Грамадства1717

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

Некалькі чалавек, якія ў розны час працавалі ў адным з мінскіх махлярскіх кол-цэнтраў, пагадзіліся расказаць, як гэта выглядала знутры.

Onliner.by расказвае, як пенсіянераў пераконвалі браць мікрапазыкі, як самі супрацоўнікі апраўдвалі тое, што адбываецца, і чаму ніхто не баяўся, што рана ці позна за ўсё гэта прыйдзецца адказаць.

17 лютага ў Мінску прайшла маштабная аперацыя па ліквідацыі сеткі махлярскіх кол-цэнтраў. Паводле звестак МУС і Следчага камітэта, ператрусы прайшлі ў чатырох офісах і па дзясятках адрасоў фігурантаў. У памяшканнях у момант візіту сілавікоў знаходзіліся амаль 200 чалавек, а 55 меркаваных кіраўнікоў і найбольш актыўных удзельнікаў былі затрыманыя.

Схема працавала па прынцыпе так званай форэкс-кухні. Гэта мадэль, пры якой кампанія толькі імітуе гандаль на фінансавых рынках. Кліенту паказваюць платформу, графікі, каціроўкі, «рост балансу», але яго грошы не выводзяцца на рэальныя біржы і не ўдзельнічаюць у сапраўдных угодах. Сродкі застаюцца на падкантрольных ашуканцам рахунках або крыптакашальках, а ўвесь гандаль існуе толькі на экране.

Пакуль кліент уносіць новыя дэпазіты, яму дэманструюць прыбытак, але як толькі ён спрабуе вывесці грошы ці перастае папаўняць рахунак, пачынаюцца праблемы: то сума для вываду недастатковая і трэба дакінуць яшчэ, то неабходна заплаціць камісію ці падатак. Урэшце, калі выцягнуць з чалавека ўжо няма чаго, сувязь з ім абрываюць.

Гаварылі, што тэлефануюць з Лондана

Сярод адрасоў, якія называюць крыніцы, офіс на вуліцы Мястроўскай, 26 (ён жа мільгаў у відэа ад СК). Па словах былых супрацоўнікаў, структура працавала праз некалькі юрыдычных асоб і рэгулярна мяняла назвы. Спачатку гэта быў «Роял Кэпітал», затым «Смарт Канэкшн»; у розны час яны называліся LimeFX, CapitalProf, Umarkets.

Для патэнцыяльных кліентаў кампанія прадстаўлялася міжнароднай і ў залежнасці ад аўдыторыі «знаходзілася» то ў Лондане, то ў Маскве — рэальны мінскі офіс у гэтай геаграфіі, зразумела, не фігураваў.

Пры гэтым брэндаў магло быць значна больш: назвы мяняліся па меры неабходнасці. Сам «рэбрэндынг» супрацоўнікам тлумачыўся проста: маўляў, гэта рабілася для «развіцця новых рынкаў», «абнаўлення пазіцыянавання», «пашырэння прадуктовай лінейкі». Аднак фактычна змена шыльды часта адбывалася пасля з'яўлення вялікай колькасці негатыўных водгукаў або блакіроўкі сайтаў — так мяркуюць нашы спікеры.

Першым аб працы ўнутры гэтага офіса расказаў Вадзім (імя зменена). У 2020 годзе ён уладкаваўся туды менеджарам па продажах і адпрацаваў каля трох месяцаў. Па яго словах, разуменне таго, што адбываецца насамрэч, прыйшло не ў першы дзень і нават не ў першы месяц. Але калі карціна склалася канчаткова, ён вырашыў сысці.

Наём: «міжнародная кампанія» шукае стрэсаўстойлівых

Вакансіі размяшчаліся на афіцыйных пляцоўках па працаўладкаванні — і тады, і цяпер іх сляды можна знайсці ў архівах. Фармулёўкі выглядалі максімальна рэспектабельна: менеджар па продажах, фінансавы кансультант, спецыяліст па працы з кліентамі. Ніякіх згадак кол-цэнтраў і ўжо тым больш чагосьці крымінальнага — суцэльныя інвестыцыі, Forex, развіццё і міжнародныя рынкі.

Патрабаванні да кандыдатаў былі даволі простыя: пісьменная мова, камунікабельнасць, стрэсаўстойлівасць, амбіцыйнасць. Досвед вітаўся, але абавязковым не быў: усяму навучаць. Студэнт чацвёртага курса, які шукае першую працу, наўрад ці ўбачыць тут падвох.

— Як я да іх уладкаваўся? Тут усё банальна: размясціў рэзюмэ на пляцоўцы, патэлефанавала HR, запрасіла на гутарку. Расказала, што яны з'яўляюцца Forex-кампаніяй, шукаюць менеджара па продажах: трэба абзвоньваць тых, хто пакінуў заяўку на зваротную сувязь. Сама па сабе праца заключаецца ў тым, каб даць вусную прэзентацыю па паслугах кампаніі. Працэс такі: яны набіраюць групу на навучанне, пасля яго ты здаеш экзамен, і, калі ўсё добра, цябе бяруць на працу. Па ўмовах — аклад $400 плюс бонусы за кожны зроблены кліентам дэпазіт. Для 2020 года гэта былі нядрэнныя ўмовы. Праз пару дзён пасля сумоўя мяне запрасілі на навучанне, — расказвае Вадзім.

Цякучка кадраў у кампаніі была высокай, і гэта нікога асабліва не бянтэжыла. Навучанне запускалі рэгулярна, групамі ад 8 да 20 чалавек. Нехта адсейваўся ўжо на этапе падрыхтоўкі, нехта не здаваў выніковы экзамен, нехта звальняўся ў першыя дні працы. Плынь новых кандыдатаў пры гэтым не змяншалася: вакансіі абнаўляліся, групы набіраліся, працэс ішоў амаль канвеерам.

Навучанне: два тыдні і $100 тысяч штрафу

— Навучанне доўжылася два тыдні — з дзясятай раніцы да шостай вечара, амаль паўнавартасны працоўны дзень. Аўдыторыя нагадвала школьны клас: парты, дошка, праектар. Першыя дні прысвячаліся тэорыі. Нам тлумачылі, што такое Forex, як працуюць валютныя пары, што ўплывае на каціроўкі, навошта сачыць за навінамі. Асобны акцэнт рабілі на тым, што кампанія працуе легальна, празрыста і даўно. Гаварылі пра замежныя офісы, ліцэнзіі, міжнародную гісторыю. Візуальна гэта падмацоўвалася сайтамі з сертыфікатамі.

Праз некалькі дзён пачыналася завучванне скрыптоў. Будучых прадаўцоў вучылі не проста расказваць аб прадукце, а атрымліваць максімум інфармацыі пра кліента.

— Мы цэлымі днямі збіраліся ў групы і па чарзе праганялі скрыпты адзін на адным, кідалі адзін аднаму розныя пярэчанні, вучыліся іх апрацоўваць. Трэнер хадзіў па аўдыторыі, слухаў размовы і звяртаў увагу на памылкі, даваў каментарыі, часам выклікаў патрэніравацца з сабой сам-насам.

Сэнс скрыптоў быў у тым, каб даведацца патрэбы кліента: хоча ён сабе машыну купіць, злятаць у адпачынак, на навучанне дзецям збірае. Калі кліент не мог адказаць, усё роўна трэба было гэта выпытаць, бо на патрэбу потым трэба было ціснуць, каб пазмагацца з пярэчаннямі. Таксама мы даведваліся, у якой сферы чалавек працуе і які ў яго ўзровень даходу.

Затым мы давалі кароткую прэзентацыю, што такое Forex, і на пальцах тлумачылі, як там лёгка зарабляць. І чым прасцей растлумачыш, тым лепш. Умоўна: «Вы купілі памідоры за 5 рублёў, заўтра яны падаражэлі на 3 рублі, вы іх прадаяце за 8 і прыбытак пакідаеце сабе. Таксама і на Forex, толькі з валютай».

— Пасля ўсяго гэтага мы расказвалі, што пасля ўнясення дэпазіту за кожным кліентам замацоўваецца яго асабісты эксперт, а ўсе нашы эксперты — гэта фінансавыя геніі з велізарным вопытам, што яны навучаць інвестыцыям з нуля, будуць дзяліцца сваёй аналітыкай і даваць парады па здзелках. І, маўляў, з імі нашы кліенты без усякага досведу за лічаныя месяцы зарабляюць сабе на кватэры. Урэшце трэба было пераканаць кліента ўнесці мінімальны дэпазіт $500, каб хутчэй пачаць зарабляць разам з экспертам.

Асобным пунктам амаль усе ўспамінаюць паліграф. Яго будучыя прадаўцы праходзілі на чацвёрты-пяты дзень навучання. Кандыдатаў па адным заводзілі ў асобны кабінет, падключалі датчыкі і задавалі пытанні.

— Паліграф дакладна быў не для птушачкі. Пытанні былі ў асноўным банальныя: ці няма судзімасці, ці краў, ці ўжываю алкаголь ці наркотыкі, ці паслалі мяне да іх канкурэнты. Запомнілася павышаная цікавасць да таго, ці ёсць у мяне сябры і блізкія ў праваахоўных органах, і пытанне пра сэксуальную арыентацыю.

— Усё гэта праходзіла ў такой грознай атмасферы, што я адчуваў сябе як на допыце. Адно і тое ж пытанне паліграфолаг мог задаваць некалькі разоў запар, кожны раз павышаючы тон — аж да таго, што пачынаў крычаць. Нібыта нічога ад яго не хаваеш, але сэрца калоціцца так, нібыта зараз вылеціць.

Рэдка, але здаралася такое, што людзі правальвалі паліграф ці проста адмаўляліся праходзіць яго. Тады з'яўляўся ахоўнік і амаль пад руку выводзіў кандыдата на вуліцу.

— Пасля вучобы быў іспыт: два тэставыя званкі з цімлідарам (кіраўніком каманды), дзе яны выдавалі сябе за кліентаў, кідалі пытанні, а наша задача была іх закрыць. Пасля гэтага кожнаму зачытвалі каментарыі па экзамене. Хто справіўся, тых бралі на працу. З астатнімі міла развітваліся і жадалі поспеху. Другога шанцу не было.

За час навучання не было ні найменшага падазрэння, што гэта нейкі скам.

Усё выглядала максімальна чыста і празрыста, нават думкі не было прачытаць водгукі: кампанія легальная, не хаваецца ў падвале, афіцыйна наймае супрацоўнікаў, плюс словы трэнера пра офіс у Лондане і працу з 2008 года выклікалі давер.

Працоўны працэс: «Узялі слухаўкі, набралі нумар»

Пасля іспыту новаспечаныя менеджары выходзілі ў залу — у той самы шумны офіс з дзясяткамі сталоў, гарнітурамі і гучнай музыкай.

— У першы дзень нам сказалі прыдумаць сабе прозвішчы, пры жаданні можна было і імя памяняць. Тлумачылі гэта тым, што кліенты, якія не паслухалі эксперта і страцілі грошы па сваёй віне, могуць пачаць шукаць нас у сацсетках і тэрарызаваць. Гучала лагічна.

Працавалі ў асноўным з Расіяй і Украінай. Крыху радзей былі кліенты з Узбекістана, Казахстана, краін ЕС. Працаваць з Беларуссю строга забаранялася. Нельга было казаць, што мы знаходзімся ў Мінску і ўвогуле што мы родам з Беларусі. Расіянам мы павінны былі казаць, што знаходзімся ў Маскве, украінцам — што ў Лондане (ім набіралі з брытанскіх нумароў). Тлумачылі нам усё так жа: маўляў, калі мы скажам праўду, то кліенты, якія страцілі грошы, могуць прыехаць у офіс і разбіць вокны.

У зале ўвесь час грала гучная музыка — настолькі гучная, што менеджарам літаральна даводзілася крычаць у мікрафон гарнітуры. Ад гэтага голас гучаў больш настойліва і ўпэўнена. Гэта ж дазваляла заўсёды быць бадзёрым і энергічным. Да таго ж з-за пастаяннага «тыц-дыц» было складана разабраць, што менавіта кажуць сваім кліентам калегі.

— Працоўны дзень пачынаўся а дзявятай раніцы са сходу каманды, дзе кіраўнік выступаў з прамовай перад усім аддзелам першасных продажаў — тых, чыёй задачай было вывесці новых лідаў на стартавы дэпазіт у $500.

Пачаткоўцам спачатку давалі патрэніравацца на базе адмоўшчыкаў — тых, каго ўжо абзвоньвалі раней і хто наадрэз адмовіўся інвеставаць. Працаваць з гэтай базай было вельмі складана, бо да нас гэтым людзям тэлефанавалі ўжо па 10—20 разоў. Як толькі на тым канцы чулі, з якой я кампаніі, адразу крычалі, пасылалі, патрабавалі выдаліць нумары з базы і кідалі слухаўку. З-за гэтага першыя дні настрой быў максімальна прыгнечаным, адчуваўся сіндром самазванца.

Яшчэ ў першы працоўны дзень давалі падпісаць NDA, дзе быў паказаны штраф $100 тысяч у выпадку перадачы камерцыйнай тайны трэцім асобам.

Кліенты: не зусім тыя, хто марыў аб інвестыцыях

Ліды, па словах Вадзіма, былі зусім не тымі інвестарамі, якія марылі аб рынку Forex. Часцей за ўсё гэта былі людзі, якія спампавалі бясплатную кнігу аб заробку ў інтэрнэце, зарэгістраваліся на вебінар па фінансавай пісьменнасці ці пакінулі нумар тэлефона на сайце з эканамічнымі навінамі. Фармальна яны праяўлялі цікавасць да тэмы грошай, але далёка не заўсёды да гандлю валютай. Аднак унутры сістэмы такія кантакты лічыліся патэнцыяльнымі кліентамі, якіх трэба «разагрэць» і давесці да пераводу сродкаў.

— Затым мне пачалі даваць свежых лідаў — па пяць-шэсць у дзень. Нехта не падымаў слухаўку, нехта адказваў, маўляў, проста кнігу хацеў пачытаць і Forex яму не цікавы — такія людзі адмаўляліся ад размовы. Увогуле, паўнавартасны дыялог атрымліваўся з двума-трыма. Многія адмаўляліся ад супрацоўніцтва, калі чулі суму мінімальнага дэпазіту $500, іншыя настойвалі, што ім трэба падумаць, параіцца, пачытаць водгукі — такіх нам было забаронена адпускаць.

Цімлідары прымушалі ціснуць да апошняга, яны слухалі нашы размовы і крычалі, каб мы іх не адпускалі, а часам маглі ўстаць за спіну і ў свабоднае вуха падказваць, што казаць. У ход ішлі такія фразы:

  • «Вашы сябры не хочуць, каб вы былі паспяховым, яны вам зайздросцяць, таму яны вас адгавораць»;
  • «Ваша жонка ў вас не верыць, яна не дазволіць вам лезці ў інвестыцыі, калі вы ёй раскажаце»;
  • «Насамарэч вы не хочаце падумаць — вы баіцеся, вы ў зоне камфорту, якая перашкаджае вам памяняць сваё жыццё. Калі вы зараз не дасце мне згоду, то вы назаўжды застаняцеся бедным».

Самай вялікай праблемай былі водгукі. Варта было кліенту набраць у пошукавым радку LimeFX, як яму адразу выдавала дзясяткі сайтаў з негатыўнымі водгукамі аб кампаніі. У большасці выпадкаў нават пасля добрага дыялогу з зацікаўленым кліентам, калі мы ператэлефаноўвалі яму, ён называў нас ашуканцамі і кідаў слухаўку. Вядома, у такіх выпадках нас вучылі казаць, што водгукі пішуць канкурэнты. Але калі кліент палез у водгукі, то ён амаль напэўна страчаны.

Пярэчанне «Няма грошай» лічылася не праблемай кліента, а недапрацоўкай менеджара. Супрацоўнікаў вучылі дапамагаць шукаць сродкі: успомніць пра зберажэнні, заняць у знаёмых, звярнуцца ў банк ці мікрафінансавую арганізацыю.

— Цімлідары тлумачылі, што ва ўсіх ёсць грошы: людзі ж нешта ядуць, на нешта жывуць. Патрабавалася ціснуць на кліентаў, ствараць тэрміновасць, прымушаць да пошуку грошай, знаходзячыся з імі на слухаўцы.

Спачатку мы прапаноўвалі ім успомніць пра заначку ці здаць нешта ў ламбард. Потым у ход ішлі іншыя варыянты: заняць у сяброў ці сваякоў (вядома, кліентам забаранялі паведамляць, для чаго гэтыя грошы, а казаць нешта накшталт машына зламалася ці суседзяў затапіла). Калі і гэта не працавала, у ход ішлі крэдыты і мікрапазыкі.

Кожны менеджар, які адпрацаваў там хаця б два месяцы, на памяць ведаў усе сэрвісы пазык і банкі Расіі, Украіны, Казахстана: якія дзе ўмовы, дзе выдаюць мікрапазыку з дрэннай крэдытнай гісторыяй і даўгамі, дзе выдаюць пенсіянерам. Часам менеджары асабіста тэлефанавалі ў банкі і пыталіся, ці дадуць пазыку 72‑гадовай пенсіянерцы ці чалавеку з пратэрмінаваным крэдытам.

Маглі самі запісаць кліента ў банк. Часта пазыкі не ўхвалялі адразу на $500, адзін сэрвіс даваў $50—100, даводзілася з усіх збіраць па кавалачках. Бывала, што пенсіянеры, якія дрэнна сябруюць з тэхнікай, скідвалі фатаграфіі сваіх пашпартоў менеджару, і той сам афармляў пазыкі на кліента.

Тым, хто занадта баяўся рызыкі не пагасіць пазыку, прапаноўвалі страхоўку дэпазіту на два тыдні. Яе сэнс быў у тым, што нават калі кліент у першыя два тыдні страціць гэтыя грошы на гандлі, то страхоўка яму ўсё кампенсуе. Так у кліента была ілюзія гарантыі таго, што нават калі інвестыцыі «не пойдуць», то за кошт страхоўкі ён у любым выпадку зможа пагасіць пазыку.

Пасля таго як кліент уносіў мінімальны дэпазіт, яго перадавалі ў рэтэншэн-аддзел. Гэта і былі тыя самыя персанальныя эксперты, якія павінны былі навучаць гандлю, суправаджаць угоды і дапамагаць зарабляць.

— Па факце сэнс гэтага аддзела быў у тым, каб працягнуць выцягваць з кліента грошы. Ім раілі здзелкі на намаляваных графіках, паказвалі рост купленых актываў, малявалі вялікія прыбыткі на балансе — увогуле, стваралі кліенту ілюзію, што за тры дні ён з $500 зрабіў $1000.

Потым у натхнёных ад поспеху кліентаў пачыналі патрабаваць укласці яшчэ больш. Напрыклад, расказвалі, што ў іх ёсць інсайдарская інфармацыя пра тое, што Pfizer прайшоў клінічныя выпрабаванні вакцыны ад кавіду, хутка пра гэта аб'явяць публічна і іх акцыі вырастуць у 10 разоў. Але парог уваходу ў акцыі вышэйшы, і кліенту трэба ўкласці больш грошай. Людзі, як правіла, вяліся і знаходзілі патрэбныя сумы.

Пра найлепшых рэтэншэн-менеджараў хадзілі легенды, і іх ставілі ўсім у прыклад. Напрыклад, да аднаго з такіх спецыялістаў трапіла бабуля, якая для стартавага дэпазіту ўзяла пяць мікрапазыкаў, а праз месяц ён ўгаварыў яе папоўніць баланс на $100 тысяч. Як высветлілася, яна прадала кватэру.

Калі кліент патрабаваў вывесці грошы і адмаўляўся працягваць гандляваць, то нават з такіх даставалі грошы. Напрыклад, у кліента на балансе было $2300, яму казалі, што вывад грошай — гэта міжнародны перавод, а там мінімальная сума $3000. Гэта значыць, каб іх вывесці, трэба дакінуць яшчэ $700. Калі адмаўляліся даплачваць, то прапаноўвалі хутка зарабіць гэтыя $700 на таргах і злівалі баланс.

Атмасфера: «Сюды прыйшлі лохамі, а тут станавіцеся драпежнікамі»

Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў, па словах нашых суразмоўцаў, быў невысокі — у асноўным ад 20 да 30 гадоў. Многія — студэнты ці нядаўнія выпускнікі, нехта прыйшоў з рознічных продажаў, нехта шукаў першую сур'ёзную працу. Энергія, амбіцыі, жаданне хутка зарабляць — усё гэта ідэальна ўпісвалася ў культываваны вобраз акул рынку.

— У калектыве была атмасфера акул, львоў і іншых драпежнікаў, а фільм «Воўк з Уол-стрыт» быў для нас як Біблія. Многія, у тым ліку я, кайфавалі ад таго, што адчувалі сябе персанажамі гэтага фільма.

У офісе гучна грала музыка, усе менеджары крычалі ў мікрафон, часам хаваліся пад сталом, калі кліента было дрэнна чуваць, працавалі стоячы, шмат жэстыкулявалі, гулялі ў міні-гольф падчас размовы.

Кіраўніцтва падагравала гэта, гаварыла цытатамі з фільма: «Узялі слухаўкі, набралі нумар», «Няма нічога высакароднага ў беднасці».

У першы дзень выхаду на працу нам давалі «дамашняе заданне» — паглядзець «Ваўка з Уол-стрыт» і «Бойлерную». Там моцна рамантызаваны вобраз брокераў-аферыстаў, таму многія адчувалі сябе не тэлефоннымі ашуканцамі, а персанажамі гэтых фільмаў — такімі ж крутымі, паспяховымі, прыгожымі, энергічнымі.

Цімлідары публічна прыніжалі тых, у каго не было выніку, і ўсхвалялі самых прадукцыйных. Гэтым займаліся на тых самых ранішніх сходах з камандай. Калі ты добра прадаеш, то кіраўніцтва вітаецца з табой за руку, размаўляе на курылцы і нават дазваляе піць піва падчас працы. У каго выніку не было, з тымі не віталіся, прымушалі працаваць стоячы, не адпускалі на перакуры.

І паколькі вынікі былі пераменлівымі, то і стаўленне да цябе мянялася кожны месяц.

Напрыклад, сёння ты ў топе продажаў — кіраўніцтва і крутыя супрацоўнікі лічаць цябе «сваім», цябе публічна хваляць. А праз месяц, калі выніку няма, цябе публічна прыніжаюць, размаўляюць на павышаных танах, не вітаюцца, прымушаюць затрымлівацца пасля працы. Гэта вельмі ціснула псіхалагічна і матывавала любой цаной атрымаць вынік, каб зноў патрапіць у кампанію крутых хлопцаў і дзяўчын.

Так, быў падзел на крутых супрацоўнікаў і «кансультантаў» — так абзывалі слабых менеджараў, якія не ўмеюць прадаваць. Гэта было настолькі заразным, што я сам грэбаваў размаўляць з «кансультантамі» і падсвядома глядзеў на іх як на людзей ніжэйшага гатунку. Хоць сам заўсёды быў аўтсайдарам па выніках.

Галоўнай матывацыяй асабіста для мяне сталі не грошы, а менавіта мэта выбіцца з «кансультантаў» і трапіць да крутых хлопцаў, каб кіраўніцтва глядзела на мяне як на свайго. Кіраўніцтва таксама падагравала гэта і часта на сходах казала: «Вы ўсе сюды прыйшлі лохамі, а тут вы станавіцеся драпежнікамі».

Заробак: за што і колькі плацілі

Фінансавая матывацыя была выбудавана проста і зразумела, а па мерках рынку выглядала цалкам прывабна. Аклад у аператараў першасных продажаў пачынаўся прыкладна ад $400—500 плюс бонусы за кожны «дэпазіт», гэта значыць за кліента, які ўнёс мінімальныя $500.

— У мяне быў аклад у $400 плюс бонусы за кожны дэпазіт. У рамках каляндарнага месяца даплачвалі:

  • за 1‑3 дэпазіт — па 80 рублёў;
  • за 3‑5 дэпазіт — па 160 рублёў;
  • за 6‑8 дэпазіт — па 240 рублёў;
  • за 9‑ты і далей — па 320 рублёў.

Бывалі такія дні, калі на стале кіраўніка стаялі шоты з тэкілай, лаймам і соллю, і кожны, хто прыцягваў кліента, мог выпіць такі. Часам аб’яўлялася, што да канца дня кожнаму, хто зробіць продаж, адразу выплацяць $50.

Яшчэ было кола фартуны, якое круцілі пасля паспяховага продажу — там можна было выйграць грошы, скараціць працоўны дзень, атрымаць пляшку віскі.

Мінімальная зарплата прыходзіла на карту — каля 250 рублёў, астатняе — у канвертах у валюце і рублях. Кожны месяц прыязджаў вельмі буйны мужчына на вялікай машыне з расійскімі нумарамі і сумкай, яго асабіста сустракаў дырэктар офіса. Пасля гэтага нам выдавалі канверты з заробкам.

Вялікіх грошай, на самай справе, мы там не бачылі. Найлепшыя прадаўцы рабілі восем продажаў у месяц, 10‑11 — гэта ўжо рэдкасць. Так і атрымліваецца, што найлепшыя прадаўцы зараблялі каля $1000 у той час.

Канечне, грошы, але разбагацець на першасных продажах дакладна было нельга. Сярэдні вынік па офісе быў тры-чатыры продажы ў месяц на аднаго менеджара.

Нам казалі, што менеджар акупляецца для кампаніі, калі ён робіць чатыры дэпазіты ў месяц. Першыя два месяцы нам давалі час на разгон, потым ставілі дэдлайны.

Супрацоўнікі з гэтага аддзела заўсёды добра апраналіся, хадзілі з новымі айфонамі, заўсёды прыязджалі на таксі, многія арандавалі кватэры ў Лебядзіным побач з офісам. Так што яны відавочна атрымлівалі значна больш за нас.

Падчас маёй працы кожны дзень былі нейкія гульні, задачы, мэты, якія дазвалялі дадаткова зарабляць: зрабіць найбольш продажаў, зрабіць першы продаж, зрабіць самы вялікі продаж. Калі хтосьці дабіваўся дэпазіту, яго цімлідар крычаў на ўвесь офіс: «Падтрымаем Ваню».

Людзі пачыналі барабаніць рукамі па сталах, менеджар, які зрабіў дэпазіт, біў у звон, пасля чаго ўсе пляскалі, кіраўніцтва ціснула руку і адпускала на невялікі перапынак.

Калі прачынаецца сумленне

— Нам проста ніхто не казаў, што гэта скам. На навучанні нас добра апрацоўвалі — амаль усе навічкі думалі, што працуюць у сумленнай і празрыстай кампаніі. Разуменне прыходзіла з часам: калі бачыш працу рэтэншн-аддзела, чытаеш водгукі, калі прымушалі ўгаворваць пенсіянера ўзяць мікракрэдыт.

Я памятаю, як датэлефанаваўся да дзядулі з ракам лёгкіх.

У яго не было грошай, і я папрасіў цімлідара прыбраць яго з базы, на што мне груба адказалі: «Праблемы не ў яго, праблемы ў цябе, бо ў цябе няма выніку. Свае праблемы вырашы, а потым пра яго думай».

І мяне прымушалі тэлефанаваць яму і казаць, што ў нашых экспертаў ёсць інсайдарская інфармацыя, якая дазволіць яго $500 за пару дзён ператварыць у суму, якая пакрые яму лячэнне ў Германіі.

А яшчэ тое, што яго адзіны шанец выжыць — гэта проста сёння зрабіць дэпазіт, потым ужо будзе позна для інсайдарскай здзелкі. Я так і не змог гэта зрабіць, і ў выніку цімлідар перакінуў гэтага дзядулю на больш моцнага менеджара. Але, дзякуй богу, ад дэпазіту яго адгаварыла жонка.

Калі кліент на другім канцы тэлефона быў гатовы зрабіць дэпазіт, але ў менеджара ўключалася сумленне, цімлідар мог сказаць нешта накшталт: «Ну, мы ж не зусім зверы, ну канечне, мы гэтай бабулі што-небудзь выведзем, не пакінем жа яе без грошай на лекі». Але рабілі яны гэта ці не — дакладна сказаць не магу.

Трэба быць занадта наіўным, каб папрацаваць там хаця б месяц і не разумець, што гэта скам. Я ўпэўнены, што гэта разумелі ўсе, але нам забаранялі гэта абмяркоўваць. Часам мне ўдавалася пагаварыць з калегамі пра іх самаадчуванне і ці нармальна ім тут працаваць. Большасць знаходзіла сабе адгаворкі. Варыянты я памятаю такія:

  • «Калі я прыходжу ў офіс, я станаўлюся не нейкім умоўным Іванам Пятровым (як у рэальным жыцці), а Іванам Волкавым (псеўданім для працы). Усё, што адбываецца на працы, раблю не я, а ён».
  • «Калі кліента закрыю не я, то яму патэлефануе мой калега і ўсё роўна закрые яго. Кліента ўсё роўна ашукаюць — зменіцца толькі тое, што грошы атрымаю не я, а нехта іншы».
  • «Я проста раблю сваю працу, я не магу дакладна ведаць, што адбываецца з імі пасля дэпазіту, мне ніхто не казаў, што іх потым кідаюць, гэта толькі здагадкі. Калі людзей нехта ашукае, то гэта на сумленні кіраўніцтва кампаніі, а не на маім».

Бяспека: камеры, ахова

— Ніхто не баяўся, што рана ці позна давядзецца адказваць за свае званкі перад законам. Мы не працавалі з Беларуссю, таму лічылі, што ніхто намі не зацікавіцца. Канчатковым бенефіцыярам былі не беларускія кампаніі, а нейкі афшор, які атрымлівае грошы кліентаў на свае рахункі, а мы нібыта просты аўтсорсінгавы кол-цэнтр, які не можа ведаць, кідае іх наш заказчык ці не.

Разважалі так (яўна памылкова): урэшце, ну не могуць жа сапраўдныя тэлефонныя махляры займаць вялікі офіс у цэнтры Мінска і шукаць супрацоўнікаў праз афіцыйныя пляцоўкі. Нават калі мы тут і робім кепскія рэчы, то, мабыць, застаёмся ў легальным полі, карыстаючыся нейкімі лазейкамі ў законе, органы не могуць пра нас не ведаць, кіраўніцтва ўсё прадбачыла.

З іншага боку, мы бачылі, як працуе служба бяспекі. Увесь офіс быў пад камерамі, уваходы — па пропусках; каб трапіць у оўпэнспэйс, спачатку трэба было прайсці праз галоўны ўваход па пропуску, затым праз другія дзверы па адбітку пальца. Уся тэхніка кіравалася цэнтральна. Сісадмін у любы момант мог дыстанцыйна дэактываваць любому супрацоўніку акаўнт у CRM, працоўную пошту, «тэлефон» і працоўны чат. Усё гэта рабілася за хвіліну. Адпаведна, у любы момант ён мог цалкам сцерці інфармацыю з усіх камп'ютараў у офісе, запісы з камер і ўсе іншыя сляды таго, чым мы займаемся.

Ля ўвахода заўсёды сядзела ахова. Калі ў офіс прыязджаў, напрыклад, сантэхнік або рамонтнік кавамашыны, супрацоўнікі гэтай службы заўсёды ішлі за ім і не выпускалі яго з-пад увагі. Калі звольнены супрацоўнік прыязджаў па заробак, яны таксама суправаджалі яго да бухгалтэрыі, а потым праводзілі да дзвярэй. Я аднойчы выпадкова ўбачыў на маніторы відэа з камер на вуліцы, гэта значыць, яны сачылі і за перыметрам бізнэс-цэнтра.

Таму там заўсёды адчувалася абсалютная бяспека: нават калі высветліцца, што мы тут робім нешта супернезаконнае і нас прыйдуць арыштоўваць, іх зафіксуюць за кіламетр, а пакуль будуць выломліваць дзверы, сісадмін сатрэ ўсе даныя з камп'ютараў. Маўляў, калі патруль увойдзе ў опэнспэйс, яны нічога не атрымаюць, акрамя пустых камп'ютараў, а кіраўніцтва ім скажа нешта накшталт: «Мы тут пыласосы прадавалі».

«Думаў: які ж я ган*он»

Праца хутка ператварылася ў выматваючы канвеер. Па словах Вадзіма, ад менеджараў патрабавалі каля 300 званкоў у дзень і мінімум тры гадзіны «эфірнага часу» на лініі, а тых, хто не дацягваў да нормы, цімлідары маглі не адпускаць дадому і трымаць у офісе да позняга вечара.

— Паказчыкі часта «дабівалі» фармальна: накліківалі званкі або накручвалі эфір праз безнадзейных суразмоўцаў. А з-за рэгулярных выхадаў у суботы і пастаяннага ціску на кліентаў на асабістае жыццё амаль не заставалася часу.

Яшчэ ў мяне было два выпадкі запар, калі кліенты знаходзіліся ў вельмі цяжкіх сітуацыях. Напрыклад, пенсіянерка з вёскі, у якой працякаў дах у доме і якая амаль плакала мне ў слухаўку, казала, што не ведае, як перажыве зімовую пару, бо грошай на рамонт не было. Цімлідар актыўна сачыў за маёй працай з ёй і настойваў, што трэба пераканаць яе ўзяць крэдыт на дэпазіт, і нашы эксперты хутка дапамогуць ёй зарабіць патрэбную суму, а ў перспектыве — і на новы дом.

Пазней мне трапіўся інвалід-вазочнік пасля інсульту, у якога былі праблемы з маўленнем. І цімлідар вельмі настойліва казаў мне асцярожна выводзіць яго на мікракрэдыт. На вялікае шчасце, ён адмовіўся. Пасля гэтага я доўга не мог прыйсці ў сябе, было вельмі дрэннае адчуванне: ехаў дадому з працы і ўсю дарогу думаў, які ж я ган*он.

З улікам адсутнасці часу на асабістае жыццё, пастаяннага ціску кіраўніцтва і ўсведамлення таго, чым займаюся, я вырашыў сысці.

Што было пад капотам

Пра ўнутраную IT-частку расказаў яшчэ адзін суразмоўца — спецыяліст, які сцвярджае, што абслугоўваў частку інфраструктуры. Па яго словах, гэта быў амаль міжнародны сіндыкат, а не проста некалькі офісаў у Мінску.

— Сетка будуецца праз дзясяткі юрыдычных асоб у розных краінах. У кожнага офіса магла быць свая юрыдычная асоба, а паралельна існавалі асобныя кампаніі, якія адказвалі за IT-падтрымку, хостынг, уліковыя запісы і адміністрацыю. Інфраструктура была выбудавана загадзя і выкарыстоўвалася не першы год — беларускія офісы сталі толькі часткай больш шырокай сістэмы, якая раней працавала ў іншых краінах.

Суразмоўца сцвярджае, што падобныя кoл-цэнтры працуюць ва Украіне, Партугаліі, на Філіпінах, у ААЭ, Расіі і іншых краінах.

— Запуск новага офіса тэхнічна выглядаў як падключэнне да ўжо гатовай «абалонкі»: ствараліся ўліковыя запісы, наладжваўся доступ да інтэрнэту і ўнутраных сэрвісаў, падключалася тэлефанія і CRM. Калі праект па якіх-небудзь прычынах не ўзлятаў або бакі не дамовіліся аб размеркаванні прыбытку, офіс мог закрыцца праз некалькі тыдняў. Пры гэтым сама IT-платформа працягвала існаваць.

Назвы сайтаў рэгістраваліся сотнямі. Калі адзін дамен блакіраваўся, праца проста пераносілася на іншы, загадзя набыты, часта з той жа назвай, але ў іншай даменнай зоне. Самі блакіроўкі былі звычайнай рабочай сітуацыяй. Сёння сайт даступны па адным адрасе, заўтра — па іншым.

Плацяжы за інфраструктуру — хостынг, дамены, воблачныя сэрвісы — там, дзе гэта было магчыма, праводзіліся праз крыптавалюту. Гэта спрашчала разлікі і зніжала залежнасць ад банкаўскіх блакіровак.

А што гэта за чырвоная кнопка?

— У офісах выкарыстоўваліся прылады дыстанцыйнага кіравання сілкаваннем — умоўныя разумныя разеткі або кантролеры, якія дазвалялі адключыць электразабеспячэнне працоўных станцый і сеткавага абсталявання. Паралельна існавала сістэма маніторынгу, якая пры пэўных сігналах магла ініцыяваць адключэнне сервераў або сеткавых вузлоў.

Працоўныя камп'ютары былі шыфраваныя, гэта значыць пасля адключэння сілкавання без уводу індывідуальнага пароля загрузіць сістэму было немагчыма. Пры гэтым паролі былі ўнікальнымі для кожнай прылады і захоўваліся цэнтральна, доступ да іх меў абмежаваная колькасць асоб.

Акрамя фізічнага адключэння сілкавання, прадугледжвалася разрыванне VPN-каналаў, праз якія офісы падключаліся да асноўнай інфраструктуры. Гэта значыць, пры спрацоўванні трыгера офіс мог практычна імгненна апынуцца «адрэзаным» ад сервераў.

— Сісадміны і айцішнікі разумелі, чым займаецца офіс?

— Супрацоўнікі на тэхнічных пазіцыях не ўнікалі ў падрабязнасці працы кол-цэнтра. Кожны з нас адказваў за свой участак, і нам трэба было заводзіць уліковыя запісы, серверы, сетку. Пра тое, што гэта скам, ніхто нам ніколі не казаў.

Але асабіста я пачаў падазраваць, што тут адбываецца нешта дзіўнае. Я прыкінуў, што прыбытку ад сумленнай працы на Forex з такімі расходамі на ўтрыманне некалькіх офісаў, вялікага штату супрацоўнікаў па ўсім свеце, абсталявання і пастаянных IT-сэрвісаў проста не хопіць. Да таго ж плацілі нам значна вышэй за рынак: умоўна, калі сярэдні сісадмін атрымліваў па $1500, нам адразу давалі $2500. Зарплата была белая, з падаткамі і адлічэннямі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

«Я біў у звон. І вось гэта мяне дабівае». Гісторыя Паўла

Калі Вадзім сыходзіў даволі хутка, то Павел (прозвішча ён прасіў не пісаць) трымаўся прыкметна даўжэй. У офіс ён уладкаваўся каля шасці гадоў таму, калі яму было 20. Ён расказвае амаль тое ж, што і Вадзім: афіцыйная вакансія, бадзёрая моладзевая каманда, абяцанні «дапамагаць людзям зарабляць», скрыпты, ціск, культ вынікаў. Розніца ў тым, што Павел не проста «паглядзеў і сышоў» — ён паспеў стаць часткай гэтай машыны. Але самае непрыемнае пачалося ўжо потым: пачуццё віны не адпускае яго дагэтуль.

— Першы час я верыў у легенду і стараўся думаць, што раблю карысную працу. Але з часам я пачаў заўважаць дзіўныя дэталі. Дакументы на сайце — гэта не ліцэнзія, а нейкі «сертыфікат» у стылі «Рогі і капыты». У нармальных брокераў бачыш рэгістрацыйны нумар і можаш праверыць ліцэнзію ў рэестры, а тут скан — такі замылены, што і нумароў не відаць. І на сайтах пазначаныя адрасы то ў Сэнт-Вінсэнце і Грэнадзінах, то на Маршалавых астравах — гэта ж афшоры.

Рэальнасць канчаткова дагнала Паўла, калі ён пачаў разумець, што адбываецца пасля дэпазіту і як унутры абмяркоўваюць кліентаў.

— Я памятаю, як падышоў да цімлідара і спытаў: «Скажы шчыра: мы людзей ашукваем?» І адказ быў… мяне гэта прыбіла. Ён сказаў: «Глядзі, калі цяпер не ты возьмеш у яго грошы, гэта зробіць нехта іншы». Тыпу так ці інакш возьмуць, пытанне толькі хто. Тут я зразумеў, што кіраўнікі ўсё ведаюць.

У мяне пачаўся стрэс, вока дрыжэла, я стаў залівaцца алкаголем, толькі каб забыцца пра тое, чым займаюся. Нармальна спаць было немагчыма. Ты ляжыш, і табе снiцца, што ты тэлефануеш чалавеку і разводзіш яго на грошы. І ў гэтым сне ты нібы застаўся, не можаш прачнуцца, пакуль не зазвоніць будзільнік.

Таму я спрабаваў папярэдзіць людзей. Аднойчы зліў інфармацыю на сайт з водгукамі: напісаў, што гэта развод, дзе знаходзіцца кампанія, як там працуюць. І цімлідары гэта ўбачылі. Я не ведаю як, але ўбачылі. І водгук проста сцерлі. Потым я спрабаваў размаўляць: маўляў, ім нармальна? А мне ў адказ усе тыя ж адгаворкі: «Калі не я, дык іншы», «Грошы так ці інакш скрадуць», «Гэта не мы, гэта рэтэншн-менеджары ашукаюць».

Самая страшная рэч адбываецца, калі даходзіць, што кожны ўдар у звон, які ты рабіў, — гэта нечае зламанае жыццё. А ў гэты звон штодня білі па 6—10 разоў. І, як мне здаецца, 80% супрацоўнікаў цудоўна разумелі, чым займаюцца.

Зараз мінскі офіс ліквідаваны. Вядзецца следства, першыя вынікі стануць вядомыя ўжо ў хуткім часе.

Каментары17

  • Хм
    02.03.2026
    Нічога дзіўнага. У рускамірных проста не існуе дзейнага маральнага компаса: добра тое, што скажа начальства.
  • Дзікпікавіч
    02.03.2026
    Як былі лохамі, так імі і засталіся
  • fly9
    02.03.2026
    ... а станеце лахамі у квадраце

Цяпер чытаюць

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся

Усе навіны →
Усе навіны

Як улады Мінска зразумеюць, у каго жывуць незарэгістраваныя сабакі? Разлік на неабыякавых суседзяў5

ВПС Ізраіля нанеслі ўдар па ўніверсітэце, які рыхтуе афіцэраў для Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі

У цэнтры Мінска прадаюць кватэру з выхадам на дах з санвузла. Другой такой у горадзе няма2

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads14

Беларуска прасіла блізкіх патроху перавозіць у Польшчу яе зберажэнні. А потым купіла кватэру — і банк заблакаваў 250 тысяч еўра23

«У мяне заўсёды была мара кіраваць аўтобусам». Акцёр Ігар Сігоў — пра сваю новую працу5

Расіяне ўначы ўдарылі па Харкаве — сямёра загінулых, каля дзесяці параненых

Навукоўцы выявілі забойцу пяці мільярдаў марскіх зорак1

Расію асвісталі на адкрыцці Паралімпіяды4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць