Дырэктарка «Нашай Нівы» і вядучая ТОКу Наста Роўда падзяліліся, што для яе важна ў паўсядзённым жыцці, якія стравы самыя любімыя і што стала найлепшай інвестыцыяй.

«Мне — 31. Прыйшоў час сфармуляваць мае правілы жыцця, — піша Наста Роўда ў фэйсбуку з нагоды свайго дня народзінаў. —
1. Маленькія радасці — гэта не драбяза. З іх, уласна, і складаецца жыццё. Таму калі я штодзень набываю сабе каву ў атмасфернай кавярні ці радую сябе французскім круасанам — я не думаю пра тое, «ці магла б я ўжо назбіраць на палову кватэры, калі б адмовіла сабе ў гэтым». Не думаю і не асуджаю. Гэта мне прыносіць радасць — значыць, гэта таго каштуе.
2. У сваім жыцці я не назбірала ні на адну буйную пакупку — усё спусціла на падарожжы. Цяпер у маім «партфелі» 52 краіны. Самы прыгожы заход сонца я назірала ў Брыджтаўне, на Барбадосе. Самыя неверагодныя краявіды з вішанькай на торце — паўночным ззяннем — у Ісландыі. Самыя смачныя сушы ела на рыбным рынку ў Тайбэй-сіці, Тайвань. Самы незвычайны храм наведвала ў Петры, Іарданія. Самыя шыкоўныя мюзіклы глядзела з шырока расплюшчанымі вачыма ў Лондане (і зразумела, чаму Мікалай Халезін абраў для жыцця і творчасці гэты горад), а па самых атмасферных вулачках гуляла ў Эдынбургу. Вось тут я б засталася пажыць, калі б магла выбіраць. Большую частку краін «партфеля» я наведала яшчэ калі жыла ў Беларусі.
3. Да таго факта, што я рэгулярна спускаю свае накапленні на падарожжы, стаўлюся па-філасофску. Ці хацела б я мець сваё жытло? Хацела б, а як жа. Але затое перад смерцю ў мяне не будзе шкадавання, што я нешта не ўзяла ад гэтага жыцця. Выціснула максімум! У нейкім сэнсе я жыву так, нібыта кожны дзень можа стаць апошнім. І я стараюся, каб у мяне не было ні грама шкадавання.
4. Нягледзячы на ўсю разнастайнасць у маім жыцці, мая любімая ежа — смажаная бульба і бабуліны бліны.
У дзяцінстве я кожнае лета праводзіла некалькі тыдняў у бабулі з дзядулем на Гомельшчыне, пад Лельчыцамі (іх у нас называлі «Ленчычы»). І кожную раніцу ў нас былі бліны з печкі. Тоўстыя, з сантыметр таўшчынёй, шэра-чорна-бежава-жоўтыя (колеру Эдынбурга), кожны ішоў з трыма кавалкамі масла і дробкай солі. Адзін блін — і ты наеты. Гэта самая смачная ежа, якую я каштавала ў жыцці.
Бліны гэтыя былі з рошчыны, мукі і дранай бульбы. Спачатку яны некалькі сутак квасіліся, а потым туды дадаваліся зноў мука, вада, свежая драная бульба, соль і сода — і ў печ на чырвоныя вуглі.
Бабуля з гадоў 6—7 таму перастала іх пячы. Гады жыцця і катаржнай працы на ўласнай зямлі ўзялі сваё. Некалі я сама паспрабавала паставіць блін у печ — ледзь падняла патэльню. Яна ж чыгунная — гэта цяжкая фізічная праца. А дзядуля, з якім мы нарадзіліся ў адзін дзень з розніцай у 59 гадоў, у дзень, які ўвайшоў у гісторыю як дзень Чарнобыля, сышоў сёлета 11 лютага. Яму было 89 гадоў.
5. Чэкапы — гэта важна. Нядаўна схадзіла да тэрапеўткі, здала кроў і выявіла катастрафічны недахоп жалеза. Амаль анемія. Такі ўзровень — гэта перманентная стомленасць, санлівасць, галаўныя болі, «сіндром неспакойных ног», а яшчэ гэта наўпрост уплывае на якасць і колькасць валасоў. Недахоп можна папоўніць вельмі хутка (я так і зрабіла) — якасць жыцця ўзрастае моцна, сілаў более, энергіі штосьці рабіць — таксама.
6. Пакуль што самая ўдалая мая інвестыцыя — лазерная карэкцыя зроку. Летам 2020‑га ў мяне быў зрок −7.75 і −8.25 + астыгматызм. Восенню мне зрабілі карэкцыю, і я зразумела, як шмат у жыцці я ўсяго не бачыла! Моцна шкадавала, што не зрабіла раней, да таго, як аб’ездзіла дзясяткі краін.
7. Трэба ўмець казаць «не». Калі я моцна стамляюся і адчуваю, што прыйшоў час адляжацца на канапе і паглядзець серыял на «Нэтфліксе», то на розныя прапановы я буду казаць, што «выбачайце, не, не маю часу». Таму што час на адпачынак і аднаўленне — гэта таксама справа, якую можна занесці і ў працоўны каляндар. Магчыма, менавіта таму мне яшчэ не даводзілася сутыкацца з выгараннем.
8. Не ўсім патрэбны псіхолаг. Мне не патрэбны. Гэта таксама нармальна. Дарэчы, калісьці на раздарожжы майго жыцця, калі мне было 16 і трэба было абіраць, на каго паступаць, то я абірала паміж тым, каб пайсці ў журналісты ці псіхолагі. Але паколькі біялогія, хімія і фізіка даваліся мне вельмі цяжка, то пайшла ў журналісты.
9. Пра што шкадую? Пра тое, што не вывучыла ангельскую яшчэ ў школе, калі заняткаў было пяць гадзін на тыдзень, а плёну ад іх — каля нуля. І што ўспрымала вывучэнне гісторыі як бясконцае завучванне датаў і цэлых параграфаў, якія ніяк не хацелі запамінацца. Цяпер часу на закрыццё прабелаў у ведах мала, а дзірак вельмі шмат.
10. Часу ніколі не будзе хапаць на ўсё. Ніколі. Трэба выбіраць. У свае 31 я прыйшла да гармоніі ў жыццёвым рытме — да таго самага запаветнага «ворк-лайф бэланс». Чаго і вам усім ад усяго свайго сэрцайка жадаю!»
Калі хочаце павіншаваць Насту Роўду, то можна заданаціць на ТОК, які яна вядзе, альбо, калі жывяце ў Літве ці Польшчы, пералічыце працэнт ад вашых падаткаў на «Нашу Ніву».
Каментары
Выглядае як нейкая апісанне на Тінданр-Інстаграме.
[Зрэдагавана]