Працяг гісторыі з чатырохгадовай дзяўчынкай з Гродна, якая згубілася. Усіх дзяцей забралі з сям'і
Дзяцей змясцілі ў бальніцу.

Гучная гісторыя пра 4‑гадовую дзяўчынку, якая ў суботу раніцай пайшла гуляць адна і згубілася, атрымала працяг. Дзяцей забралі з сям’і і змясцілі ў бальніцу, паведамляе Newgrodno.by са спасылкай на тэлеканал «Гродна плюс».
Нагадаем, у суботу, 25 красавіка, адзінокае малое заўважылі мінакі каля дома №129 па вуліцы Дзяржынскага ў абласным цэнтры. Дзяўчынка ведала толькі сваё і імя мамы — ні прозвішча, ні адрас пражывання. Праз некаторы час маці знайшлі. Дарэчы, у міліцыю пра знікненне дзіцяці яна не паведамляла. Яна пашукала дачку на вуліцы, але вярнулася дахаты. Пазней яна распавяла, што дзяўчынка сама выйшла з дому раніцай, бо дзверы былі не замкнёныя. Прычыну свайго бяздзеяння міліцыі жанчына растлумачыць не змагла.
Усяго ў яе трое дзяцей: 1,5 года, 4 гады і 7 гадоў. У выніку разбору высветліліся дадатковыя абставіны, якія не дазволілі непаўналетнім заставацца дома. Маці дзяўчынкі зацікавілася апека.
— Адна з прычын забрання з сям'і — неналежны кантроль за месцазнаходжаннем малалетняга дзіцяці. Таксама ўстаноўлена, што існуюць неналежныя санітарныя ўмовы для пражывання непаўналетніх дзяцей, у сувязі з чым было прынята рашэнне змясціць дзяцей у інфекцыйную бальніцу.
У інфекцыйнай бальніцы яны могуць знаходзіцца да месяца, і за гэты час маці павінна выправіць усе заўвагі, каб вярнуць дзяцей назад. Калі яна не выправіць гэтыя парушэнні, дзеці будуць перададзены на дзяржаўнае забеспячэнне Рэспублікі Беларусь, і ўжо дзяржава будзе клапаціцца пра іх далейшы лёс, паведаміў намеснік начальніка па справах непаўналетніх Ленінскага РАУС Гродна Павел Навакольскі.
У гэтай сітуацыі пытанне аб накладанні на яе нейкіх спагнанняў або штрафаў не стаіць.
Каментары