Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца
Як адна зніжка на піцу выклікала спрэчку пра спажывецкі тэрарызм.

Гісторыя, якая пачалася з паездкі ў кавярню «Гараж», хутка ператварылася ў дыскусію пра чалавечны сэрвіс і «спажывецкі тэрарызм».
Дзяўчына апісала сітуацыю ў Трэдс: яны з мужам загадзя замовілі ежу навынас у кафэ «Гараж», каб не чакаць з грудным дзіцём у зале.
«Загадзя аформілі заказ, каб хутчэй усё было гатова, бо не елі цэлы дзень. Сын заснуў па дарозе, таму заказалі самавываз. Але як толькі мы спыніліся, ён прачнуўся, і было вырашана пайсці ў кавярню. Прыйшлі — у зале было занята ўсяго чатыры сталы. Мы выбралі самы аддалены стол, каб не перашкаджаць з дзіцём. Разабраліся, выбіраем дадаткова стравы да таго, што ўжо замовілі. Мы гатовыя зрабіць заказ, а нам адказваюць, што ў нас ёсць ежа, якую трэба вынесці», — апісвае дзяўчына.
На сайце і ў рэкламе «Гаража» сапраўды пазначана: пры замове «з сабой» дзейнічае зніжка 20%. Гэта стандартная практыка, каб стымуляваць самавываз і разгружаць залу. Але ў правілах няма выразнага тлумачэння, што рабіць у сітуацыі, калі кліент хоча змяніць фармат ужо на месцы.
«Мы прапанавалі аплаціць поўнасцю, таму што былі вельмі галодныя і хацелі хутчэй паесці, але нам аргументавалі, што нельга. Мы не разумеем, што нам рабіць у такой сітуацыі. Мы галодныя, але «вы можаце выпіць чай і з’есці тое, што замовіце асобна».
Я не разумею, чаму так атрымалася, у зале людзей зусім мала, мы нікому не перашкаджалі, здарыўся форс-мажор. Стала жудасна непрыемна. Мы забралі ежу і паехалі дадому.
На мой погляд, можна было пайсці насустрач як выключэнне. Мы ж загадзя ўсё абдумалі і з дзіцем не планавалі там есці, калі б дзіця спала. Шкада часу і грошай», — піша яна.
«Гэта пра правілы ці пра людзей?»
У каментарыях пад пастом хутка сфармаваліся два лагеры.
Адны лічаць: установа магла пайсці насустрач.
«Госпадзі, якія ўсе злыя! Калі залы пустыя — у чым праблема накарміць людзей са зніжкай? Якасць сэрвісу ў Беларусі — нуль».
«Калі кліенты былі гатовыя даплаціць, можна было адмяніць заказ і зрабіць новы. Кліентаарыентаванасць — гэта пра гнуткасць», — пішуць карыстальнікі.
Іншыя ж нагадваюць: зніжка на самавываз — гэта абавязковая ўмова.
«На самавываз -20%. Лагічна, што вам не дазволілі есці ўнутры», — адзначае адзін з каментатараў.
«Сам спрабаваў гэта. Вырашыў замовіць сняданак праз дадатак, каб хутчэй усё было гатова. Там няма опцыі есці на месцы — толькі самавываз. Мне не дазволілі есці ўнутры — прыйшлося забіраць», — распавядае пра свой досвед іншы карыстальнік.
«Павінна было быць: можна было ўвайсці ў становішча, адмяніць зніжку і даць вам паесці. Тут пагаджуся. Але чаму вы не пазначылі ў пасце, што на самавываз 20% зніжка? Гэта ўсё мяняе карціну. Без гэтай дэталі выглядае скажона», — адзначаюць у каментарах.
«Ваша «праблема» вырашаецца на месцы за 2 хвіліны. Дадаць працэнт за абслугоўванне, калі ёсць. Калі на вынас была зніжка — яе прыбраць. Калі сістэма не дазваляе — паклікаць менеджара», — дадаюць каментатары.
«Ну лагічна, у «Гаражы» на самавываз зніжка 20%.
Як варыянт — праз падтрымку змяніць заказ у праграме і даплаціць. Ці адмяніць яго і зрабіць новы ў зале», — пішуць у каментарах.
«Спажывецкі тэрарызм» ці нармальны запыт?
Частка карыстальнікаў абвінаваціла аўтарку ў спробе схітраваць: атрымаць зніжку як на самавываз і пры гэтым скарыстацца залай.
«Гэта называецца спажывецкі тэрарызм», — напісаў адзін з каментатараў.

«Хутчэй за ўсё, вы проста вырашылі схітраваць — вы ж госці, у чым тут форс-мажор?» — пішуць у каментарах.
Іншыя пайшлі далей: маўляў, такія гісторыі — гэта ціск на бізнэс праз сацсеткі.
З іншага боку, ёсць і супрацьлеглы аргумент: людзі не заўсёды думаюць пра «схемы», часам гэта проста жыццёвая сітуацыя — дарога, дзіця, стомленасць.
Афіцыйны адказ «Гаража»
Сам «Гараж» адрэагаваў у каментарыях даволі хутка.
«Мы шкадуем, што вы апынуліся ў такой сітуацыі і пастараемся максімальна аператыўна разабрацца ў тым, што адбылося. Напісалі вам у асабістыя паведамленні для ўдакладнення дэталяў», — напісалі яны.
Затым у асобным каментары прызналі, што супрацоўніца дзейнічала паводле інструкцыі, але не прайшла «лакмус на чалавечнасць».
«Хацелі б пракаментаваць сітуацыю. Так, у нас сапраўды ёсць абмежаванне для заказаў «з сабой», і як аказалася, жыццёвыя сітуацыі могуць парушаць любыя правілы. Абавязкова дапрацуем скрыпты для каманды, каб у пагоні за стандартамі не гублялася галоўнае — чалавечнасць і цёплае стаўленне да гасцей.
Дзяўчына, якая размясціла пост, дапамагла ўбачыць, дзе сістэма дала збой», — адказалі ў кавярні.

І тут каментатары падзяліліся на два лагеры.
«Якія вы малайцы! Выдатны адказ», «Вы малайцы, але яна не мае рацыю» — пішуць адныя.
«Я супраць такой пазіцыі. Хопіць ужо саступаць», «Калі ўстанова пачне абараняць свае правілы? Узялі самавываз па акцыі — ежце за межамі. Хочаце тут — плаціце. Але сумленне майце. Крыўдна за супрацоўнікаў», — напісалі іншыя.
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары
• АБШЧАПІТ І ВЫГАНЯЕ •
🍗 І шо, нельга завітваць у дарагія рэстарацыі са сваімі ножкамі Буша? Ды й протчай ежай, загорнутай, напрыклад, у парцяначку?! Зь якой пацягне таксама водарам цыбулі й толькі што найгучна — каб аж з рэхам па залі — разьбітага яйка аб тамтэйшы стол. А калі падбяжыць вышкалены й камічны ў сваей элегантнасьці афіцыянт з патаньнем: «Чаго жадаеце-с?», то нельга адказаць яму: «Ды пастаўце вы нармалёвую музыку, а то есьці пад вашую шарманку неяк нязручна»?
🌮 У «арцікуле» ж зусім апісаны нейкі дзікі-найдзікунскі выпадак, каб нельга было згáмаць за іхнім сталком нават набытае ў іх саміх. Падобна, зусім ужо знахабіўся наш пэўны «абшчапіт»!
.