Грамадзянін Беларусі адсядзеў у Расіі 12 гадоў за забойства. А калі сталі яго дэпартаваць, аказалася, што ён не грамадзянін Беларусі
Мулявічус аказаўся літоўцам, але заплаціць консульскі збор за аднаўленне дакументаў не можа праз санкцыі.

У Расіі больш за год трымалі за кратамі ў цэнтры дэпартацыі мужчыну, які разрываўся між трыма краінамі. Расійскія ўлады лічаць гэтага Мулявічуса грамадзянінам Беларусі, сам ён настойвае, што з'яўляецца грамадзянінам Літвы, але выслаць яго не могуць — у тым ліку з-за консульскага збору ў 25 еўра, які няма як аплаціць.
Адсядзеў 12 гадоў — і трапіў у новае зняволенне
Рэцыдывіста Мулявічуса ў 2012 годзе асудзіў расійскі суд за забойства на 13 гадоў калоніі строгага рэжыму. Тэрмін ён адбыў цалкам і выйшаў на волю ў лістападзе 2024 года.
Калі замежнік выходзіць на свабоду, яго звычайна дэпартуюць на радзіму — бо навошта крымінальнік Расіі?
У выніку ў той самы дзень, калі Мулявічус выйшаў з калоніі, яго змясцілі ў спецустанову для замежнікаў пад Цвер'ю. З таго часу суд падаўжае тэрмін утрымання зноў і зноў.
Беларусь не пацвярджае, Літва патрабуе апазнанне
Галоўная праблема — у мужчыны няма ніякага дакумента, які сведчыў бы асобу, і незразумела, чыім грамадзянінам ён з'яўляецца.
Беларускія ўлады паведамілі расійскім, што не маюць даных пра прыналежнасць гэтага чалавека да грамадзянства Беларусі — для высвятлення трэба праводзіць асобную працэдуру. Літоўскае пасольства адказала, што ў базах насельніцтва Літвы ёсць запіс пра асобу з супадаючымі данымі, але без фотаздымка пацвердзіць, што гэта той самы чалавек, немагчыма — патрэбна працэдура апазнання.
Сам мужчына тлумачыць, што ён жыў у Беларусі з 1981 года да 1993 года. Пасля перабраўся ў Літву, дзе ў 1994‑м атрымаў пашпарт. Згубіў яго, а пасля пераехаў у Расію, дзе і жыў. І перыядычна сядзеў.
Расійскі суд, аднак, палічыў, што доказаў літоўскага грамадзянства няма, і ў выніку афіцыйна пазначыў яго грамадзянінам Беларусі.
Збор у 25 еўра і банкаўская ізаляцыя
Калі літоўскі бок усё ж выказаў гатоўнасць аформіць пасведчанне на вяртанне, высветлілася, што за яго трэба заплаціць консульскі збор — 25 еўра. Уласных грошай у мужчыны няма. Расійскія ўлады звярнуліся ў пасольства з просьбай выдаць дакумент без аплаты збору з-за цяжкага фінансавага становішча чалавека, але атрымалі адмову: падстаў для вызвалення ад збору няма.
Дадатковая загвоздка — у тым, што, паводле адказу пасольства, збор трэба аплаціць з карты замежнага банка, бо рэквізіты непрыдатныя для расійскіх банкаў. Ва ўмовах адключэння Расіі ад заходняй банкаўскай сістэмы гэта робіць аплату 25 еўра асобнай невырашальнай задачай. Менавіта таму, як вынікае з матэрыялаў, з мая 2025 года расійскі бок наогул перастаў рабіць крокі па справе — проста няма як аплаціць збор.
Тупік: нават з дакументам вывезці няма як
Але нават калі пасведчанне аформяць, узнікае наступная праблема: дакумент дзейнічае ўсяго 15 дзён, і за гэты тэрмін арганізаваць пераезд практычна немагчыма. Прамых рэйсаў з Расіі ў Літву няма праз вайну, якую Расія вядзе ва Украіне, таму ўлады разглядаюць варыянт дэпартацыі праз Калінінград.
Сам мужчына супраць падаўжэння ўтрымання асабліва не пярэчыў — сказаў, што гатовы яшчэ крыху пачакаць, калі будуць рэальныя дзеянні, каб яго нарэшце вывезлі ў Літву, і нават гатовы сам паехаць у пасольства, каб хутчэй аформіць паперы. Блізкіх сваякоў у Расіі ў яго няма, рэгістрацыі таксама; былая жонка і дарослыя дзеці жывуць у Беларусі, але адносіны ён з імі не падтрымлівае.
Апошні раз гісторыя Мулявічуса згадваецца ў расійскіх судовых дакументах у 2025 годзе. Невядома, ці змаглі яго ўсё ж адправіць у Літву.
Каментары