Нечакана памёр 35‑гадовы музыка Дзмітрый Пісанік — баяніст гурта «Неба Sound»
Дуэт баяністаў актыўна выступаў як у Беларусі, так і за яе межамі. Спачуванне выказала нават нявестка Лукашэнкі Ганна Сялук.

У складзе дуэта баяністаў «Неба Sound» былі Дзмітрый Пісанік і Андрэй Даўжэнка. Яны працавалі ў сталічным тэатры эстрады, удзельнічалі ў розных праўладных мерапрыемствах — напрыклад, у «Купаллі» ў Александрыі. Выступалі і на «Марафоне адзінства» ў падтрымку Лукашэнкі на апошніх выбарах, і на Усебеларускім народным сходзе.

Летась баяністы ўдзельнічалі ў канцэрце да Дня яднання Беларусі і Расіі. Артысты пісалі, што мастацтва аб’ядноўвае лепш за любыя межы.

Дарэчы, у Расіі «Неба Sound» таксама калі-некалі выступаў. Але былі і больш дальнія гастролі. У 2024 годзе гурт даваў канцэрты ў Шанхаі — прадстаўляў Беларусь на сёмай Кітайскай міжнароднай выставе імпарту.

Гралі як старыя песні, так і трэнды з тыктоку. Рабілі каверы на песні Ганны Сялук.
Сёння ў інстаграме гурта паведамілі, што 35‑гадовы Дзмітрый Пісанік раптоўна сканаў. Як растлумачылі спявачцы Алене Ланской у каментарах, прычына смерці — тромб, які адарваўся.
Выказаць спачуванні ў каментары прыйшлі Жанэт, Герман Цітоў, Вольга Рыжыкава і іншыя. Нават нявестка Лукашэнкі Ганна Сялук напісала: «Прыміце шчырыя спачуванні. Усім родным і блізкім, сябрам. Царства нябеснае і светлая памяць Дзмітрыю».

Каментары