Муж былой кіраўніцы Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША любіць адзяваць жаночае і бамбічныя накладныя грудзі
Крысці Ноэм, архікансерватарка, адказвала за пытанні нацыянальнай бяспекі ў адміністрацыі Трампа. Тым часам яе муж, 56‑гадовы бізнэсмен Браян Ноэм, расслабляўся з мадэлямі з фетыш-супольнасцяў. Яму падабалася пераўвасабляцца ў жывую ляльку.

Вялікі масіў перапіскі, паведамленняў у WhatsApp і фотаздымкаў, якія апынуліся ў распараджэнні брытанскага выдання Daily Mail, сведчыць: бізнэсмен Браян Ноэм мае ўласныя сакрэты.
Паводле адной з мадэляў, якая доўгі час з ім перапісвалася і падрабязна пераказала гэтыя размовы журналістам, яго фетыш — «велізарныя, абсурдна вялікія грудзі аб’ёмам больш за 3000 кубічных сантыметраў». Гаворка ідзе пра індывідуальныя імпланты XXL, здольныя ўтрымліваць звыш 3000 см³ фізіялагічнага раствору — значна больш, чым звычайна рэкамендуюць хірургі.
«Гэта называецца бімбафікацыяй. Людзі змяняюць сваё цела, каб выглядаць як лялька Барбі», — патлумачыла яна журналістам.
Расследаванне паказала, што Браян шчодра абсыпаў кампліментамі хірургічна змененых мадэляў, прызнаваўся ў захапленні «вялізнымі, бамбічнымі грудзямі» і нават дазваляў сабе двухсэнсоўныя выказванні пра свой 34‑гадовы шлюб з Крысці.
Ён кантактаваў з жанчынамі як пад псеўданімамі, так і не асабліва хаваючыся. Некаторым сваім кантактам, дакладней, кантакткам ён прызнаваўся, што мае жонку і дзяцей.

Адна з жанчын расказала, што яны абмяркоўвалі як звычайныя побытавыя тэмы, так і яе мегагрудзі. Браян пытаўся: «Зробіш іх яшчэ большымі?» Ён таксама, па словах мадэлі, прызнаваўся ёй, што яна «ператварае яго ў дзяўчынку».
Бізнэсмен шчодра плаціў мадэлям — перавёў ім не менш за 25 тысяч долараў праз электронныя плацежныя сістэмы. Выплаты звычайна складалі некалькі соцень або тысячу долараў за раз.
Некаторыя з іх з цягам часу высветлілі, хто стаіць за анлайн-профілямі. Адна з мадэляў выпадкова патэлефанавала яму і пачула аўтаадказчык з назвай страхавой кампаніі Noem Insurance. Пасля простага пошуку ў інтэрнэце яна звязала яго з мужам вядомай паплечніцы Трампа.
На адным з сэлфі, якім Браян падзяліўся з мадэллю, на бізнэсмене — ружовыя шорты ў абліпку і кароткі топ. Бачна, што бацька траіх дзяцей засунуў пад адзенне два паветраныя шарыкі, каб імітаваць грудзі.

На іншым фота ён пазіруе ў зялёных легінсах і белым топе, пад якім таксама выразна бачныя выпуклыя сферы. На здымках добра відаць яго твар, а праверка не выявіла прыкметаў маніпуляцый або генерацыі штучным інтэлектам.
Эксперты ў сферы нацыянальнай бяспекі, апытаныя выданнем, адзначаюць, што такая дзейнасць магла стварыць патэнцыйную ўразлівасць для шантажу.
Паводле іх слоў, інфармацыя падобнага кшталту — класічны інструмент, якім карыстаюцца спецслужбы: чалавека могуць паставіць перад выбарам — супрацоўнічаць або сутыкнуцца з публічным выкрыццём.
Крысці і Браян пабраліся шлюбам яшчэ ў 1992 годзе, у іх трое дарослых дзяцей. Іх саюз ужо станавіўся аб’ектам чутак пасля публікацыі ў 2023 годзе інфармацыі пра магчымы раман Крысці з дарадцам Коры Левандоўскі. Тады яна адмаўляла гэтую сувязь, і пара працягвала з’яўляцца разам на публіцы. Нават нядаўна Браян падтрымліваў жонку падчас слуханняў у Кангрэсе.

Як піша Daily Mail, Браян спыніў сваю актыўнасць у інтэрнэце прыкладна ў студзені гэтага года — у перыяд, калі Крысці Ноэм сутыкнулася з крытыкай і была адпраўленая ў адстаўку. Пасля гэтага яна атрымала новую пасаду спецыяльнага пасланніка ў ініцыятыве, накіраванай на ўмацаванне бяспекі ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы.
Калі журналісты патэлефанавалі Браяну Ноэму, ён не стаў адмаўляць факт інтымных размоў і адпраўкі ўласных фатаграфій у жаночым вобразе. Аднак ён адхіліў сцвярджэнні, што яго паводзіны маглі нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы або паўплываць на становішча жонкі. Пасля гэтага ён паклаў слухаўку.
Прадстаўнік Крысці Ноэм паведаміў, што яна «спустошаная гэтай навіной», а для сям’і гэта вялікая неспадзяванка, і яны просяць паважаць іх прыватнасць.
Каментары