Грамадства11

У Гомелі знясуць даваенны Дом сувязі — замінае пашырыць вуліцу, якая ў гэтым месцы і так мае восем палос

У Гомелі плануюць знесці адзін з нешматлікіх захаваных будынкаў міжваеннага часу — так званы Дом сувязі, размешчаны па вуліцы Барыкіна, 1. Гэты чатырохпавярховы жылы дом сустракае гамяльчан адразу пры пераездзе з цэнтра горада праз Кузнецкі пуцеправод.

Дом сувязі па вуліцы Барыкіна, 1 у Гомелі. Фота: Wikimapia

Згодна з генеральным планам, пляцоўка пад ім пойдзе пад новую забудову і пашырэнне дарогі, аднак мясцовыя ўлады адзначаюць, што працэс можа зацягнуцца на доўгія гады, піша выданне «Белка».

Жылы дом у стылі канструктывізму быў узведзены ў 1930‑я як ведамаснае жыллё для работнікаў гарадской сувязі (адсюль і гістарычная назва).

Неапазнаны будынак, выкананы па тым жа праекце, што і гомельскі, але з невялікімі адрозненнямі ў архітэктуры. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Як адзначае тэлеграм-канала «Спадчына», будынак узводзіўся па тыпавым (паўторна выкарыстаным) праекце. Дакладна такія ж дамы будаваліся і ў іншых гарадах — напрыклад, дом па вуліцы Свярдлова, 15 у Мінску, а таксама яшчэ адзін неапазнаны будынак, вядомы па старым чорна-белым фотаздымку.

З апошнім гомельскі дом падобны і афармленнем фасадаў: яны маюць падобную рустоўку фасадаў, міжпаверхавыя цягі і слухавыя вокны на даху. Але дом у Гомелі адрознівае тое, што ён не мае магутных шчытоў на тарцах, а балконныя вокны і дзверы падзелены паміж сабой прасценкамі. Гэта кажа пра тое, што нягледзячы на аднолькавыя планы да рэалізацыі кожнага будынка архітэктары падыходзілі з творчым пераасэнсаваннем. 

Дом на нямецкім аэрафотаздымку. Фота: Wikimedia Commons

На нямецкіх аэрафотаздымках часоў Другой сусветнай вайны бачна, што будынак ацалеў у час бамбёжкі суседняга чыгуначнага вузла летам 1941 года. Але пасля вайны ён быў ужо ў зруйнаваным стане. У 1947 годзе Гомельскі гарадскі савет перадаў будынак пошце. Сувязісты аднавілі яго гаспадарчым спосабам, адпрацаваўшы на аб'екце каля 85 нядзельнікаў.

Дом па вуліцы Барыкіна, 1 у сярэдзіне XX стагоддзя. Фота: Белка

Офісы замест кватэр

Сёння Дом сувязі знаходзіцца ў даволі дрэнным тэхнічным стане. Па інфармацыі гарадскіх парталаў, у чатырохпавярховіку засталося ўсяго тры жылыя кватэры, жыхары якіх даўно чакаюць рассялення. Астатнія плошчы пераведзеныя ў нежылы фонд і здаюцца ў арэнду камерцыйным структурам.

Пры гэтым будынак працягвае часткова выконваць сваю гістарычную функцыю: на першым паверсе дагэтуль працуе аддзяленне паштовай сувязі №1. На фасадзе ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Емяльяна Барыкіна — сакратара падпольнага гаркама КПБ і Героя Савецкага Саюза, імем якога і названа вуліца.

У доме па вуліцы Барыкіна, 1 засталося ўсяго некалькі кватэр. Фота: Wikimedia Commons

Планы па зносе і пашырэнні вуліцы

Жыхары дома звярнуліся ў гарвыканкам з прамым пытаннем пра лёс будынка. Начальніца ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкама Таццяна Несцерава афіцыйна пацвердзіла, што паводле генплана дом №1 падлягае зносу.

Пляцоўка пад будынкам часткова трапляе ў зону новай шматкватэрнай забудовы (інстытут «Гомельпраект» ужо распрацаваў канцэпцыю забудовы гэтага ўчастка 7— 8‑павярховымі дамамі), а часткова — у межы пашырэння вуліцы Барыкіна і санітарна-ахоўную зону чыгункі.

Візуалізацыя праекта рэканструкцыі вуліцы Барыкіна, распрацаванага інстытутам «Гомельпраект». Замест узору міжваеннай архітэктуры з'явіцца развязка і шматпавярховы гмах, частка парадных «варот» на ўездзе з цэнтра ў Залінейны раён горада. Фота: Гомельпраект

Сёння ў гэтым месцы праезная частка вуліцы мае восем палос. Актывісты іранізуюць над планамі пашырэння вуліцы Барыкіна, бо папярэднія дабаўленні палос так і не вырашылі праблему затораў на гэтай магістралі.

Нягледзячы на афіцыйныя планы, хуткага зносу гістарычнага будынка не прадбачыцца. У гарвыканкаме падкрэсліваюць, што рэалізацыя горадабудаўнічай дакументацыі носіць працяглы характар і залежыць ад фінансавання, таму канкрэтных тэрмінаў няма.

Акрамя таго, у гарадскім Упраўленні капітальнага будаўніцтва ўдакладнілі, што маштабную зачыстку цотнага і няцотнага бакоў вуліцы Барыкіна, дзе агулам плануюць знесці больш за 50 прыватных дамоў, пачнуць не з першага нумара, а з дома №5.

У адметнага ўзору гомельскай міжваеннай архітэктуры, хоць пакуль ён застаецца на сваім месцы, перспектыў на захаванне ці рэстаўрацыю ў яго, згодна з дакументамі, ужо няма.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Андрусь
    23.03.2026
    Заўжды, калі ехаў вуліцай Барыкіна ў Гомелі, мне ўяўляўся чувак, які спяваў "Я буду долга гнаць веласіпед...", а не нейкі Емяльян. )

Цяпер чытаюць

Анжаліка Мельнікава пасля знікнення набыла дзве кватэры ў Мінску90

Анжаліка Мельнікава пасля знікнення набыла дзве кватэры ў Мінску

Усе навіны →
Усе навіны

Кіроўцу з Пінска адправілі ў калонію за падрыхтоўку да «масавых беспарадкаў», «абразу» Лукашэнкі і «распальванне варожасці»

Ірына Шэйк апублікавала фоты са свайго чэлябінскага юнацтва16

Камандаванне вайскова-марскіх сіл Ірана: Армузскі праліў ужо ніколі не вернецца да свайго ранейшага стану4

Экіпаж «Артэміды» згубіць сувязь з Зямлёй, але ўсё ідзе па плане5

Мінск рыхтуе новыя зоны для адпачынку: што з’явіцца ў кожным раёне сталіцы

Любыя спробы нармалізаваць адносіны з Лукашэнкам будуць упірацца ў адну вялікую праблему22

Магілёвец спачатку хацеў уцячы ад даішнікаў, а потым — даць ім хабар

У вёсцы ў Іўеўскім раёне на Вялікдзень згарэлі пяць хат і сем пабудоў

Што гістарычнага застанецца ад галоўнага корпуса БДУ пасля рэканструкцыі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Анжаліка Мельнікава пасля знікнення набыла дзве кватэры ў Мінску90

Анжаліка Мельнікава пасля знікнення набыла дзве кватэры ў Мінску

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць