Адзін з украінцаў, якога расійскія войскі сілком вывезлі з-пад Кіева, памёр у Беларусі
Расійскія вайскоўцы ў сакавіку або красавіку 2022 года прымусова вывезлі з Барадзянкі Бучанскага раёна Кіеўскай вобласці грамадзяніна Украіны і пакінулі яго на тэрыторыі Беларусі. Ён памёр і пахаваны ў Рэчыцкім раёне, піша «Радыё Свабода».

Як стала вядома «Радыё Свабода», гэтага пажылога мужчыну, як і іншых украінцаў, якіх прымусова вывезлі ў Беларусь, падчас расійскай акупацыі горада Барадзянка пад Кіевам, трымалі ў мясцовай царкве, на той момант у падпарадкаванні Маскоўскага патрыярхату.
Пасля ўкраінца прывезлі ў Гомельскую вобласць, у маі 2022 года завезлі ў вёску Холмеч Рэчыцкага раёна і змясцілі ў мясцовы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ён жыў у аддзяленні забеспячэння бесперапыннага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў, а 9 верасня 2025 года памёр у веку 86 гадоў. Украінца пахавалі на мясцовых могілках.
Суд ва Украіне цяпер прызнаў яго памерлым.
Расійскія войскі 24 лютага 2022 года ўварваліся ў Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласці Украіны з тэрыторыі Беларусі.
У канцы сакавіка, пасля вызвалення ад расійскіх войскаў гэтых абласцей, стала вядома, што перад адыходам расійцы прымусова вывозілі мірных жыхароў у Беларусь, а потым у Расію. Большасць іх трапілі ў расійскі палон, іншых пакідалі ў Беларусі.
Праваахоўныя органы Украіны завялі 11 433 крымінальныя справы на расійскіх вайскоўцаў за ваенныя злачынствы, а таксама справы на ўкраінскіх калабарантаў.
Буча, Барадзянка і Ірпень Кіеўскай вобласці сталі сімваламі жорсткасці расійскіх вайскоўцаў да цывільнага насельніцтва.
Раней стала вядома аб смерці вывезенай грамадзянкі Украіны ў доме-інтэрнаце для састарэлых у Ветцы Гомельскай вобласці праз тры месяцы пасля яе прымусовай дэпартацыі расійскімі вайскоўцамі з Кіеўскай вобласці ў Беларусь.
У снежні 2023 года стала вядома аб смерці ў Беларусі 15‑гадовай Арыны Яцюк, параненай расійскімі салдатамі ў сакавіку 2022 года пад Кіевам пры спробе эвакуявацца. Яе цела знайшлі ў моргу Мазыра. Увесь гэты час сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Дзяўчынку апазналі па ДНК пасля таго, як цела перадалі ва Украіну ў парадку абмену.
Стала вядома аб смерці ў Беларусі яшчэ адной грамадзянкі Украіны, якую расейцы прымусова вывезлі з-пад Кіева
Прапагандысты паспрабавалі аспрэчыць, што цела загінулай украінскай дзяўчынкі было ў мазырскім моргу. Але супярэчаць сабе ранейшым
Цела забітай пад Кіевам дзяўчынкі, якую амаль два гады шукалі ва Украіне, знаходзілася ў Мазыры
Каментары