Падатковая інспекцыя праверыла краму красовак і спартыўнага адзення — былі выяўлены тавары без маркіроўкі, амаль 25 000 рублёў выручкі, схаванай ад падаткаў, а таксама парушэнні ў працы з касай.

У падатковай падлічылі, што кошт прапанаваных да продажу і ўжо прададзеных тавараў без маркіроўкі склаў каля 400 000 рублёў. Касавае абсталяванне крама выкарыстоўвала не па месцы, указаным пры яго рэгістрацыі.
За ўсе гэтыя парушэнні прадпрымальніка і вінаватых работнікаў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, таксама давядзецца даплаціць падаткі. Каб бізнесмен усё ж гэта зрабіў, падатковая арыштавала тавар на суму каля 190 000 рублёў.
— Ніколі не паверыце, па якой цане набываўся ў Маскве спартыўны абутак: у прадстаўленых нам накладных пазначана, што цана набыцця — 200 расійскіх рублёў (прыкладна 7,40 беларускіх). З гэтай жа цаны і выплачваўся ўвозны ПДВ, — адзначылі ў падатковай.
У ведамстве патлумачылі, што ў такім выпадку парушаюцца патрабаванні пастановы Савета міністраў №713 «Аб сістэме рэгулявання цэн»: гранічная рознічная цана пры такой цане закупкі павінна была складаць каля 20 рублёў. А фактычна красоўкі прадавалі ў дыяпазоне 100—230 рублёў.
За гэта прадпрымальніку пагражае штраф у двухкратным памеры розніцы паміж фактычна атрыманай выручкай і разліковай велічынёй выручкі (прававое абгрунтаванне — частка 2 артыкула 13.2 КаАП).
Каментары