Гэты малавядомы востраў трапіў у топ месцаў для падарожжаў у 2026 годзе
Некалькі даведнікаў і выданняў уключылі грэчаскі востраў Іас у спіс рэкамендаваных месцаў для падарожжаў у 2026 годзе — дзякуючы яго жывой культуры і дзікай, мала закранутай чалавекам прыродзе.
Увагу на яго звярнулі, бо ўсё больш падарожнікаў шукаюць аўтэнтычныя, малавядомыя месцы, піша Delfi.

Уплывовае брытанскае выданне The Times уключыла сталіцу вострава Хору ў спіс «25 самых прыгожых вёсак Грэцыі». Гэта традыцыйнае паселішча зачароўвае наведвальнікаў белымі дамамі кубічнай формы і вузкімі стромкімі вулачкамі.
Адно з месцаў, якое абавязкова варта наведаць на Іасе — царква Панагія Граміётыса. Яна стаіць у самым высокім пункце вострава, адкуль адкрываюцца ўражвальныя віды на Эгейскае мора. Таксама там ёсць дагістарычнае паселішча Скаркас, якое адносіцца да III тысячагоддзя да нашай эры, і магіла Гамера.
Італьянскі турыстычны партал WomTravel.it, які аналізуе сучасныя моладзевыя турыстычныя тэндэнцыі, таксама рэкамендуе Іас. Паводле звестак партала, маладое пакаленне ўсё часцей выбірае месцы, дзе можна атрымаць шматгранны вопыт — насычанае грамадскае жыццё, актыўны адпачынак на прыродзе і культурныя адкрыцці.
Востраў таксама ўвайшоў у штогадовы спіс найлепшых грэчаскіх астравоў, які складаецца французскім турыстычным гідам Petit Fute. Адзначаецца, што на Іас можна дабрацца па моры з іншых грэчаскіх астравоў. Напрыклад, калі адправіцца з Іракліёна на Крыце, марское падарожжа зойме каля 2,5 гадзіны. Калі вы будзеце дабірацца з вострава Міканас, дарога зойме 2 гадзіны. Самы кароткі шлях на Іас — з Сантарыні: ён займае ўсяго 45 хвілін. Турыстычныя агенцтвы адзначаюць, што на востраве Іас няма аэрапорта.
Каментары