Заканадаўства аб пажарнай бяспецы не забараняе распальваць мангал у дварах жылых дамоў.

«Разводзіць вогнішчы і смажыць шашлыкі на мангале лепш за ўсё ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах у парках і іншых зонах адпачынку. У той жа час заканадаўства аб пажарнай бяспецы не забараняе распальваць мангал у дварах жылых дамоў. Але рабіць гэта трэба, выконваючы пэўныя правілы бяспекі і меры засцярогі», — расказала Мінск-навінам афіцыйная прадстаўніца Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Вольга Мельчанка.
Рэкамендуецца мець пры сабе вядро з вадой або вогнетушыцель, каб у выпадку ўзгарання неадкладна патушыць агонь. Не дапускаецца выкарыстанне лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцяў для распальвання вугалю ў мангале (за выключэннем вадкасцяў, спецыяльна прызначаных для гэтага).
Што датычыцца прыгатавання шашлыкоў на балконе, гэта катэгарычна забаронена.
«Галоўнае — сачыць за іскрамі, бо калі ўзнімецца вецер, яны могуць стаць прычынай пажару. Калі з-за вашага вогнішча будзе нанесена якая-небудзь шкода (загарыцца лаўка або аўтамабіль суседа), адказваць давядзецца паводле ўсёй строгасці закона», — сказала Вольга Мельчанка.
Напрыклад, на тэрыторыі, якая знаходзіцца ў гаспадарчым вядзенні Мінская гарадская лесапаркавая гаспадарка ў сталіцы і Мінскім раёне, абсталявана 187 месцаў для прыгатавання шашлыкоў.
Усе яны размешчаны на берагах вадасховішчаў:
- Мінскае мора: пляжы № 1, 2, 3, 4, 5, 6, 9;
- вадасховішча Дразды: пляжы № 5, 6, 7;
- вадасховішча Крыніца: пляжы № 3, 4;
- Цнянскае вадасховішча: пляжы № 1, 2, 3, 5.
Згодна з артыкулам 16.41 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, штраф за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах складае да 12 базавых велічынь (540 рублёў).
Каментары