У Іране ўпершыню пасля брутальных разгонаў адбыліся новыя акцыі пратэстаў
У Іране аднавіліся антыўрадавыя пратэсты. У суботу студэнты некалькіх універсітэтаў у Іране правялі новыя акцыі — упершыню пасля таго, як улады краіны жорстка падавілі масавыя выступленні, што адбыліся ў студзені.

Журналісты Бі-бі-сі верыфікавалі кадры, на якіх відаць дэманстрацыя студэнтаў у тэгеранскім Тэхналагічным універсітэце імя Шарыфа, якая пачалася ў першы дзень навучальнага семестра.
На відэа зафіксаваны сотні пратэстоўцаў на тэрыторыі кампуса. Многія з іх нясуць іранскія сцягі і скандуюць «Смерць дыктатару!», відавочна маючы на ўвазе вярхоўнага лідара Ірана аяталу Алі Хаменеі.
На тых жа кадрах бачная яшчэ адна група людзей, якая падтрымлівае ўрад. Пазней паміж двума варожымі лагерамі пачынаюцца сутычкі.
З'явіліся таксама пацверджаныя фатаграфіі сядзячай забастоўкі ў тэгеранскім Універсітэце імя Шахіда Бехешці. Акрамя таго, журналісты Бі-бі-сі пацвердзілі сапраўднасць кадраў з яшчэ адной сталічнай вну: Тэхналагічнага ўніверсітэта імя Аміра Кабіра.
У размешчаным на паўночным усходзе горадзе Мешхед, другім па велічыні ў Іране, мясцовыя студэнты скандавалі «Свабода!» і «Студэнты, крычыце, крычыце пра свае правы!»
Паведамляецца, што на працягу дня адбыліся дэманстрацыі з удзелам значнай колькасці людзей і ў іншых раёнах. Гучаць заклікі працягнуць акцыі пратэсту ў нядзелю.
Пакуль не зразумела, як улады адрэагавалі на дэманстрацыі і ці былі якія-небудзь арышты.
ЗША збіраюць вайсковую сілу
Новыя дэманстрацыі ў Іране праходзяць на фоне канцэнтрацыі амерыканскіх войскаў у рэгіёне і пагроз прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўжыць супраць іранскіх уладаў вайсковую сілу.
Ці ўдараць ЗША па Іране? Напружанне расце на фоне нядаўніх перамоў.
ЗША і іх еўрапейскія саюзнікі асцерагаюцца, што Іран мае намер выкарыстаць сваю ядзерную праграму для вытворчасці зброі, Тэгеран настойвае, што распрацоўвае атамныя тэхналогіі толькі ў мірных мэтах.
У аўторак на гэтым тыдні прадстаўнікі Ірана і ЗША правялі перамовы ў Швейцарыі і заявілі, што дасягнулі пэўных поспехаў.
Але пасля гэтага Трамп заявіў, што «верагодна, на працягу наступных 10 дзён» свет даведаецца, ці ўдалося заключыць пагадненне, або ж Вашынгтон звернецца да вайсковай сілы.
У мінулым Трамп падтрымліваў дэманстрацыі ў Іране, у тым ліку ён заклікаў пратэстоўцаў не спыняць свае акцыі і абяцаў, што «дапамога ўжо ў дарозе».
Аднак пагрозы Трампа пакуль не рэалізаваліся, і апазіцыя, якая знаходзіцца за мяжой, заклікае кіраўніка Белага дома нанесці па Іране ўдары, спадзеючыся, што гэта прывядзе да падзення рэжыму. Некаторыя іншыя прадстаўнікі апазіцыі выступаюць супраць вайсковага ўмяшання ЗША.
Масавыя пратэсты, якія адбыліся ў студзені, сталі самымі маштабнымі пасля ісламскай рэвалюцыі 1979 года.
Праваабарончая арганізацыя Human Rights Activists News Agency (Hrana), якая базуецца ў ЗША, паведамляе, што верыфікавала забойства за час дэманстрацый як мінімум 6159 чалавек, у тым ліку 5804 пратэстоўцаў, 92 дзяцей і 214 людзей, звязаных з уладамі.
Hrana таксама кажа, што расследуе яшчэ 17 тыс. магчымых смерцяў.
У канцы студзеня іранскія ўлады заявілі, што падчас акцый пратэсту былі забітыя больш за 3,1 тыс. чалавек, але большасць з іх былі нібыта супрацоўнікамі сіл бяспекі або мінакамі, якіх атакавалі «бунтаўшчыкі».
Каментары
Убивая, тысячами, протестующих, власть мулл, получила такие акции, каждые сорок дней на поминках по убитых, имея полный развал и хаос в экономике страны, имея тотальную коррупцию и отдавая всё лучшее тамошним красауцам, обрекая остальных на тотальную нищету, муллы, привели Народ к состоянию, -когда терять нечего....