Навука і тэхналогіі

Кітай захапіўся ідэяй кіраваць дажджом — наколькі гэта эфектыўна?

Улады Кітая заяўляюць пра дзясяткі мільёнаў тон дадатковых ападкаў і сотні мільярдаў тон «штучнага дажджу» за апошнія гады. «Засеў аблокаў» выкарыстоўваецца не толькі для змякчэння наступстваў засух у сельскагаспадарчых рэгіёнах, але і для таго, каб забяспечыць патрэбнае надвор’е ў дні буйных дзяржаўных урачыстасцяў. BBC паспрабавала разабрацца, ці сапраўды гэтая тэхналогія працуе настолькі эфектыўна, як сцвярджае Кітай.

Запуск ракеты для засеву аблокаў у Шыцзячжуані, правінцыя Хэбэй, 15 мая 2021 года. Фота: Zhang Haiqiang / VCG via Getty Images

Ідэя штучна выклікаць ападкі з’явілася выпадкова. У 1940‑х гадах даследчык кампаніі General Electric Вінсент Шэфер працаваў над праблемай абледзянення самалётаў. Ён стварыў халадзільную камеру, каб паказаць, як у аблоках утвараецца лёд.

Аднойчы вучоны прыйшоў у лабараторыю і выявіў, што халадзільнік адключыўся. Калі ён паклаў у яго кавалак сухога лёду (надзвычай халодны цвёрды дыяксід вугляроду), каб астудзіць унутраную прастору, то стаў сведкам ашаламляльнай рэакцыі: унутры раптам з'явіліся крышталікі лёду, якія луналі ў паветры. Так Шэвер штучна стварыў ападкі.

Праз год, у 1946-м, даследчык скінуў кілаграмы сухога лёду ў пераахалоджаныя аблокі над гарамі Адырандак у штаце Нью-Ёрк, што, паводле назіранняў, справакавала снегапад. Услед за гэтым у розных краінах пачаліся спробы засеву аблокаў, хаця вынікі часта былі супярэчлівымі і непераканаўчымі — перадусім з-за складанасцяў з дакладным вымярэннем ападкаў.

Амерыканскі хімік Вінсент Шэфер спрабуе ператварыць у крышталі ўласнае дыханне. 1949 год. Фота: Schenectady Museum; Hall of Electrical History Foundation / CORBIS / Corbis via Getty Images

Для Кітая гэтая тэхналогія мела асаблівае значэнне. З 1950‑х гадоў краіна сутыкаецца з усё больш частымі і моцнымі засухамі, якія наносяць шкоду сельскай гаспадарцы і эканоміцы. Менавіта на гэтым фоне ў 1958 годзе былі праведзены першыя эксперыменты па засеве аблокаў: паводле паведамленняў, самалёт выклікаў ападкі над пацярпелай ад засухі правінцыяй Гірын.

Маштабы мадыфікацыі надвор’я

Кітай за апошнія гады ператварыў мадыфікацыю надвор’я ў найбуйнейшую ў свеце праграму такога кшталту. Першая аперацыйная база была створана ў 2013 годзе, цяпер іх шэсць, і яны супрацоўнічаюць у даследаваннях. Тэхналагічны прагрэс — асабліва ў сферы дронаў і радыёлакацыі — дазволіў значна пашырыць маштабы аперацый.

Сёння мадыфікацыя надвор’я праводзіцца больш чым на 50% тэрыторыі краіны. У асноўным мэта — павелічэнне ападкаў, але ў асобных выпадках спрабуюць і прадухіліць дождж.

Тэхналогію выкарыстоўвалі і для кантролю надвор’я ў канкрэтныя дні — падчас летніх Алімпійскіх гульняў у Пекіне ў 2008 годзе і святкавання стагоддзя Камуністычнай партыі Кітая ў 2021-м.

Маштаб праграмы яскрава прадэманстраваў праект «Вясновы дождж» у сакавіку 2025 года. Тады 30 самалётаў і беспілотнікаў распылялі над паўночным Кітаем гранулы ёдыду срэбра. Адначасова больш за 250 наземных генератараў запускалі ракеты з тым жа рэчывам. Аперацыя была накіраваная на падтрымку паўночных і паўночна-заходніх рэгіёнаў — так званага збожжавага пояса — напярэдадні пасяўной кампаніі.

Паводле ўладаў, праект даў 31 мільён тон дадатковых ападкаў у дзесяці рэгіёнах, схільных да засухі. У прэс-рэлізе сцвярджалася, што колькасць ападкаў у мэтавых зонах вырасла на 20% у параўнанні з 2024 годам. У снежні 2025 года метэаралагічнае агенцтва Кітая заявіла, што з 2021 года аперацыі па штучным выкліканні дажджу і снегу прынеслі 168 мільярдаў тон дадатковых ападкаў — гэта прыкладна адпавядае аб’ёму 67 мільёнаў алімпійскіх басейнаў.

Супрацоўнік базы мадыфікацыі надвор’я Сяншань у Пекіне зараджае гармату для рассейвання аблокаў, 19 ліпеня 2007 года. Фота: China Photos / Getty Images

Асобным сімвалам амбіцый з’яўляецца ініцыятыва «Цяньхэ» («Нябесная рака»), якая прадугледжвае стварэнне канала вадзяной пары з Тыбецкага нагор’я ў засушлівыя паўночныя рэгіёны з дапамогай тысяч наземных генератараў.

Недахоп доказаў і межы эфекту

Адна з галоўных спрэчак вакол засеву аблокаў датычыць доказнай базы. Шэраг навукоўцаў сумняваецца, што аб’ёмы ападкаў, пра якія заяўляе Кітай, дастаткова пацверджаныя незалежнымі данымі. Падобныя гучныя заявы робяцца і ў іншых краінах, але дакладна адрозніць штучна выкліканыя ападкі ад натуральных надзвычай складана з-за вялікай прыроднай зменлівасці надвор’я.

Найбольш пераканаўчым навуковым прыкладам лічыцца амерыканскі праект «Snowie» 2017 года ў гарах Айдаха. Даследчыкам удалося дакладна зафіксаваць, дзе ў аблоках знаходзіўся матэрыял для засеву, і параўнаць колькасць снегу ў зонах умяшання і ў суседніх раёнах на адлегласці 1—2 км.

Эксперымент паказаў, што засеў сапраўды можа павялічваць ападкі — гэта быў найбліжэйшы да кантраляванага даследавання выпадак у рэальных умовах. Даныя «Snowie» сталі своеасаблівым эталонам і шырока цытуюцца, у тым ліку ў кітайскіх навуковых працах.

Аднак эфект аказаўся адносна сціплым. Даследаванне пацвердзіла працаздольнасць метаду, але таксама паказала, што яго выніковасць залежыць ад вельмі канкрэтных умоў.

Акрамя таго, выкарыстанне тэхналогіі ў шэрагу краін апярэджвае незалежныя даследаванні. Большасць праграм рэалізуецца дзяржаўнымі структурамі, а празрыстага і сістэмнага аналізу бракуе.

Пры гэтым метад мае істотныя тэхнічныя нюансы. Найбольш распаўсюджаны так званы «халодны засеў» з выкарыстаннем ёдыду срэбра — звычайна ў горных раёнах. Ён дзейнічае ў аблоках з пераахалоджанай вадой (прыкладна ад 0 да —15°C), стымулюючы ўтварэнне крышталёў лёду, якія могуць выпадаць у выглядзе снегу. Снег у такіх умовах прасцей адсачыць і ацаніць колькасна.

Існуе і «цёплы засеў» з выкарыстаннем соляў, якія спрыяюць зліццю дробных кропляў у больш буйныя. Аднак гэты метад ужываецца радзей: цёплыя аблокі хутка змяняюцца, не маюць пераахалоджанай фазы, і вынік значна цяжэй адрозніць ад натуральных працэсаў. Таму засеў не працуе без аблокаў з патэнцыялам ападкаў і ў цэлым застаецца метадам з абмежаванай прадказальнасцю.

Эканамічная мэтазгоднасць таксама выклікае пытанні. Авіяцыйныя аперацыі адносна эфектыўныя, але вельмі дарагія; наземныя генератары таннейшыя, аднак менш прадказальныя. У выніку выдаткі нярэдка могуць перавышаць аддачу.

Нарэшце, застаецца нявызначаным, якімі могуць быць доўгатэрміновыя наступствы маштабнай мадыфікацыі надвор’я. Ацаніць магчымыя рэгіянальныя кліматычныя змены, у тым ліку ўплыў на частату засух або паводак, вельмі складана. Гэта патрабуе пастаяннага маніторынгу, незалежных даследаванняў і міжнароднага супрацоўніцтва.

За амаль дзесяць гадоў пасля «Snowie» тэхналогіі ўдасканаліліся. Кітай пашырыў выкарыстанне дронаў і штучнага інтэлекту для больш дакладнага распылення ёдыду срэбра, а разам з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі эксперыментуе з факельным засевам і іянізацыяй аблокаў.

Аднак, як і ў выпадку з традыцыйнымі метадамі, незалежных даследаванняў, якія б канчаткова пацвердзілі павышаную эфектыўнасць новых падыходаў, пакуль недастаткова. На фоне росту засух з-за змены клімату краіны ўсё актыўней звяртаюцца да гэтай тэхналогіі, але навука не заўсёды паспявае за практыкай.

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся

Усе навіны →
Усе навіны

ВПС Ізраіля нанеслі ўдар па ўніверсітэце, які рыхтуе афіцэраў для Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі

У цэнтры Мінска прадаюць кватэру з выхадам на дах з санвузла. Другой такой у горадзе няма2

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads14

Беларуска прасіла блізкіх патроху перавозіць у Польшчу яе зберажэнні. А потым купіла кватэру — і банк заблакаваў 250 тысяч еўра23

«У мяне заўсёды была мара кіраваць аўтобусам». Акцёр Ігар Сігоў — пра сваю новую працу5

Расіяне ўначы ўдарылі па Харкаве — сямёра загінулых, каля дзесяці параненых

Навукоўцы выявілі забойцу пяці мільярдаў марскіх зорак1

Расію асвісталі на адкрыцці Паралімпіяды4

Чаму жанчыны часцей пакутуюць на мігрэнь, а мужчыны — на інфаркты?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць