Хто тыя дзяўчаты, якія «выпадкова» апынуліся ў Mak.by падчас візіту Лукашэнкі?
8 сакавіка падчас наведвання Аляксандрам Лукашэнкам рэстарана Mak.by інтэрнэт-карыстальнікі звярнулі ўвагу на прыадзетых дзяўчат, якія сядзелі за яго спінай і елі, але пры гэтым не былі падобныя да звычайных наведвальніц. Выданне «Люстэрка» даведалася, хто яны.

У рэстарацыю з Лукашэнкам прыйшла даволі вялікая кампанія: сам палітык, некалькі яго ахоўнікаў, намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, які спрабаваў за яго заплаціць. За адным сталом з Лукашэнкам сядзелі журналісты праўладных СМІ, у тым ліку Ілона Красуцкая з тэлеканала «Беларусь 1» і Ігар Тур з АНТ.
На кадрах афіцыйнай хронікі можна таксама бачыць старшыню Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, бізнэсоўца Сяргея Цяцерына, якога звязвае шчыльнае сяброўства з Лукашэнкам, асабістую доктарку палітыка Святлану Канашэнку і шпіца Умку, які ўжо не ўпершыню ляжаў на стале.

Аднак карыстальнікі TikTok звярнулі ўвагу на дзвюх маладых дзяўчат, якія трапілі на задні план відэа прэс-службы Лукашэнкі. Яны спрабавалі паводзіць сябе як звычайныя наведвальніцы рэстарана, у нейкі момант пачалі есці. Пры гэтым абедзве час ад часу пазіралі ў камеры.
На іншых кадрах можна заўважыць, што за спінай палітыка за столікамі сядзяць толькі прыхарошаныя дзяўчаты.

«Дзяўчаты на заднім фоне як у рэстарацыі», — адзначыў адзін з карыстальнікаў.
«Наступным разам папярэдзьце акторак у камеры не глядзець», — пажартаваў іншы
«Цікава, як праходзіў кастынг на ролю наведніц», — пацікавіўся трэці.

«Люстэрка» высветліла, што за дзяўчаты апынуліся ў рэстаране падчас візіту Лукашэнкі. Яны абедзве — былыя ўдзельніцы конкурсаў прыгажосці і, відавочна, супрацоўніцы службы пратакола пры палітыку.
Наведвальніца злева — Анастасія Некрашэвіч. Дзяўчына родам з Гомеля, цяпер ёй 21 год. Анастасія — піяністка, атрымлівала ўзнагароды на розных творчых конкурсах і прэмію спецфонду Лукашэнкі ў падтрымцы таленавітай моладзі. У 2023 годзе дзяўчына паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі на фартэпіянны і кампазітарска-музыказнаўчы факультэт.

Таксама Анастасія ўдзельнічае ў розных конкурсах прыгажосці. У канцы 2023 года яе прызналі «Міс Акадэміяй музыкі», пасля на конкурсе «Каралева Студэнцтва» ёй дасталася карона першай віцэ-міс. У 2025 годзе студэнтка ўзяла ўдзел у конкурсе «Міс Мінск» і выйграла тытул «Міс спорт».

А яшчэ Анастасія, відавочна, працуе ў службе пратакола пры Лукашэнку і сустракае гасцей на афіцыйных мерапрыемствах. Студэнтку ў нацыянальным касцюме можна бачыць на кадрах з сустрэчы прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева і візіту прэзідэнта Казахстана Касыма-Жамарта Такаева ў Мінск у чэрвені 2025 года.

Анастасія Некрашэвіч (справа) удзельнічае ў сустрэчы афіцыйнай дэлегацыі з Узбекістана. Аэрапорт Мінск, чэрвень 2025 года. Фота: БелТА
Другая «выпадковая» наведвальніца Mak.by — Лізавета Казак. Ёй 20 гадоў, яна студэнтка факультэта міжнародных эканамічных адносін БДЭУ. У мінулым яна прысвяціла 12 гадоў бальна-спартовым танцам, а пазней захапілася чырлідзінгам. Любіць чытаць класічную літаратуру.

Лізавета ўдзельнічала ў конкурсе «Міс БДЭУ», а таксама дайшла да фіналу «Міс Беларусь» у 2023 годзе, аднак засталася без кароны.
Студэнтка брала ўдзел у сустрэчы Лукашэнкі з моладзевым актывам і нават задала яму пытанне. Тады яе цікавіла, «ці ўсім задаволены кіраўнік дзяржавы ў Палацы Незалежнасці і ці ёсць у яго любімая зала».

Цяпер Лізавета прадстаўляецца ў Instagram як мадэль. Імаверна, яна таксама працуе ў службе пратакола пры Лукашэнку. Яе можна бачыць з караваем на кадрах уручэння дзяржаўных узнагарод перадавікам аграпрамысловага комплексу ў лістападзе 2025 года.

Іншыя «звычайныя» людзі падчас візіту Лукашэнкі ў рэстаране таксама былі. Да таго як пачаць есці, палітык падышоў да кампаніі з пытаннем: «Гэта народ, які галадае?» Ён паспрабаваў высветліць, ці самі яны прыйшлі, але не атрымаў выразнага адказу.

Людзей за гэтым столікам сапраўды нельга назваць публічнымі, падобна, што яны і не сілавікі. Цікава, што чалавек з такім самым імем, як у аднаго з тых, што сядзяць за столікам, працуе ў дзяржаўным аб’яднанні «Сталічны гандаль і паслугі». Відаць, кампанія, якая зазірнула ў рэстаран, таксама па працы.
Стала вядома, хто распрацаваў софт для тэрмінала, які адмовіўся абслугоўваць Лукашэнку
Лукашэнка намякнуў, што ў Мінск хутка зноў прыедуць амерыканцы
Пры наведванні Лукашэнкам Мак.бай не абышлося без Умкі на стале ФОТАФАКТ
Лукашэнка загадаў перайменаваць у Беларусі каву амерыкана
«Што, ізноў не аплачана?» Перад Лукашэнкам у Мак.бай хваліліся цуда-апаратам, які пры ім адмовіўся працаваць
Лукашэнка 8 сакавіка прыехаў у «Мак.бай» ФОТЫ
Каментары