У Расіі хочуць прыняць закон, каб можна было ўводзіць войскі ў краіны, дзе арыштавалі расіян
Урад Расіі ўнёс у Дзярждуму законапраект, які дазволіць уводзіць войскі ў іншыя краіны для абароны арыштаваных або пераследаваных там па рашэннях судоў расійскіх грамадзян. Дакумент апублікаваны ў чацвер у электроннай базе ніжняй палаты парламента, паведамляе Deutsche Welle.

У тлумачальнай запісцы да законапраекта адзначаецца, што змяненні плануецца ўнесці ў артыкул 6 Федэральнага закона «Аб грамадзянстве Расійскай Федэрацыі» і артыкул 10 Федэральнага закона «Аб абароне».
Паводле слоў аўтараў, ён неабходны «ў мэтах абароны правоў грамадзян Расійскай Федэрацыі ў выпадку іх арышту (утрымання), крымінальнага і іншага пераследу» на падставе рашэнняў замежных і міжнародных судоў, якія надзелены паўнамоцтвамі без удзелу Расіі або маюць кампетэнцыю, не заснаваную на міжнароднай дамове з Расіяй ці адпаведнай рэзалюцыі Рады бяспекі ААН.
Дакумент прадугледжвае, што для абароны грамадзян РФ за мяжой па рашэнні прэзідэнта краіны магчыма экстэрытарыяльнае выкарыстанне ўзброеных сіл. Камісія ўрада Расіі па заканатворчай дзейнасці ўхваліла праект.
Каментары