Кім быў Эль Менча, самы шуканы наркабарон Мексікі, якога забілі ўчора ў ходзе спецаперацыі ў штаце Халіска
Мексіканскі наркагандляр Немесіа Асегера Сервантэс быў забіты ў нядзелю падчас ваеннай аперацыі ў муніцыпалітэце Тапальпа, за 130 кіламетраў на поўдзень ад Гвадалахары, сталіцы штата Халіска, што прывяло да ўзброеных сутыкненняў у рэгіёне, піша Бі-бі-сі.

Вядомы як Эль Менча, 59‑гадовы Асегера Сервантэс быў кіраўніком картэля «Новае пакаленне Халіска» (CJNG), адной з самых жорсткіх і шматлікіх злачынных арганізацый у Мексіцы, прызнанай у пачатку мінулага года ўрадам ЗША тэрарыстычнай арганізацыяй. Асегера Сервантэс быў адным з самых разшукваных наркабаронаў у Мексіцы і ЗША.
У 2020 годзе Упраўленне па барацьбе з наркотыкамі ЗША ўключыла Эль Менчоа ў спіс самых разшукваных злачынцаў. З таго часу за інфармацыю, якая дапаможа затрымаць яго, была абвешчана ўзнагарода ў памеры 15 млн даляраў.
А цяперашні ўрад Дональда Трампа ўключыў CJNG у спіс тэрарыстычных арганізацый, з якімі ён мае намер змагацца на амерыканскім кантыненце.
Рашэнне Белага дома змяніла падыход амерыканскіх агентаў да расследавання спраў, звязаных з картэлямі, паколькі раней ім даводзілася даказваць наяўнасць пагрозы для грамадзян ЗША, а цяпер любая сувязь з гэтай групоўкай ужо з'яўляецца падставай для расследавання.
Эль Менча і CJNG
Пасля арышту і экстрадыцыі ў ЗША Хаакіна «Эль Чапа» Гусмана ў 2017 годзе наступнай буйной мэтай мексіканскіх сіл па барацьбе з наркотыкамі стаў Асегера Сервантэс.
Ён таксама вядомы як Немесіа Асегера Рамас ці Рубен Асегера Сервантэс, у яго некалькі псеўданімаў, такіх як Эль Менча ці «Сеньёр дэ лос Гальёс». Вядома, што ён нарадзіўся ў раёне Т'ера-Каліентэ-дэ-Мічаакан, верагодна, ва Уруапане ці Агілье.

У 1980‑х гадах ён эміграваў у ЗША. У Каліфорніі яго некалькі разоў арыштоўвалі за дробныя злачынствы, але ўжо ў пачатку 1990‑х гадоў Асегера Сервантэс пачаў займацца продажам наркотыкаў, што скончылася яго дэпартацыяй.
Пасля вяртання ў Мексіку ён паступіў на службу ў паліцыю аднаго з муніцыпалітэтаў штата Халіска, а затым стаў ахоўнікам наркагандляра Арманда Валенсія Карнеліа, таксама вядомага як Эль Марадона, аднаго з лідараў картэля «Валенсія».
Група была ў саюзе з картэлем «Сіналоа», але дарогі абедзвюх арганізацый разышліся ў 2010 годзе пасля смерці аднаго з іх заснавальнікаў, Ігнасіа «Нача» Каранеля. Разам са сваім шваграм Абігаэлем Гансалесам Валенсіяй, «Эль Куіні», ён атрымаў у спадчыну частку яго структур.
З гэтага моманту і зарадзіўся картэль CJNG, а злачынная кар'ера Эль Менчо пайшла ў гару.
Пашырэнне CJNG
CJNG ператварылася з мясцовай банды ў штатах Халіска і Каліма ў арганізацыю, якая прысутнічае больш чым на палове тэрыторыі Мексікі.
Яе асноўны бізнес быў звязаны з нелегальным рынкам амфетамінаў у ЗША і Еўропе, але таксама былі выяўлены сувязі з гандлем наркотыкамі ў Азіі.
Імклівы рост CJNG тлумачыцца некалькімі прычынамі.
Адна з іх — арышт многіх лідараў канкуруючых картэляў, што ў некаторых выпадках прывяло да іх расколу, а ў іншых — да іх знікнення, як, напрыклад, у выпадку з картэлем «Тампліеры» ў штаце Мічаакан. CJNG запоўніў пакінутыя канкурэнтамі прабелы на рынку.
Іншы важны фактар — гэта тое, што CJNG наняла фінансавых экспертаў і хімікаў, якія распрацоўвалі новыя сумесі для вытворчасці сінтэтычных наркотыкаў.
Яшчэ адным ключавым фактарам стала жорсткасць картэля. У апошняе дзесяцігоддзе ўлады называлі Эль Менчо небяспечным злачынцам, які кіруе значнымі сіламі. Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што Асегера Сервантэс прыйшоў да ўлады менавіта дзякуючы разгрому канкуруючых груповак.
Інтарэсы CJNG і яго лідара не абмяжоўваліся наркатрафікам. Ён скарыстаўся эканамічным бумам у жывёлагадоўлі, сельскай гаспадарцы і будаўніцтве ў Халіска, каб стварыць бізнес у гэтых галінах і наладзіць каналы для адмывання грошай, атрыманых ад наркатрафіку.
CJNG таксама праславілася здольнасцю падкупляць мясцовыя ўлады і мытнікаў. Па меркаванні экспертаў па наркатрафіку, гэта палегчыла картэлю ўвоз прэкурсораў ці зыходных рэчываў для вытворчасці сінтэтычных наркотыкаў у парты «Мансанільё» у Каліме і «Ласара Кардэнас» у Мічаакане, размешчаныя на заходнім узбярэжжы Мексікі.
Яшчэ адной крыніцай даходу для групоўкі стала вымагальніцтва ў малых і сярэдніх прадпрыемстваў на захадзе Мексікі.

Аднак з 2022 года з'явіліся чуткі пра пагаршэнне ягонага стану здароўя. Нават некалькі разоў паступалі паведамленні пра яго смерць, аднак улады гэта не пацвярджалі.
Эксперты адзначаюць, што, верагодна, Эль Менча ўжо не кіраваў аперацыямі CJNG наўпрост.
Адзін з яго сыноў, Рубен Асегера Гансалес, які лічыўся другім па значнасці ў групоўцы, быў экстрадаваны ў 2020 годзе з Мексікі ў ЗША. Гэта быў адзін з самых сур'ёзных удараў па арганізацыі да таго, як Асегера Сервантэс быў забіты ў нядзелю.
Каментары