«Не наводзьце паніку, мы ўсе сумленныя людзі». Сваякі зняволеных не вераць, што іх прызналі ўдзельнікамі «экстрэмісцкага фармавання»
Тысячы людзей без дай прычыны апынуліся пад патэнцыйным крымінальным пераследам. І не разумеюць за што.

6 красавіка 2026 года КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні экстрэмісцкім фармаваннем чата «СІЗА №1 Калядзічы». Гэта ўжо неісны чат сваякоў арыштантаў, у якім абмяркоўваліся пытанні наконт таго, што можна класці ў перадачу, а што нельга, як правільна адпраўляць пасылкі і па якім графіку працуе СІЗА. У пікавы момант у ім было каля 1900 чалавек, але пасля таго, як чат прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», адміністратары выдалілі яго.
У тое ж «фармаванне» кадэбісты ўключылі 10 тэлеграм-чатаў, 9 вайбер-чатаў і 3 суполкі «Укантакце». Усё гэта супольнасці сваякоў зняволеных — чат жаночай калоніі ў Гомелі, чат мужчынскай калоніі ў Бабруйску і гэтак далей.
У кожнай групе сотні і тысячы ўдзельнікаў (вайбер-чат мужчынскай калоніі ў Магілёве — 1400+ чалавек, вайбер-чат мужчынскай калоніі ў Шклове — амаль 1000 чалавек, суполка «Укантакце» мужчынскай калоніі ў Бабруйску — 3500 чалавек), але большасць падпісчыкаў прысутнічаюць там намінальна, не праяўляючы ўвогуле ніякай актыўнасці ці задаючы нейкае пытанне раз на год. Цяпер яны ўсе пад пагрозай — пры цяперашняй правапрымяняльнай практыцы іх дзейнасць падпадае пад ч. 3 арт. 361‑1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). А гэта да 4 гадоў хіміі ці ад 2 да 6 гадоў калоніі.
КДБ (наўмысна ці незнарок) ускладніў сітуацыю.
Па-першае, калі адкрываеш табліцу экстрэмісцкіх фармаванняў, то там у адпаведнай ячэйцы няма пераліку канкрэтных забароненых тэлеграм-чатаў, толькі ID гэтых чатаў. Напрыклад, «тэлеграм-чат ID 542733250» без аніякай назвы. Адпаведна, удзельнік чата нават не можа зразумець, ці ён у забароненай суполцы, бо ID чата даступны толькі адміністратару.
Па-другое, табліца зроблена так крыва, што там спачатку адлюстроўваецца толькі спіс ID забароненых тэлеграм-чатаў. А калі націснуць на ячэйку, то паказваецца яшчэ спіс забароненых вайбер-чатаў і суполак «Укантакце». Для звычайнага чалавека невідавочна, што гэты спіс можа раскрывацца.


У выніку адміністратары адмаўляюцца выдаляць свае групы і абвінавачваюць у паніцы тых, хто папярэджвае пра небяспеку.
«Паважаная адміністрацыя. Заблакуйце гэтага чалавека, хай не наводзіць страх. Мы і так усе на нервах»», — піша адна жанчына. «Тут у групе людзі пытаюцца, што і як перадаваць, а вы ўсё ніяк не супакоіцеся!» — дадае другая.
«Хтосьці штосьці дрэннае пісаў? Да чагосьці заклікаў? Што за ўкід інфармацыі ідзе? Навошта людзей бударажыць? Не наводзьце паніку, мы ўсе сумленныя і нармальныя людзі», — працягвае трэцяя, перакананая, што адбылася нейкая памылка.
Некалькі суполак — напрыклад, вайбер-чат жаночай калоніі ў Гомелі ўжо выдаленыя, але ў астатніх працягваецца жывое абмеркаванне.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Нібыта удзельнікі іншых "экстрэмісцкіх фармаванняў" ненармальныя і несумленныя