«З часам я здорава накачаў ногі, скінуў 17 кг». Беларусы расказалі, як працуюць кур'ерамі ў Польшчы
«Кур’ер — гэта праца толькі на час, надоўга я б яе не разглядаў, — прызнаўся адзін з суразмоўцаў выдання «Салідарнасць». Тым не менш і ён, і астатнія казалі не толькі пра мінусы, але і пра плюсы працы кур’ерам. Усе героі апынуліся ў эміграцыі вымушана, імёны ўсіх змененыя ў мэтах бяспекі.

«Самыя дарагія заказы былі ў маразы, а таксама на ўсе зімовыя святы»
Андрэю 42 гады. У эміграцыі доўгі час працаваў на будоўлі. Апошнія паўгода працуе кур’ерам.
— Спачатку кур’ерства было ў мяне як падпрацоўка. Я браў заказы, калі было зручна па дарозе на працу ці з працы, або калі падвозіў жонку. Гэтага хапала, каб кампенсаваць выдаткі на бензін і амартызацыю машыны. Зараз у мяне перыяд, калі мяняю профіль, здаю экзамены, каб перайсці на іншую працу.
Таму з лістапада мінулага года працую толькі кур’ерам з Uber і Glovo. Працую па 12 гадзін на дзень. За гэты час паспяваю даставіць у сярэднім па 20 заказаў, але бывае і 25.
Зручна тое, што сам вырашаеш, браць заказ ці не. У кожнай дастаўкі кошт розны. Ці мае значэнне цана самога заказа, я не ведаю, бо нам паведамляюць толькі тое, на колькі ацэненая дастаўка.
Вядома, больш плацяць за далёкую паездку і за дастаўку ў гадзіны пік. Адбіваюцца на аплаце і ўмовы надвор'я. Самыя дарагія заказы былі ў маразы, а таксама на ўсе зімовыя святы. Да таго ж у гэты перыяд амаль не было дастаўшчыкаў на роварах, то-бок нам на машынах даставаліся ўсе заказы. Са снежня і да пачатку посту ў мяне быў добры заробак, нават з улікам выдаткаў на паліва і амартызацыю аўтамабіля.
Разлік я атрымліваю кожны тыдзень. І два месяцы пасля ўсіх вылічэнняў мне заставалася прыкладна 500 еўра на тыдзень, а 2 тысячы еўра — гэта наогул неблагі заробак у Польшчы.
Перад Вялікаднем, з пачаткам посту, мае заробкі рэзка паменшыліся, колькасць заказаў зусім упала. Калі раней яны ішлі бесперапынна і даводзілася выбіраць больш выгадныя, а ад некаторых адмаўляцца, то падчас посту быў прыкладна адзін заказ на паўгадзіны. І той мог каштаваць 10 злотых, з якіх 5 пойдзе на аплату паліва і амартызацыю машыны. То-бок за гадзіну можна было зарабіць пару еўра, у той час як зімой у мяне выходзіла ад 6 да 15 еўра.
Дастаўляю я ў асноўным гатовую ежу і зусім трохі прадуктаў з крам. Палова заказаў прыпадае на KFC і Макдональдс, за імі ідуць усякія кебабныя, і толькі працэнтаў з дзесяць — гэта не стрытфуд, а заказы з розных рэстаранаў.
Параўноўваў свае магчымасці з магчымасцямі дастаўшчыкаў на роварах. З аднаго боку, у іх няма выдаткаў на паліва, але, з другога, далёка не кожны паедзе на адлегласць большую за 10 км.
Паколькі мала заказаў, зараз ёсць час пасядзець павучыць мову, пачытаць штосьці. Але наогул я спадзяюся ўсё ж такі неўзабаве здаць экзамены і перайсці на іншую працу са стабільнай аплатай.
«За дзень я наязджаў каля 50 км. А за ўсе два гады праехаў 5‑6 тысяч кіламетраў»
Вячаславу 26 гадоў. Пасля двух гадоў працы велакур’ерам ён уладкаваўся на іншую працу.
— Да гэтага ў Беларусі некалькі гадоў працаваў у офісе. Перасеўшы на ровар, розніцу адчуў адразу. Пастаянна на свежым паветры, шмат фізічнай нагрузкі, змена лакацый перад вачыма — як жартуюць кур’еры, ідэальная праца для чалавека з СДУГ.
Спачатку ў мяне нават ровара свайго не было, пазычыў у сваяка. Спампаваў дадатак, скінуў дакументы — і на працягу двух дзён мяне зарэгістравалі і даслалі гэты вялікі заплечнік, з якім ездзяць усе дастаўшчыкі, трымальнік для тэлефона з мацаваннем на руль і паўэрбанк. Апошні быў дрэнным, і я купляў свой.
Год працаваў на кампанію Glovo, пакуль яны адчувальна не ўрэзалі каэфіцыенты аплаты. Пасля перайшоў у іншую кампанію.
Добры каэфіцыент заўсёды ў дрэннае надвор’е, тады можна зарабіць у 2 разы больш. За дзень я паспяваў рабіць 18‑20 заказаў. Часам кампанія прапаноўвала бонусы за кожныя пяць заказаў звыш 20. Думаеш, вось ужо два адвёз, яшчэ парачку — і атрымаеш больш грошай. Але сваімі нагамі, без электрыкі, значыць, на звычайным веласіпедзе, столькі зрабіць няпроста.
Большасць кур’ераў ездзяць на электрароварах. Я толькі раз на такім паспрабаваў. Але аказалася, на ім выгадна, калі ён свой. Плаціць за арэнду па 200 і больш злотых (50 еўра) на тыдзень нявыгадна. А купіць можа далёка не кожны, бо кошт электраровара параўнальны з малалітражнай машынай — ад тысячы еўра.
— Кур’ер на машыне заўважыў, што раварыстам не трэба аплачваць паліва і стаяць у корках.
— Гэта, безумоўна, перавага. На ровары няма затораў. Яшчэ ты можаш дастаўляць заказы ў гістарычныя месцы і Стары горад, куды машыны звычайна не пускаюць.
Паліва не трэба, затое ёсць амартызацыя. Ровары часта псуюцца, і цэннік на рамонт вельмі высокі. Напрыклад, у мяне парваўся тармазны трос, і механік узяў амаль 60 еўра. Ён нацягнуў трос і памяняў тармазныя калодкі, хоць я яго пра гэта не прасіў.
Часта прабіваюцца колы, бо хутка сціраецца пратэктар. Калі мяняеш толькі камеру — гэта 70 злотых (17 еўра), разам з колам — 150 злотых (36 еўра).
— Вы сказалі, што ў дрэннае надвор’е можна больш зарабіць, але як гэта — ездзіць пад дажджом ці ў мароз?
— У дождж прамакаеш да ніткі. Ніякія спецыяльныя касцюмы не дапамагаюць. Усю вопратку пасля такога працоўнага дня можна выкручваць. Неяк у дождж я наогул паслізнуўся на трамвайных рэйках і ўпаў. На шчасце, гэта была мая адзіная аварыя за два гады.
Бачыў велакур’ераў, якія працуюць круглы год. Але насамрэч ужо пры тэмпературы —2 даволі складана ездзіць. Сам моцна ахутваўся, надзяваў балаклаву, пальчаткі, некалькі пар штаноў. Пры вялікіх маразах асабіста я не мог ездзіць, проста фізічна не вытрымліваў на ровары больш за дзве-тры гадзіны. Мне шкада тых людзей, якія вымушаныя ездзіць у любое надвор’е.
— Як можна на ровары давезці напоі?
— Трэба налаўчыцца правільна ўкладваць тое, што можа разліцца, абавязкова падстаўляць апору з усіх бакоў. У Старым горадзе па брукаванцы ездзіў стоячы, а на некаторых участках наогул злазіў з ровара.
Але ўсё адно перыядычна нешта разліваў. Самае жахлівае — кардонныя кубачкі з Макдональдса. У астатніх рэстаранаў хуткага харчавання былі бляшаныя кубкі для перавозкі напояў. Кліенты заўсёды ставіліся з разуменнем, ім, як правіла, вярталі грошы. Пры гэтым з мяне нічога не вылічвалі.
— Колькі можа зарабіць велакур’ер?
— Першы час я працаваў па 7‑8 гадзін на дзень, потым зразумеў, што мне не хапае грошай, і стаў працаваць па 10‑12 гадзін. Некаторыя, ведаю, працавалі і па 14 гадзін без выхадных.
Я ўсё ж такі пакідаў сабе пару выхадных. У мяне выходзіла 800‑1000 злотых (190‑240 еўра) на тыдзень, некалькі разоў было па 1400 злотых (335 еўра). Чаявыя кур’ерам даюць не часта, праўда, адзін раз мне хацелі даць аж 100 злотых (24 еўра) на чай, але я адмовіўся, бо гэта вельмі шмат. Калі давалі 10‑20 злотых (да 5 еўра), браў. За месяц у сярэднім у мяне атрымлівалася зарабляць 1000 еўра.
— Колькі кіламетраў можна наездзіць, развозячы заказы?
— За дзень я наязджаў каля 50 км. А за ўсе два гады праехаў 5‑6 тысяч кіламетраў.
— Але вы ж не велагоншчык. Як адаптаваліся?
— Першыя дні было сапраўднае пекла, ног не адчуваў, было моцнае фізічнае знясіленне, задышка. Пастаянна даводзілася падымацца па сходах у старых дамах без ліфта ў цэнтры горада.
Спачатку не мог адпрацаваць без перапынку нават працоўны тыдзень, аднаўляўся хаця б паўдня, а то і дзень. Але з часам такія трэніроўкі пайшлі мне на карысць: я добра накачаў ногі, скінуў 17 кг, развіў дыханне і стаў дыхаць свабодна. Наогул, стаў пачувацца значна лепш, у мяне проста настрой падымаўся і ад фізічнай нагрузкі, і ад таго, што бачыў вакол.
Можна сказаць, навучыўся атрымліваць асалоду ад моманту — едзеш, слухаеш музыку. Інфраструктура для велаязды ў Польшчы цудоўная. Плюс такой працы яшчэ ў тым, што сам можаш рэгуляваць сабе графік. Аднак заробак усё ж такі маленькі для Польшчы. Таму з часам я здаў на правы і перасеў на мікрааўтобус. Але ровар у мяне застаўся і, калі раней я ніколі не катаўся проста так для задавальнення, то цяпер вельмі люблю. Не думаў, што язда на ровары так уплывае на ўвесь арганізм, і на фізічнае самаадчуванне, і на маральны стан.
«Кожны дзень нашу ровары і корму для жывёл па 30 кг»
Аляксею 23 гады. Апошнія паўгода ён працуе кур’ерам у міжнароднай службе экспрэс-дастаўкі DPD.
— Я развожу пасылкі. Для гэтага мне выдалі машыну, на якой я магу ездзіць і дадому. Бензін і абслугоўванне машыны за кошт кампаніі, а мае асабістыя паездкі абыходзяцца з 50%-й зніжкай. Я палічыў, што так у любым выпадку танней, чым ездзіць на сваёй машыне.
Пасылак вельмі шмат. У сярэднім за звычайны сямігадзінны дзень я дастаўляю па 120 пасылак. А 5:30 загружаю іх на складзе і вязу ў выдзелены мне раён. За кожнага адрасата плацяць па 2 злотых. То-бок завёз 10 пасылак у дзесяць кватэр у адным пад’ездзе, і за кожную налічаць аплату.
Здаецца, што капейкі, але ёсць шмат розных надбавак: там, за габарыты плацяць у два разы больш, за вагу больш за 32 кг — у тры разы больш. У месяц у мяне выходзіць не менш за 5 тысяч злотых (каля 1200 еўра).
Перад Калядамі было і па 160 пасылак. У такія дні працуеш больш, але і заробак вышэйшы. Звычайна працую 5 дзён на тыдзень, але калі хачу зарабіць крыху больш, магу выйсці ў суботу. У выхадныя налічваюць большы каэфіцыент, напрыклад, у мінулую суботу я працаваў усяго 4,5 гадзіны і зарабіў больш за 100 еўра дадаткова.
— Што перасылаюць палякі?
— Пасылкі адпавядаюць пары года. Да зімовага сезону заказваюць зімовыя шыны, увесь зімовы інвентар: лыжы, касцюмы і г.д. Зараз вясна, значыць, заказваюць ровары, летнія шыны, дачны інвентар. Корм для жывёл заказваюць круглы год. І гэта адная з самых цяжкіх пасылак.
Палякі традыцыйна заказваюць шмат адзення, нават мэблю — паліцы, шафы, малагабарытныя халадзільнікі, быў тэрмабойлер. Тут шмат прыватнага дробнага бізнэсу, усе гэтыя крамкі заказваюць поштай сабе тавары.
З незвычайнага: адзін пастаянны кліент у маім раёне кожны тыдзень замаўляе палатно, а ў канцы тыдня адпраўляе гатовыя карціны. Яшчэ ў маім раёне ёсць крама крафтавага піва і ўсялякай рыбкі да яго, якую таксама гатуюць самі. Вось гэтую рыбу ўвесь час адпраўляюць па ўсёй Польшчы.
— Як падняць халадзільнік, нават малагабарытны?
— Калі пасылка важыць больш за 32 кг, я не абавязаны яе нават з машыны даставаць. Каб данесці цяжкія пасылкі да 32 кг, у мяне ёсць жалезная тачка. Але, бывала, прасіў пра дапамогу заказчыка, калі тавар нязручна ці немагчыма несці аднаму.
— Як ацэньваеце сваю фізічную форму?
— О, я моцна пракачаўся, нават самому падабаецца. Таму што кожны дзень нашу ровары, корм для жывёл па 30 кг. Прычым спачатку ўсе гэтыя скрыні я загружаю на складзе, а потым выгружаю і нясу кліентам.
— Ці ёсць у вашай службе жанчыны?
— Няшмат, але ў іх абмежаванні на пасылкі да 5 кг. Жанчыны могуць абслугоўваць некалькі раёнаў, але развозяць толькі маленькія пасылкі. Таксама яны працуюць на пачкаматах.
У іншай кампаніі і я працаваў з пачкаматамі. Гэта прасцей, бо і мова не патрэбная, і габарыты меншыя. Праз пачкамат можна адпраўляць пасылкі да 15 кг. Затое, працуючы з кліентамі, я добра падвучыў мову. Здавалася б, набор слоў аднолькавы, але з часам з’яўляюцца пастаянныя заказчыкі, з якімі бачымся рэгулярна, паступова знаёмішся і пачынаеш абменьвацца інфармацыяй.
— На што хапае заробку?
— Я здымаю кватэру з сябрам напалову. Прыкладна 1000 злотых (240 еўра) у мяне ідзе на харчаванне. І яшчэ я заўсёды штосьці адкладаю, бо грошы застаюцца.
Беларускія абрады, арнаменты і беларуская мова паўсюль. Як нашчадак перасяленцаў зрабіў сяло каля Байкала зноў беларускім, і чаму гэта можа хутка скончыцца
Каментары
Но дома пол таблетки аспирина от живота, а пол от головы. И это в лучшем случае.