Культура88

У Брэсцкай крэпасці царкоўнікі хочуць затынкаваць сведчанні вайны. Жыхары горада супраць

Жыхары Брэста б'юць трывогу: адзін з самых незвычайных і атмасферных храмаў краіны рызыкуе страціць сваю галоўную адметнасць. У Свята-Мікалаеўскім гарнізонным саборы плануюць правесці рэстаўрацыю, у час якой затынкуюць унутраныя сцены, якія адмыслова пакінулі ў разбураным стане, калі аднаўлялі храм. Пад пластом тынкоўкі і новых роспісаў назаўжды знікнуць аўтэнтычныя сляды ад куль і снарадаў, якія пакінула вайна.

Гарнізонны храм свяціцеля Мікалая Цудатворца. Фота: Яндэкс Карты

Трывожнай інфармацыяй падзяліўся брэсцкі відэаблогер Юрый Навумік. Спасылаючыся на свае крыніцы, ён сцвярджае, што царква мае намер вярнуць будынку «даваенны выгляд» (гаворка пра перыяд да Першай сусветнай). Фактычна гэта азначае, што пашкоджаныя ў баях цагляныя сцены, з якіх выбухамі збіла тынкоўку і якія дагэтуль захоўваюць шнары ад аскепкаў, плануюць выраўнаваць і запісаць кананічным роспісам.

Берасцейцы апасаюцца, што такім чынам будуць сцёртыя «нямыя сведкі абароны Брэсцкай крэпасці». Бо менавіта тут, у будынку, які ў 1941 годзе служыў клубам 84‑га стралковага палка, ішлі жорсткія рукапашныя баі, а з вокнаў немцы карэкціравалі агонь артылерыі.

Гарнізонны храм у час рэстаўрацыі ў 2009 годзе. Фота: Wikimedia Commons
Сучасны выгляд гарнізоннага храма. Фота: Wikimedia Commons

Варта нагадаць, што пасля вайны храм доўгі час стаяў у руінах. У 1972 годзе яго закансервавалі як частку мемарыяла, а вернікам вярнулі толькі ў 1994 годзе. Маштабная рэстаўрацыя працягвалася больш за дзесяць гадоў і завяршылася толькі ў 2012 годзе: тады будынку вярнулі купал, крыжы і атынкавалі фасады.

Аднак унутраную прастору адмыслова пакінулі ў тым выглядзе, у якім яна дайшла да таго часу — гэта было прынцыповае рашэнне тагачасных рэстаўратараў.

Канцэпцыя палягала ў тым, каб захаваць дух «крэпасці-героя» ўнутры храма. Аголеная цэгла, сляды гары, выбаіны ад куль і аскепкаў павінны былі служыць вечным напамінам пра цану міру. Менавіта гэты кантраст — ідэальны фасад і зранены інтэр'ер — зрабіў Брэсцкі гарнізонны сабор унікальным аб'ектам, які не мае аналагаў у Беларусі.

Абяцалі не рабіць еўрарамонт

Яшчэ ў 2019 годзе ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканала АНТ настаяцель сабора протаіерэй Віталь Ханавец публічна абяцаў захаваць аўтэнтычнасць святыні. Тады ён пераконваў журналістаў і вернікаў:

«Наша ідэя якая: не цалкам распісаць храм, каб змыць усе сляды гісторыі. Таму што ў гэтым яго ўнікальнасць. Унікальнасць гэтага храма ў тым, што ён носіць на сабе гэтыя сляды. Наша задача — не еўрарамонт зрабіць».

Інтэр'еры гарнізоннага храма свяціцеля Мікалая Цудатворца. Фота: Wikimedia Commons
Інтэр'еры гарнізоннага храма свяціцеля Мікалая Цудатворца. Фота: Wikimedia Commons

Тады, сем гадоў таму, настаяцель прызнаваў, што голыя, зраненыя сцены ствараюць унікальную атмасферу. Самі вернікі ў інтэрв'ю падкрэслівалі, што «ўнутраная чысціня» і захаванне слядоў разбурэння навяваюць спакой і дазваляюць адчуць малітву па-асабліваму. Аднак, падобна, канцэпцыя змянілася, і жаданне зрабіць «прыгожа» і «па-багатаму» перамагло павагу да трагічнай гісторыі.

Хто стаіць за новымі планамі?

Размовы пра неабходнасць роспісу вяліся ў царкоўных кулуарах даўно, аднак актывізаваліся яны менавіта ў апошні час.

Візіт у храм архіепіскапа Іаана ў суправаджэнні Максіма Верамяюка, дырэктара мясцовай архітэктурнай майстэрні. Фота: сайт Брэсцкай епархіі

26 чэрвеня 2025 года храм з візітам наведаў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Іерарха суправаджаў Максім Верамяюк — дырэктар архітэктурнай майстэрні Majsterni. Падчас сустрэчы абмяркоўвалася канцэпцыя рэстаўрацыйных работ. Наяўнасць канкрэтнага архітэктара сведчыць пра тое, што ад размоў царква пераходзіць да справы.

Сітуацыя пагаршаецца тым, што дакладных звестак пра інтэр'еры храма ўзору XIX стагоддзя захавалася вельмі мала. Любы акадэмічны роспіс сёння будзе фантазіяй на тэму, ён ператворыць атмасферны помнік у шараговую царкву.

Сціранне складанай гісторыі

Да нашага часу захаваліся толькі фотаздымкі інтэр'ераў храма, калі ён быў перароблены палякамі ў касцёл. Фота: Wikimedia Commons
Роспіс з крылатай гусарыяй у храме, пераробленым пад касцёл. Фота: Wikimedia Commons 
Роспіс, прысвечаны «цуду над Віслай» — Варшаўскай бітве 1920 годзе, у якой палякі здолелі адбіць імклівы наступ Чырвонай арміі, пераламіўшы тым самым ход савецка-польскай вайны. Фота: Wikimedia Commons 

Акрамя слядоў вайны, пад пагрозай знішчэння могуць апынуцца і сляды міжваеннага перыяду. Гісторыя сабора складаная: пабудаваны як праваслаўны ў сярэдзіне XIX стагоддзя, у 1920‑я ён быў перабудаваны ў каталіцкі гарнізонны касцёл па праекце архітэктара Юліяна Лісецкага.

Скульптурны амбон, які застаўся з часоў, калі храм быў перароблены палякамі ў касцёл. Фота: Wikimedia Commons
Скульптурны дэкор амбона з выявай Святога Духа. Фота: Яндэкс Карты
Скульптурны дэкор амбона з выявамі людзей. Фота: Яндэкс Карты

Ад таго часу ў інтэр'еры засталіся некаторыя элементы аздаблення, напрыклад, фрагменты роспісаў і амбон, багата ўпрыгожаны скульптурным дэкорам, якога пазбягае РПЦ. Поўнае аднаўленне ў разуменні РПЦ можа азначаць і зачыстку ўсяго, што не ўпісваецца ў маскоўскі канон.

Аналагічны сцэнар ужо быў рэалізаваны ў Мінску ў царкве Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках, афіцыйнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Там старыя роспісы былі запісаныя новымі, выкананымі палехскімі майстрамі з Расіі.

Брэсцкі гарнізонны сабор, які перажыў штурмы, абстрэлы і гады запусцення, сёння стаіць перад пагрозай страціць сваю душу — тыя самыя шурпатасць, сколы і выбоіны, якія робяць яго ўнікальным і глыбокім па атмасферы.

«Гэта не храм, гэта шнар»

Рэакцыя гараджан на навіну пра магчымы рамонт сцен аказалася прадказальна бурнай і амаль аднадушнай. У каментарыях пад відэа абсалютная большасць выказваецца супраць умяшання ў інтэр'еры храма.

Людзі ўспрымаюць зраненыя сцены сабора не як дэфект, які патрабуе выпраўлення, а як галоўную каштоўнасць, жывы доказ трагедыі, які мацнейшы за любыя падручнікі гісторыі.

Шмат хто з мясцовых жыхароў прызнаецца, што выбіраў гэты храм для хрышчэння дзяцей ці вянчання менавіта з-за яго атмасферы і адсутнасці пафаснага золата. Берасцейцы называюць сабор «месцам сілы» і «сэрцам крэпасці», справядліва адзначаючы, што пасля еўрарамонту ён стане «адным з многіх», страціўшы сваю душу.

Разбураны ў час вайны храм. Фота: openborder.brsu.by
Руіны храма ў другой палове мінулага стагоддзя. Фота: openborder.brsu.by

«Гэта адзіны храм, дзе думаеш пра малітву, а не пра золата, якое б'е ў вочы», — пішуць вернікі.

Людзі баяцца, што пад пластом тынкоўкі знікнуць не проста дзіркі ад куль, а адчуванне рэальнасці вайны, якое асабліва востра ўспрымаецца дзецьмі і турыстамі.

Аднак ёсць і іншыя меркаванні. Сярод сотняў абураных галасоў прабіваюцца рэдкія каментарыі прыхільнікаў абнаўленнях храма, якія, як правіла, блізкія да царкоўных колаў. Іх аргументацыя будуецца на тэалагічным тэзісе, што «Дом Божы павінен быць правобразам Раю», а значыць — прыгожым, распісаным і дагледжаным, а не нагадваць «хлеў» ці «руіну».

Таксама выказваецца думка пра тэхнічную неабходнасць работ, маўляў, адкрытая цэгла з часам разбураецца і сыплецца на галовы вернікаў.

Пры гэтым абаронцы задумы абнаўлення часта пераходзяць на агрэсіўны тон, абвінавачваючы апанентаў у адсутнасці сапраўднай веры і жаданні хайпануць на святыні, якая юрыдычна належыць царкве, а не гораду.

Асобнае месца ў дыскусіі займае пытанне прыярытэтаў. Гараджане слушна заўважаюць: калі ў епархіі ці спонсараў ёсць лішнія сродкі, то ў крэпасці і горадзе хапае сапраўдных руін, якія патрабуюць неадкладнага выратавання. Напрыклад, побач знаходзіцца закінутая капліца Аляксандра Неўскага і паўразбураны бернардзінскі кляштар. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • ККК
    22.02.2026
    Пра япіскапа Івана чуткі ходзяць
  • Мемориальная церковь кайзера Вильгельма
    22.02.2026
    В Берлине тоже намеренно оставили разрушенной (и снаружи) Мемориальную церковь кайзера Вильгельма. Лично мне не нравится. Можно было просто соорудить какой-то памятник рядом в напоминание о войне, а не оставлять разрушенной красивое здание. Кстати, как раз памятников о войне в Германии очень мало по сравнению с бывшим СССР.
  • Гістарычная справядлівасць
    22.02.2026
    Ідэальна было б знесці ўсе гэтыя маскавіцкія новатворы сярэдзіны 19 ст. і аднавіць старое места Бэрэст.

Цяпер чытаюць

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае6

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Слуцкам грузавік урэзаўся ў мікрааўтобус з васьмю пасажырамі і перакуліўся

Прасоўванне Расіі ва Украіне практычна спынілася5

Лукашэнка ляціць у Маскву5

Рэчыва, якім забілі Навальнага, сінтэзаваў цэнтр «Сігнал». Ён жа ўдзельнічаў у атручэнні палітыка ў 2020 годзе2

Партрэты ваенных злачынцаў «СВА» выставілі ў Брэсце24

Першы беларускі маркетплэйс стаў выкарыстоўваць новы графічны знак беларускага рубля6

Штучны інтэлект Claude абваліў акцыі IBM6

Вашынгтон паставіў новую дату завяршэння вайны ва Украіне — Bloomberg8

Стала вядомая агульная вартасць усіх зямель Беларусі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае6

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць