«Гэта добрая рыса, трэба гаварыць». Пазняк пахваліў Макрона за званок Лукашэнку
Ён упэўнены, што заходнім палітыкам варта весці перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, гандлявацца і мяняць санкцыі на вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў. Пра гэта Зянон Пазняк заявіў у эфіры «Белсата».

Кіраўнік руху «Вольная Беларусь» пахваліў прэзідэнта Францыі за званок Аляксандру Лукашэнку. Пазняк назваў гэта «добрай рысай»: «Безумоўна, трэба спатыкацца і гаварыць, а не ставіць сябе ў позу, што ён не легітымны і знаць яго не хачу, таму што ідзе вайна, тут сур'ёзныя справы».
«Калі гэты прадстаўнік Францыі будзе дастаткова разумны і калі ён зможа высветліць нейкую сітуацыю, то гэта будзе карысна. Францыя атрымае нейкую інфармацыю дастаткова дакладную, бо я не думаю, што яны знаюць усю сітуацыю, якая адбываецца. Тое, што Макрон дасылае прадстаўніка, гэта добра. То, што Францыя — ядравая краіна, тое, што пачынаецца такі перамоўны працэс, — гэта ўзмацняе вагу Беларусі ў гэтай вайне. Бо ў гэтай вайне самае важнае — не страціць незалежнасць», — заявіў Пазняк.
Апазіцыянер упэўнены, што з Лукашэнкам варта весці перамовы і варта з ім гандлявацца. У выніку ўсе палітвязні маюць выйсці на волю, а рэпрэсіі — спыніцца. З кожным новым раўндам перамоваў неабходна выстаўляць Мінску новыя ўмовы — так, як робяць амерыканцы. Спачатку было вызваленне і прымусовы вываз палітвязняў за мяжу, потым частку вызваленых усё ж пакінулі ў Беларусі.
Вельмі важна, каб людзі, якія сядзяць у турмах, былі выпушчаныя. Наступнае — абмежаванне рэпрэсіяў, спыненне рэпрэсіяў, потым — інвестыцыі. Амерыка праводзіць паслядоўную палітыку, выгадную Амерыцы і выгадную беларусам», — уважае Пазняк.
Ён даводзіць, што калі ЗША пачнуць укладаць грошы ў Беларусь, то такім чынам займеюць свой інтарэс, а гэта абароніць нашую краіну ад паглынання Расіяй:
«Тое, што ўключылася Амерыка, — зараз Беларусь ёсць палітычным суб'ектам. Для Амерыкі не важна, хто будзе прэзідэнтам, хоць конь, важна, каб была незалежная Беларусь. Для геапалітыкі амерыканскай важна: не павінна тут быць Расея. Тое, што яны прапаноўваюць, каб гандаль пачаўся каліем, то, значыць, яны ўкладаюць свае капіталы. Гэта значыць, будуць інвестыцыі. Там, дзе амерыканскія капіталы, там, дзе іхныя інвестыцыі, там іхныя інтарэсы. І гаспадзіну Пуціну нечага будзе сунуць нос».
Пазняк чакае, што перамовы амерыканцаў з Лукашэнкам працягнуцца, нягледзячы на паўзу. Наўрад ці прычынаю замінкі зрабіліся нейкія патрабаванні Менску, якія не можа выканаць Вашынгтон.
«Лукашэнка ўхапіўся за Трампа, за Амерыку, як за травінку, як за нітачку. Не думайце, што Лукашэнку добра быць пад Пуціным і выконваць яго ўсе пажаданні. Ён тут, як кажуць, варушыцца паміж Пуціным, паміж Амерыкай, паміж Трампам, шукае ён усякія выхады. Але мы ж разумеем, што такое Лукашэнка: калі трэба знішчыць увесь народ, беларусаў ён знішчыць, не задумваючыся, калі трэба выратаваць сваю шкуру», — падсумаваў Зянон Пазняк.
Учора Лукашэнка на саміце ў Астане паведаміў пра званок Макрона, расказаўшы, што размова доўжылася гадзіну і 40 хвілін.
Аляксандр Лукашэнка расказаў пра просьбу з боку французскага прэзідэнта: «Я кажу: «Слухай, ну мы з табой размаўляем — гэта практычна адкрытая сувязь. Пра што мы можам з табой пагаварыць? Пасля Ерэвана ў Маскву ты не прыехаў, у Мінск ты не прыехаў. Пра што гаварыць?» Ён мне кажа: «Спадар Прэзідэнт, вы можаце прыняць маю давераную асобу і з ёй пагаварыць, і каб ён прыехаў і мне ўсё гэта выклаў?»
Лукашэнка, па яго словах, даў на гэта сваю ласкавую згоду: маўляў, калі баіцца прыехаць сам Макрон, то хай будзе хоць прадстаўнік. «Днямі літаральна — у панядзелак-аўторак (не памятаю) — гэты чалавек будзе тут. Не хачу называць яго прозвішча. Ён (Макрон. — НН) назваў каардынаты. І мы з ім (даверанай асобай. — НН) сур'ёзна пагаворым. Гэта яго чалавек, абсалютна давераны, ён у тэме. І я яму выкажу дэталёва ўсе праблемы, якія існуюць».
Каментары