«Русафобы кончаныя, вам не сорамна?» Беларускі брэнд хацеў прадаць расіянам у эміграцыі антываенныя футболкі — і вось што атрымалася
Беларускі брэнд адзення Znivien, які працуе з палітычна афарбаванымі, а часам і правакацыйнымі прынтамі, вырашыў правесці эксперымент і паспрабаваць прадаць свой антываенны мерч рускамоўнай эмігранцкай аўдыторыі.

«Ідэя здавалася звышлагічнай»
Брэнд Znivien запусцілі ў 2021 годзе. Дызайнер Уладзімір Маляўка тады яшчэ жыў у Беларусі — ён звязаўся са сваім сябрам Паўлам Дзеркачом у Польшчы, каб той пачаў вырабляць цішоткі. Назвай брэнда абралі месяц, які «для шматлікіх беларусаў стаў кропкай адліку».
Адзін з самых вядомых іх прынтаў — «Супрацьтанкавы х*й»: слова, складзенае з супрацьтанкавых «вожыкаў», якое счытваецца як выразнае антываеннае выказванне. І гэты прынт брэнд вырашыў прапанаваць не толькі беларусам, але і расіянам.
«Наіўная, але лагічная ідэя была ў тым, што ў свеце ёсць вялікая колькасць расіян або рускіх, якія як мінімум не падтрымліваюць вайну і таму з’ехалі ў іншыя краіны. У мяне самога шмат знаёмых рускіх, якія за Украіну і не жывуць у Расіі», — кажа «Нашай Ніве» заснавальнік Znivien Уладзімір Маляўка.
Далей — ужо чысты бізнэс-разлік:
«Другая ідэя была ўжо чыста прадпрымальніцкая, бізнэсавая: калі іх шмат, можна чакаць пэўную канверсію ў продажы. Тым больш што мы ўжо папрацавалі з гэтым прынтам з адным з прадстаўнікоў рускай апазіцыйнай эміграцыі — акцёрам Аляксеем Паніным. Ён імгненна адгукнуўся, выкладваў фота ў нашай майцы».

У выніку, як кажа Маляўка, «ідэя паспрабаваць папрацаваць на новую аўдыторыю здавалася звышлагічнай».
Каманда сабрала базу ў 50‑60 фэйсбук-груп кшталту «Русские в Америке», «Наши в Мексике», «Наши во Франции» і пайшла ў масавую рассылку.
Тэкст быў просты:
«Гэта не проста футболка, гэта моцнае антываеннае выказванне. «Супрацьтанкавы х*й» — для тых, хто не хоча маўчаць».

Разлік быў просты: калі мэсэдж універсальны, ён павінен «зайсці». І вось тут пачалося самае цікавае.
«А супраць якой вайны?»
Рэакцыя аўдыторыі аказалася халоднай і агрэсіўна-скептычнай.
«А каму гэты супрацьтанкавы х*й адрасаваны? У чым яго пасыл?»

«Пахне не антываеннай тэматыкай, а антырускай або русафобскай… Аўтар хіба хоча, каб рускі, які набудзе гэтую футболку, насіў на сабе слова «х*й», думаючы, што гэта супраць вайны. Русафобы кончаныя, не сорамна?»

«Рэклама павінна быць зразумелая. Калі не — навошта гэта ўвогуле было?»

«Прапаганда вайны! Вы хочаце працягваць вайну?»

«Выглядае як імя ўладальніка футболкі».

«На жаль, амерыканцы не змогуць прачытаць гэтую кірыліцу — і гэта іх не спыніць бамбіць іншыя краіны».
«А супраць якой вайны?», — пісалі абураныя карыстальнікі ў каментарах.

«Я ніколі не бачыў столькі негатыву»
Сам Уладзімір Маляўка не хавае: маштаб рэакцыі яго здзівіў. Пры гэтым ён адзначае: людзей трыгерыла не толькі форма (слова «х*й»), але і сам пасыл.
«Я рэаліст: не ўсім павінен падабацца дызайн. Нельга чакаць, што людзям, якія ніколі не чулі пра Znivien, раптам адразу спадабаецца прынт, які называецца «Супрацьтанкавы х*й», дзе па сутнасці ў вас на грудзях, на майцы, напісана слова Х*Й, толькі складзенае з супрацьтанкавых вожыкаў.
Рэакцыя была і на само паведамленне, кагосьці трыгерыў звыклы для рускага вуха выраз Х*Й, кагосьці закранула, што ён нібыта павінен насіць гэтыя тры літары на грудзях.
За ўвесь мой досвед такіх халодных рассылак я нідзе не атрымліваў столькі негатыўных каментароў, як менавіта сярод рускага кам’юніці. Так што тут ёсць пра што задумацца», — кажа Уладзімір Маляўка.
І іранічна дадае:
«Ёсць тры рэчы, на якія можна глядзець бясконца: як гарыць агонь, як цячэ вада і як рускія, што з’ехалі далёка ад радзімы, любяць Расію і Пуціна. Рэакцыя вельмі паказальная. Калі паскрэбці — там нейкая «Вялікая Расія», дзе рускія — гэта канец і пачатак усяго чалавецтва».
Пры гэтым ён падкрэслівае: рабіць высновы пра ўсіх па фэйсбук-групах — памылка.
«Вядома, працэнт адэкватнасці ў гэтых фэйсбучных групах набліжаецца да адзінкі, і не варта па гэтым эксперыменце меркаваць пра ўсіх людзей у эміграцыі.
Але можна сказаць адназначна: у беларусаў і рускіх розны культурны бэкграўнд, розны кантэкст пераезду, ад’езду і асэнсавання сябе ў гэтым свеце. Добрыя рускія ёсць, яны як труфелі — дзесьці глыбока і не высоўваюцца», — кажа Уладзімір Маляўка.
Раней Znivien ужо спрабаваў выйсці на іншую аўдыторыю — украінскую:
«Два ці тры гады таму мы вырашылі, што можна паспрабаваць папрацаваць і на ўкраінскую аўдыторыю: адаптавалі прынты «Мой Родны Кут», пераклалі іх на ўкраінскую мову і пачалі рабіць з украінскімі гарадамі.
Але важна разумець: канкурэнцыю ніхто не адмяняў, нават у эміграцыі. Ты канкурыруеш не толькі з майкамі на ўкраінскую тэматыку, ты ўвогуле мусіш даказаць чалавеку, што ён павінен купіць менавіта нашу майку, а не любую іншую ў інтэрнэце».
У выніку брэнд фіксуе: нават калі людзі жывуць у адной эміграцыі — гэта не робіць іх «адной аўдыторыяй».
«Ёсць і больш складаны момант. Я называю гэта кантэкстам эміграцыі. Мы ўжо разумеем, што важна нам, беларусам, якія пункты выклікаюць у нас водгук і эмоцыю. Але гэта не працуе з украінскай аўдыторыяй проста таму, што прычына ад’езду з краіны зусім іншая, і настальгія па роднай зямлі таксама іншая. Ім важнае адно, нам іншае», — разважае Уладзімір Маляўка.
Тым не менш брэнд не пакідае ідэі дагрукацца да расіян у эміграцыі:
«Мы бізнэс, нам трэба заўсёды шукаць напрамкі і магчымасці ў нейкіх дазволеных рамках. Напрыклад, у Варшаве будзе фестываль, дзе разам з рускімі, якія з'ехалі ад вайны, будуць выступаць нашы беларускія зоркі. Як мінімум з гэтымі рускімі, хто будзе на сцэне, трэба папрацаваць.
Я разумею, што шмат хто бачыць нейкую здраду ці яшчэ што, калі каля чагосьці беларускага ўзнікае «добрае рускае», але не трэба панікаваць».
«Гэта не правал»
Нягледзячы на адсутнасць продажаў, Уладзімір Маляўка не лічыць гісторыю няўдачай.
«Аналіз — гэта адзін са складнікаў маркетынгу, таму будзем лічыць, што гіпотэза адпрацаваная, а час патрачаны не дарэмна. З любой сітуацыі трэба выціскаць максімум. Глядзіце, я атрымаў нават больш: пасты набралі вагу, з’явілася куча каментароў, пост выклікаў цікавасць у СМІ. Дзякуючы «добрым рускім» пра нас даведалася яшчэ больш выдатных беларусаў і беларусак — той самай нашай аўдыторыі. Хіба гэта дрэнна? Наадварот, гэта выдатны вынік», — адзначае Уладзімір Маляўка.
І дадае: эксперыменты і далей будуць працягвацца:
«Іх яшчэ шмат. Напрыклад, мы адпраўлялі майку Івану Дорну, а ён яе не забраў з пошты.
Напрыканцы звяртаюся да чытачоў: не бойцеся эксперыментаваць, як мінімум будзе што расказаць людзям».
Беларускія абрады, арнаменты і беларуская мова паўсюль. Як нашчадак перасяленцаў зрабіў сяло каля Байкала зноў беларускім, і чаму гэта можа хутка скончыцца
Каментары
Болей кончаных людзей не знайшоў?
Чуеце розніцу?