Доўгі час заставалася загадкай, як у рэальным жыцці выглядала Ганна Душэўская — перакладчыца, акцёрка і родная сястра архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Яе сапраўдны твар і невядомыя факты біяграфіі адшукаліся толькі цяпер.

Хто такая Ганна Душэўская?
Адукацыя Ганны Душэўскай пачалася ў Віленскай жаночай гімназіі, а ў 1917 годзе яна ўжо вучылася на гісторыка-філалагічным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Гэты лінгвістычны досвед дапамог ёй стаць адной з укладальніц манументальнага «Сямімоўнага слоўніка» (нямецка-польска-расійска-беларуска-літоўска-латышска-яўрэйскага), які пабачыў свет у Лейпцыгу ў 1918 годзе.
Ганна выкладала ў Віленскай беларускай гімназіі і працавала ў дабрачынных таварыствах. Яе артыстычныя здольнасці раскрыліся на сцэне Віленскай беларускай драматычнай дружыны, дзе яна бліскуча грала ў п’есах Францішка Аляхновіча і Уладзіслава Галубка.
Як прафесійная музыка і спявачка (выпускніца Берлінскай кансерваторыі), яна шмат перакладала на беларускую мову іншамоўныя оперы і рамансы — у тым ліку творы Пятра Чайкоўскага і Томаса Мура. Захаваліся і яе ўласныя вершы, а таксама пераклад верша польскага пісьменніка Віктара Гамуліцкага «На Беларусі» (надрукаваны ў газеце «Гоман» у 1918 годзе).
Партрэт у нікабе
Дагэтуль быў вядомы толькі адзін фатаграфічны партрэт, што прыпісваецца Ганне Душэўскай і захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Праўда, на ім твар жанчыны схаваны пад чорным нікабам. Адкрытымі застаюцца толькі вочы, што не дае поўнага ўяўлення пра яе знешнасць.
Улічваючы, што Ганна іграла ў Віленскай беларускай драматычнай дружыне, знаўцы слушна лічаць, што такі экзатычны ўбор на ўсходні манер — гэта не больш чым сцэнічны вобраз.
Знайшоў яе невядомы раней здымак я выпадкова — пішучы артыкул пра тое, як аб Беларусі пісалі на старонках нямецкага друку часоў акупацыі.

У ліпені 1943 года ў прадстаўнічым нямецкім часопісе «Ostland» выйшаў вялікі артыкул Кастуся Езавітава, прысвечаны гісторыі беларускага тэатра. Сярод ілюстрацый быў і жаночы партрэт у беларускім строі, падпісаны па-нямецку «Самая любімая беларуская актрыса пецярбургскай трупы каля 1910 г. Г. Душ-Душэўская» (G. Dusch-Duschewskaja).
Па гэтым подпісе лагічна было падумаць, што гаворка пра Ганну Дуж-Душэўскую, сястру Клаўдзія Дуж-Душэўскага, якая, як мы пісалі ўжо, мела акцёрскі досвед. Але, як паказала глыбейшае вывучэнне здымка з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў, на фота не сястра, а жонка Клаўдзія — Алена. Не да канца ясна, ці Езавітаў пераблытаў дзвюх жанчын з Душэўскіх, ці ініцыял «G.» азначаў варыянт імя Алены — Гэлена.
Высвятленне прыналежнасці здымку запатрабавала вывучэння біяграфіі гэтых дзяячак і тым самым вывела на сапраўдны партрэт Ганны.

Эстонская віза
Шукаючы дадатковыя біяграфічныя звесткі і рэальныя здымкі сястры архітэктара, мы звярнуліся да генеалагічных сайтаў. На партале MyHeritage знайшоўся профіль Anna Duschewskaja (Duševskaja) з фотаздымкам, а таксама датай нараджэння — 1893 год, якая супадала з датай нараджэння нашай гераіні. Поўны доступ да дакументаў быў закрыты без прэміум-падпіскі, якая каштуе неадэкватна дорага, але, на шчасце, профіль дубляваў запісы, выкладзеныя на бясплатным сайце Geni World Family Tree.
Любыя генеалагічныя дрэвы, якія ствараюцца аматарамі, патрабуюць строгай праверкі. Але ў гэтым выпадку аўтары профілю на Geni (відаць, сваякі эстонскай галіны сям'і) прымацавалі да яго лічбавыя копіі дакументаў з Нацыянальнага архіва Эстоніі (фонд ERA.957.16.1152).
Гэта былі матэрыялы эстонскай паліцыі аб выдачы дазволаў на ўезд за лістапад 1921 года. Менавіта на нямецкамоўнай анкеце (Fragebogen) захаваўся пашпартны фотаздымак маладой Ганны Душэўскай.

У дакуменце, запоўненым ад рукі, Ганна пакінула вычарпальныя і вельмі дакладныя звесткі пра сябе:
- Дата і месца нараджэння: 1 снежня 1893 года, Глыбокае Віленскай губерні, Дзісенскі павет.
- Прафесія: Настаўніца (Lehrerin).
- Месца жыхарства: У анкеце яна пазначае адрас у Берліне, на якім жыла з чэрвеня 1921 года: раён Фрыдэнаў, вуліца Ронэбергштрасэ, 2 (Berlin-Friedenau, Ronnebergstr. 2). Вядома, што ў іншы час яна жыла таксама на Filandastr. 36 — такі адрас пакідаў яе брат у сваіх лістах. Менавіта там у яе перыядычна спынялася дзяячка БНР Палута Бадунова.
- Нацыянальнасць і веравызнанне: Беларуска (Weissruthenin), рымска-каталіцкае.
- Грамадзянства: Літоўскае (пашпарт выдадзены ўрадам у Коўне 27 красавіка 1921 г.).
- Мэта паездкі ў Эстонію: Наведаць маці і швагра (мужа сястры) Рудольфа Рэймана.

Эстонскія сваякі
Дакументы з эстонскага архіва раскрываюць таксама біяграфію іншай сястры Душэўскіх — Ядзвігі (1889—1966), якая выйшла замуж за эстонца Рудольфа Ёханеса Рэймана (1884—1946).

Рэйман быў вядомым эстонскім вайскоўцам, які ў 1918 годзе стаў адным з заснавальнікаў нацыянальнага эстонскага войска і фактычным стваральнікам інтэнданцкай службы маладой рэспублікі. Удзельнічаў у Вызваленчай вайне (1918—1920), выкладаў у Вайсковай школе і ўваходзіў у Вайсковую раду. У 1934 годзе Рудольф Рэйман атрымаў званне генерал-маёра. Ён здолеў пазбегнуць савецкіх рэпрэсій і памёр сваёй смерцю ў Таліне ў 1946 годзе.

Ядзвіга Рэйман з Душэўскіх. Фота: ra.ee
У Ядзвігі і Рудольфа нарадзілася дачка Алаізія-Марыя, якая ў замужжы насіла прозвішчы Вырк і Тыік. У міжваенны перыяд з Ядзвігай, мяркуючы па анкеце Ганны, таксама жыла іхняя маці Ева (памерла ў 1930). Як вынікае з біяграфіі Ганны, у 1925—1927 гадах яна таксама жыла ў Таліне разам з сям'ёй Ядзвігі, а ўжо потым перабралася ў Коўна, дзе працавала настаўніцай музыкі.
Цікава, што ў эстонскім архіве захаваўся ліст палкоўніка Рэймана да эстонскай паліцыі ад 15 лістапада 1921 года з просьбай выдаць візу Ганне. У сваім хадайніцтве эстонскі афіцэр апісвае сваячку як «настаўніцу, па нацыянальнасці польку і грамадзянку Польшчы» (rahvuse poolest poolakas ja Poola riigi kodanik). Пры гэтым сама Ганна ў асабістай анкеце, наадварот, ідэнтыфікавала сябе як беларуску з літоўскім пашпартам.
Оперныя арыі ў Вільні
Доўгі час у гістарыяграфіі лічылася, што пасля перыяду жыцця ў Берліне, Таліне і Коўне сляды Ганны Душэўскай канчаткова губляюцца ў канцы 1920‑х гадоў.

Аднак, як выявіў раней літаратуразнавец Ціхан Чарнякевіч, яе творчая дзейнасць працягвалася і ў наступным дзесяцігоддзі. У газеце «Беларускі звон» (№10 за 18 сакавіка 1932 года) была апублікаваная нататка пра вечар памяці Тараса Шаўчэнкі, зладжаны віленскай украінскай калоніяй. У тэксце пазначана:
«На канцэрце выступала беларуская сьпявачка грам. Ганна Душэўская, адэптка Бэрлінскае Консэрваторыі».
Даследчыкамі і энтузіястамі былі выяўленыя і іншыя сведчанні. Так у часопісе «Шлях моладзі» (№4 за 1931 год) паведамлялася пра святкаванне 13‑х угодкаў БНР у Вільні, дзе Ганна дэманструе свае вакальныя таленты:
«Грамадзянка Ганна Душэўская прыгожа прапяяла тры народныя беларускія песьні і арыю з опэры «Гугеноты».
Гэта бясспрэчны доказ таго, што на пачатку 1930‑х гадоў Ганна бывала ці жыла ў Вільні, не выпадала з нацыянальнага культурнага кантэксту і паспяхова выкарыстоўвала сваю нямецкую адукацыю на сцэне.
Дажыла да 1970-х
Як заўважыў гісторык Дзмітрый Дрозд, далейшы лёс Ганны вядомы з пратаколу допыту Клаўдзія Дуж-Душэўскага ад 8 сакавіка 1952 года. На пытанне пра сваякоў архітэктар адказвае:
«У цяперашні час у мяне ў жывых маюцца дзве сястры: Душаўскайце Ганна, дачка Сцепаса, 62—63 гадоў, незамужняя, пражывае ў горадзе Каўнасе, знаходзіцца на маім утрыманні. Да гэтага яна пражывала ў гор. Вільні, працавала настаўніцай…»

Гэта значыць, што Ганна перажыла і савецкую акупацыю, і Другую сусветную вайну. Больш за тое, па звестках, якія былі адшуканыя даследчыцай Аленай Кароўчанкай, Ганна (пад літоўскім імем Ona Duševskaitė) пражыла доўгае жыццё і памерла 8 красавіка 1971 года ў 78 гадоў. Яе сястра Ядзвіга Рэйман таксама перабралася ў Літву і памерла ў 1966 годзе (а не ў Таліне, як лічылася раней).
Сёстры пахаваныя побач са сваім славутым братам Клаўдзіем Дуж-Душэўскім на Петрашунскіх могілках (Petrašiūnų) у Коўне. Там жа спачывае і дачка Ядзвігі — Алаізія-Марыя са сваім мужам Акселем Выркам.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Цалкам згодны: Клаўдзій Душ-Душэўскі толькі стандартызаваў наш ⚪🔴⚪ геральдычны сцяг, якому шмат стагоддзяў. Пры гэтым адразу бачна цудоўную працу адукаванага архітэктара, які разумеў прынцыпы дызайну. Сучасная геральдыка "valeta" выглядае як македонскі салат — яе прафаны рабілі і замаўлялі