У дзіцячым харчаванні аднаго з еўрапейскіх вытворцаў знайшлі пацучыную атруту
У Аўстрыі выявілі небяспечны выпадак з дзіцячым харчаваннем: у адным са слоікаў прадукцыі кампаніі Hipp знайшлі пацучыную атруту, піша Euronews.

Заражаны слоік выявілі ў ходзе праверкі і адклікання прадукцыі з крам сеткі Spar. Ёсць падазрэнні, што гаворка ідзе не пра вытворчую памылку, а пра наўмыснае ўмяшанне — магчыма, спробу шантажу вытворцы.
Кампанія паведаміла, што перадала справу ў праваахоўныя органы і пакуль не дае дадатковых каментароў. Пры гэтым падкрэсліваецца, што ўжыванне падробленай прадукцыі можа быць небяспечным для жыцця.
Расследаванне праводзіцца ў Аўстрыі, але падобныя падазроныя слоічкі таксама выявілі ў Германіі, Чэхіі і Славакіі. Першыя аналізы пацвердзілі наяўнасць таксічнага рэчыва. Адзначаецца, што такія слоічкі могуць мець незвычайны або непрыемны пах.
Улады заклікаюць людзей быць уважлівымі: звяртаць увагу на пашкоджаныя або ўжо адкрытыя ўпакоўкі, адсутнасць характэрнага гуку пры адкрыцці і падазроныя знакі на дне слоіка — белыя наклейкі з чырвоным кругам. Такія прадукты ўжываць нельга.
Сімптомы атручвання могуць з’явіцца не адразу — праз некалькі дзён. Сярод іх — крывацёкі, слабасць і бледнасць. Пры падазрэнні на атручванне неабходна тэрмінова звярнуцца да доктара.
Каментары