўропе — ад Германіі, Італіі і Францыі да Іспаніі, Нідэрландаў, Бельгіі, Швейцарыі, Англіі, Багеміі і Польшчы. Да канца XV стагоддзя друкарская справа ахапіла не менш за 271 горад у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе. Гэта дазволіла надрукаваць мільёны кніг і закласці асновы масавай камунікацыі.

Распаўсюджанне кнігадрукавання ў XV стагоддзі. Фота: Wikimedia Commons

Хваля, пачатая Гутэнбергам, даволі хутка дасягнула і Вялікага Княства Літоўскага. Ужо ў 1517 годзе, усяго праз 62 гады пасля выхаду Бібліі Гутэнберга, наш суайчыннік Францыск Скарына надрукаваў у Празе сваю першую кнігу, стаўшы першадрукаром ва ўсім усходнеславянскім свеце.

У 1520‑я гады Скарына перавёз друкарню ў Вільню, а ў сярэдзіне XVI стагоддзя друкарні адкрыліся ў Берасці (1553 год), Нясвіжы і іншых гарадах.

Распаўсюджванне друку мела глыбокія грамадскія наступствы. Яно ўвяло эру масавай камунікацыі, зламала манаполію эліты на веды, рэзка павысіла ўзровень пісьменнасці і дазволіла рэвалюцыйным ідэям хутка пераадольваць дзяржаўныя межы. Гэта паспрыяла Рэфармацыі, умацаванню сярэдняга класа і пачатку ранняй мадэрнасці. Ужо ў 1620 годзе англійскі філосаф Фрэнсіс Бэкон адзначаў, што кнігадрук змяніў аблічча ўсяго свету.

Уплыў Гутэнберга на цывілізацыю настолькі значны, што канадскі філосаф Маршал Мак-Люэн увёў у навуковы ўжытак паняцце «Галактыка Гутэнберга», апісваючы новы этап у гісторыі чалавецтва.

Міжнароднае прызнанне велічы майстра замацавалася ў ХХ стагоддзі: у 1997 годзе часопіс Time назваў друкарскі станок найважнейшым вынаходніцтвам другога тысячагоддзя, а ў 1999‑м амерыканскі тэлеканал A&E абвясціў Ёгана Гутэнберга «Чалавекам тысячагоддзя».

«Сучаснае кнігадрукаванне» — скульптура, прысвечаная вынаходству Гутэнберга. Берлін. Фота: Wikimedia Commons

Сучасны працяг традыцыі: Кракаў і Gutenberg Publisher

Гісторыя кнігадрукавання зрабіла поўнае кола і вярнулася ў нашы дні ў новым абліччы. Адным з першых гарадоў, куды яшчэ ў 1470‑я гады прыйшлі паслядоўнікі Гутэнберга, быў Кракаў. Сёння гэты старадаўні горад, які стагоддзямі быў цэнтрам навукі і друку, стаў домам для беларускага выдавецтва Gutenberg Publisher.

Выдавецтва невыпадкова носіць імя вялікага майстра. Яно пераймае яго галоўную місію: рабіць веды і культуру даступнымі, пераадольваючы межы.

Сёння Gutenberg Publisher у Кракаве выступае важным культурным мостам, засяроджваючыся на выданні беларускіх кніг і захаванні інтэлектуальнай спадчыны ў новай лічбавай і друкаванай эпосе.

Гэта жывое пацверджанне таго, што «Галактыка Гутэнберга» працягвае пашырацца, а традыцыі якаснага і асветніцкага друку застаюцца актуальнымі праз 500 гадоў пасля нараджэння першай друкаванай Бібліі.

А каб сёння падтрымаць беларускую выдавецкую справу — замаўляйце кнігі ў Gutenberg Publisher. Дастаўка — па ўсім свеце, і ў Беларусь, і ў ЗША.

Каментары1

  • Эстэр
    22.02.2026
    Дзякуй за цікавы артыкул!

Цяпер чытаюць

Маўрыкій, Сейшэлы, Шры-Ланка і не толькі: паглядзелі, куды збеглі ад беларускіх маразоў праўладныя артысты і вядучыя8

Маўрыкій, Сейшэлы, Шры-Ланка і не толькі: паглядзелі, куды збеглі ад беларускіх маразоў праўладныя артысты і вядучыя

Усе навіны →
Усе навіны

Да Дня роднай мовы «Луч» выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў4

Ёханес Клэба заваяваў шосты залаты медаль на Алімпіядзе-2026 і 11‑ы ў кар'еры

Фіца: Славакія прыпыніць пастаўкі электраэнергіі ва Украіну, калі Кіеў будзе перашкаджаць пастаўкам нафты праз «Дружбу»3

Выдавецтва «Тэхналогія» прыпыніла працу10

Другакласнік у Германіі падаў заяўку на вакансію інспектара дзіцячых пляцовак. І яго амаль узялі!

«Не толькі ад грыпу або кавіду». Навукоўцы з ЗША распрацоўваюць універсальную вакцыну ад усіх тыпаў лёгачных інфекцый

Энтузіясты алічбавалі ўсе могілкі Мінска2

Чэмпіён Беларусі і Польшчы трапіў за краты праз тое, што збег ад службы ў беларускім войску. А цяпер увогуле знік5

 У расійскім Саранску гарыць важны завод ВПК1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маўрыкій, Сейшэлы, Шры-Ланка і не толькі: паглядзелі, куды збеглі ад беларускіх маразоў праўладныя артысты і вядучыя8

Маўрыкій, Сейшэлы, Шры-Ланка і не толькі: паглядзелі, куды збеглі ад беларускіх маразоў праўладныя артысты і вядучыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць